Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Ты пакуль тут, а некаторыя дактары, якія цябе лекавалі, пасьпелі, як кажуць японцы, памяняць сьветы. Але гэта хісткае суцяшэньне: мо якраз яны, ужо адсутныя, і здолелі б выбавіць цябе з вартаванай болем мэтафізычнай вальеры, што почасту сьціскаецца да памераў клеткі.
Пра тых, хто змагаўся за тваё вызваленьне, ты ўжо можаш напісаць прыстойную кнігу, поўную любові і ўдзячнасьці, захапленьня й расчараваньня, зьедлівасьці й пагарды.
Сярод яе пэрсанажаў прысутнічаў бы доктар, які ставіў цябе на ногі так натхнёна, што праз колькі месяцаў ягоныя калегі ўсё ж здолелі выратаваць цябе ад вынікаў лекаваньня. Затое Бог шчодра надзяліў згаданага спэцыяліста талентам красамоўцы. Ён называў хваробу драмай у дзьвюх дзеях, зь якіх першая разыгрываецца ў нашых істотах у глыбокай цемры, без усялякага намёку на бяду, і толькі ў другой пачынаюць запальвацца сьвечкі, вястункі пажару, патушыць які падчас бывае немагчыма.
Паміж тваіх лекараў былі прафэсары, дацэнты, таленавітыя практыкі і ня менш таленавітыя хлусы і круцялі. Адзін доктар апрача клясычнае акупунктуры глыбока разьбіраўся ў клясычнай кітайскай філязофіі. У кабінэце другога зь нямецкамоўнымі трактатамі пра піеланэфрыты і нэфрасклерозы суседнічалі на кніжнай паліцы «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Ладзьдзя роспачы». Трэці найлепей знаўся не ў мікробах, зь якімі яму выпала доля змагацца, а ў конях і спартоўках, што выяжджалі на манэж. (За своеасаблівую індульгенцыю эскуляп меў выслоўе пра тое, што мэдыцына, паводле дакладнасьці, ідзе ўсьлед за тэалёгіяй.) Чацьверты лічыў абавязкам падрабязна знаёміць цябе з букетам уласных хваробаў, што, на шчасьце, не заміналі яму цешыцца цэлым суквецьцем каханак, пра якіх ён распавядаў гэтаксама ахвотна й дэталёва. Пяты дасягаў пэўнага псыхатэрапэўтычнага эфэкту тым, што выдаваў табе белы халат і браў з сабою на абход палатаў зь безнадзейнымі пацыентамі. Шосты бліскуча абвяргаў назіраньне Мантэня пра тое, што хмурны доктар не дасягне ў сваім рамястве аніякага посьпеху...
Сьветач лазэрнай хірургіі расказваў табе, як апэраваў у замежжы, дзе меў пашану ад калегаў і вучняў, што ўзахапы запрашалі яго на гасьціны ды вазілі па сваёй цудоўнай горнай краіне на мяжы славянскага сьвету. Расказваў, як цешыўся прафэсійным прызнаньнем і гасьціннасьцю гаспадароў, і як аднойчы ягоная радасьць умомант сьцьмела, калі ў застоліцы ў яго запыталіся, ці праўда, што Беларусь — адзіная славянская краіна, дзе народ не гаворыць на сваёй мове...
Дактары, а, бывала, і доктаркі мацалі й цягалі цябе за розныя органы, калолі, прагравалі, масажавалі, зрэдзьчас выпівалі з табой і зноў цягалі, калолі і прамывалі. Табе ставілі магніты, іголкі і п’явак, дзякуючы чаму ты пераканаўся, што нелюбёны табой у дзяцінстве Дурымар — насамрэч герой ня менш станоўчы за доктара Айбаліта.
Ты выслухоўваў новыя й новыя дыягназы, іншым разам падобныя да прысудаў, і ўсё глыбей пераконваўся, што самы небясьпечны доктар — доктар без пачуцьця гумару.
З кім жыць, як няма мікробаў
Ёсьць гумар сьветлы і чорны. Габрэйскі і армейскі. Адэскі і ангельскі. Ёсьць гумар шыбенікаў.
