Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Жана прыгажэйшая за Дыяну, а Мілана — за Жану, аднак у выпадку чаго ты выбраў бы Дыяну. Табе даспадобы жанчыны, якія адчуваюць час: ня позьняцца і не прыходзяць раней. Нават калі гаворка ідзе пра кропельніцу.

Але, паколькі згадаліся вочы сястрычак, самы дарагі твой успамін — зялёныя, засяроджана-сумныя вочы дзяўчыны, што брала ў цябе кроў на адзін адмысловы аналіз у анкалягічным дыспансэры, і — тыя самыя, толькі ўжо зіхотка-зыркія, з бурштынавымі іскрынкамі, — калі яна паведамляла табе, што вынік адмоўны. Табе дасюль хочацца ўбачыць тыя іскрынкі блізка-блізка. Трэба адно зайсьці ў анкалягічны дыспансэр...

Сіротка Надзя

Калісьці ты ведаў шэравокую, падобную да дробнай кошкі ці да буйной мышкі мэдсястру, якая не пасьпела зрабіць табе ніводнага аналізу і ўколу, бо ў адваротным выпадку тваё жыцьцё магло б скласьціся зусім іначай, а магчыма, і наагул сьціснуцца ў працяжнік паміж дзьвюма датамі на помніку.

Гісторыю сястрычкі з цудоўным імем Надзея расказаў табе знаёмы загадчык аддзяленьня, куды мышка прыйшла працаваць пасьля мэдвучэльні.

Надзея гадавалася бяз мамінае ласкі ў дзіцячым доме і, відаць, таму асабліва гарнулася да хворых кабетаў, зь якімі любіла весьці ціхія шчырыя размовы. Адной пацыентцы Надзея з расінкамі на дрыготкіх вейках параіла перадаць дзецям, каб не насілі ў больніцу памаранчыкі, а ашчаджалі грошы на блізкія маміны хаўтуры. Другая жанчынка ўведала ад Надзеі, што ў яе, хворай, у нырках ніякія не камяні, а самы сапраўдны рак на апошняй стадыі. Трэцяя пасьля размовы з мышкаю ў гістэрыцы прыбегла да загадчыка аддзяленьня.

Той наважыў дзейнічаць абачліва і правёў атэстацыю сярэдняга пэрсаналу. Надзейцы намякнулі, што пра яе даверлівыя гутаркі з хворымі сталася вядома. Далейшыя падзеі разгортваліся зь неверагоднай імклівасьцю і пеніліся шэксьпіраўскімі жарсьцямі.

Ужо назаўтра пасьля атэстацыі загадчык аддзяленьня, скінуўшы ў канцы працы больнічныя тэпці і ўсунуўшы ногі ў чаравікі, закрычаў ад болю. Нечыя клапатлівыя ручкі паклалі ў кожны чаравік па градусьніку.

Не пасьпелі ў доктара загаіцца ногі, як яго напаткала новая страшная неспадзяванка. Загадчык уласнаручна рабіў высокапастаўленаму пацыенту прамываньне мачавога пухіра антысэптыкам. Працэдура толькі пачалася, як пацыент з вусьцішным ёкатам ускочыў з кушэткі і, крышачы ўсё на сваім шляху, рынуўся прэч. Адно велізарны досьвед дапамог доктару хутка зразумець, што замест прэпарату срэбра ён запампаваў хвораму падрыхтаваны руплівай сястрычкаю ёд такога самага колеру.

Назаўтра, калі з палаты для VIP-пэрсонаў яшчэ чуліся енкі ледзьве адратаванай ахвяры, загадчыка аддзяленьня выклікалі да начмэда больніцы, якому пераслалі зь Міністэрства аховы здароўя напісаны круглявым жаночым почыркам ліст на пяці старонках. Адтуль твой знаёмы даведаўся пра запаветную мару дзятдомаўкі Надзейкі лекаваць людзей і пра тое, якія нечалавечыя выпрабаваньні чакалі сіротку на жыцьцёвай пуцявіне. Самым жудасным была сустрэча зь ім, доктарам, што ў першы ж дзень, паказаўшы юнай мэдсястрычцы аддзяленьне, дзе зьдзейсьняцца яе мроі, бесцырымонна й груба авалодаў ёю на гінэкалягічным крэсьле. З таго часу Надзеіна праца ператварылася ў сэксуальнае рабства, ад якога не было паратунку, ты перапрашаеш, і ў чырвоныя дні ейнага жаночага календара, калі монстар у белым халаце ўсё роўна вымагаў наталяць свой юр нялюдзкім замежным спосабам.