А ёсьць гумар мэдыкаў.
Доктар, якому тутэйшыя пацыенты чамусьці любілі прыносіць у якасьці ганарару пушкі цукерак, эмігруе ў ЗША, адчыняе прыватны кабінэт на Брайтанбіч і чапляе на дзьвярах абвестку: «Конфет доктор не пьёт».
Колькі разоў прагледзеўшы вынікі тваіх аналізаў, загадчык лябараторыі задуменна падыходзіць да вакна й пачынае няпростую размову: «Вы ведаеце, у кожнага мэдыка ёсьць свае маленькія могілкі...»
На знак павагі да пацыента зь велізарным стажам дырэктар дыягнастычнага цэнтру пасьля прыёму прапануе табе наведаць іхнюю саўну, але толькі пры ўмове, што ў парыльню ты на ўсялякі выпадак возьмеш мабілку. Саўна сустракае цябе густоўна выразанай на дрэве высновай шматгадовых дыягнастычных экспэрымэнтаў: «Мёртвыя не пацеюць». Ты лагодзісься ў парыльні на пару з мабілкай, разважаючы над тым, каго хацеў бы бачыць зараз на яе месцы, і раптам твая «Nokia» ажывае. Клапатлівы голас доктара пытаецца: «Спадар Арлоў, вы ўспацелі?»
Паведаміўшы, што ў тваім арганізьме ня знойдзена аніякіх інфэкцыяў, прафэсар заўважае, што радавацца з гэтае прычыны не выпадае. У адказ на твой устрывожаны позірк сьвяціла айчыннае ўралёгіі тонам амаль трагічнага гучаньня канкрэтызуе: «З кім цяпер будзеце жыць?»
Ты выбіраеш Дыяну
Сынонімаў да слова «доктар» (з улікам літаратурных герояў кшталту Пілюлькіна) можна назьбіраць дзясяткі два. Мэдсёстры ў гэтым сэнсе незаслужана пакрыўджаныя. А між тым бязь іх, сястрычак, мэдыцына даўно ляснулася б.
Яны спрытна робяць уколы і зь любасьцю ставяць клізмы. Увечары яны супакойваюць безнадзейных хворых, а ўначы зачыняюцца з надзейнымі лекарамі ў працэдурных і ардынатарскіх. Яны зазіраюць у палату, каб пераканацца, што ты яшчэ жывы, і просяць пачытаць новую кніжку Фрэдэрыка Бэгбэдэра. Яны становяцца гераінямі бальнічных раманаў і крымінальных гісторыяў.
Танклявая краля Марына перад тым, як ушпіліць табе новую порцыю нібыта карыснага зельля, скардзіцца, што муж вінаваціць яе за худзізну і тыднямі не выконвае сваіх мужчынскіх абавязкаў. Дакладней, як яна падазрае, гэтыя абавязкі выконваюцца дзесьці ня дома. Ты даеш Марыне сяброўскую параду аддзячыць няверніку тым самым. Сястрычка кажа: страшна. Кожны другі — хворы. Магчыма, яна чакае ад цябе нейкай дапамогі. Ты няўпэўнена кажаш пра гумкі. Але, па-першае, яна, Марына, з гумкай нічога не адчувае. А па-другое, гумкі не даюць ніякай гарантыі. Ты маладушна ўстрымліваесься ад іншых парадаў і падстаўляеш сястрычцы сколаты шпрыцамі азадак колераў украінскага нацыянальнага сьцягу.
Нябеснавокая Дыяна, ставячы табе кропельніцу, папярэджвае, што ляжаць пад ёй (кропельніцай) ты будзеш гадзіну. Калі роўна праз гадзіну сястрычка вяртаецца, бутлік зь лекамі разьвітваецца з апошняй кропляю.
Вішнёвавокая Мілана таксама абяцае гадзіну «кайфу», аднак ейнай кропельніцы можа хапіць і на пяцьдзясят, і на семдзесят хвілінаў.
Нэфрытававокая Жана, пакідаючы цябе з уторкнутай у вену іголкай, ня кажа нічога, і, калі лекі сканчаюцца, мусіш націскаць на гузік выкліку мэдпэрсаналу.