Твой знаёмы цяпер кіруе аддзяленьнем у іншым горадзе. Як склаўся лёс сіроткі Надзеі, невядома, аднак ты не выключаеш, што яна працягвае адхаджваць хворых у мэдустановах шматпакутнай Бацькаўшчыны і, можа, якраз у гэтую хвіліну рыхтуе які-небудзь эфэктыўны прэпарат для ўколу або прамываньня.

Назаву цябе Зінаіда

Калісьці хваробы прыходзілі й адыходзілі, а цяпер — зьмяняюць адна адну. Зграбна сфармуляваў Адам Глёбус. Але гэта сказана не пра цябе.

Ты б дорага заплаціў, каб на зьмену адной немачы сапраўды прыходзіла іншая. Ты б даваў ім свойскія і экзатычныя жаночыя імёны, пяшчотныя й трошкі паблажлівыя мянушкі ды мянушачкі. Ты размаўляў бы з кожнай: ураньні — просячы быць да цябе лагоднай, увечары — угаворваючы падараваць калі не сваю пяшчоту, дык, прынамсі, літасьць. Потым надыходзіў бы момант разьвітаньня: бязь лішняга шкадаваньня і нават з захаваньнем сяброўства; калі б нейкай зь іх заманулася вярнуцца, ты б ужо ведаў, на што яна здатная і як зь ёю паводзіцца.

Але ты стаўся абраньнікам адной-адзінай хворасьці і, толькі пазнаёміўшыся зь ёю, адразу чамусьці вырашыў: назаву цябе Зінаіда. Ты б і рады быў здрадзіць уладальніцы гэткага сур’ёзнага й файнага імя зь якой-небудзь ангінаю, аднак Зінаіда, паслаўшы ўсіх суперніц на сухі лес ці куды далей, узялася за тваю істоту як сьлед.

Ды хопіць пра тое, бо Антон Чэхаў — і як мэдык, і як двойчы твой калега, пісьменьнік і хворы, — цалкам слушна заўважыў, што чалавек любіць пагаварыць пра свае немачы, а гэта ў ягоным жыцьці самае нецікавае.

Праўда, ты гаворыш аб адной-аднюткай тваёй спадарожніцы і таму дазваляеш сабе адзначыць, што толькі дзякуючы ёй ты зразумеў словы Камю пра хваробу ня толькі як крыж, але і як апірышча. Сапраўды, яе можна зрабіць прытулкам, які надае моцы.

Самыя здаровыя ў сьвеце

Так казалі пра савецкіх хворых, што было сьвятой праўдай.

Некалі расейскі пісьменьнік і былы лягернік Леў Разгон апавядаў табе, як францускі перакладчык распытваў у яго пра жыцьцё ў ГУЛАГу. У прыватнасьці пра тое, на чым ён, Разгон, прымудраўся ў тых умовах пісаць. На чым давядзецца, адказаў калега. «Божа мой! — жахнуўся француз. — Вы пісалі на туалетнай паперы!»

Прыкладна такія ўяўленьні мелі яны і пра савецкія больніцы. Ты ведаеш пару вясёлых гісторыяў пра іншаземцаў, што ў часы перабудовы, неабачліва адарваўшыся ад родных палестынаў, патрапілі ў нашыя мэдустановы. Але няхай гэтыя жахалкі ўвасабляюцца ў мастацкіх творах за заходнімі рубяжамі тваёй краіны. Табе хопіць і суайчыньнікаў зь іхняй атрыманай у савецкіх шпіталях загартоўкаю, што нярэдка дапамагае дацягнуць да выпіскі і ў сувэрэннай Беларусі.

Калі б ты задумаў прысьвяціць кнігу ня толькі дактарам, але і хворым, то абавязкова зарэзэрваваў бы там месца электрамэханіку Сярогу, жыцьцярадаснаму хлапцу, які ў сваім бясхмарным чэрвеньскім юнацтве загнаў пад скуру ў прычынным месцы чатыры шпрыцы парафіну.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: