Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Нядаўна прэса прадказала, што белыя ў францускай сталіцы могуць апынуцца ў меншасьці ўжо ў наступным стагодзьдзі. Футуролягі, відавочна, суцяшалі сябе. На берагах Сэны прагноз спраўдзіцца, як сёньня выглядае, праз пару дзесяцігодзьдзяў.
* * *
На плён хваравітай фантазіі інжынэра Эйфэля ты ўпершыню ўважліва глядзіш ад заваленага кветкамі мэмарыяльнага знаку ля тунэлю, дзе скончылася апошняя паездка прынцэсы Дыяны. (У такім месцы з сумам прыгадваюцца беларускія манархісты, што азваліся былі на пачатку 1990-х ды недзе запаветрылі — а няхай бы знайшлі якога спадкаемца трону ды аздаблялі палітычную палітру, падтрымліваючы гаспадара вялікага дому на вуліцы Карла Маркса або далучаючыся ў выглядзе плюсу да апазыцыйных блёкаў і кааліцыяў.)
Сказаць пра Эйфэлеву вежу што-небудзь новае ты ня здатны, бо проста лянуесься напружваць уяўленьне. Нічым асаблівым цыкляпічная жалязяка цябе не кранае.
З усіх ранейшых параўнаньняў табе даспадобы тры. Аляксандар Дзюма-сын неяк назваў гэтую спаруду відэльцам для вустрыцаў. Мапасан выказаўся больш ляпідарна: «Брыдота», — і сем разоў мяняў парыскія кватэры, бо зьненавіджаная вежа паўсюль лезла ў вокны. Аднойчы сябры сустрэлі пісьменьніка з бутэлькаю ў руцэ на самой «брыдоце». Гэта адзінае месца, адкуль яе не відаць, патлумачыў аўтар «Пышкі», і зь ім можна пагадзіцца.
Самы лірычны быў Гіём Апалінэр, якому вежа нагадала жаночую панчоху. Здаецца, паэт крыху схібіў: больш дакладным атрымалася б параўнаньне з абцягнутай гэтай панчохаю жаночай ножкай.
* * *
Каб падняцца на Эйфэлеву вежу пешкі, мусіш пераадолець 1789 прыступак. Лічба нагадвае пра дату пачатку Францускае рэвалюцыі, а таксама пра тваю нядоўгую пэдагагічную кар’еру й колішняга вучня Лёшу Марозава, што на ўроку гісторыі ўсяго адзін раз падняў руку — ня дзеля таго, каб папрасіцца ў прыбіральню (дзе ён зь пятае клясы курыў і жлукціў піва), а каб выйсьці да дошкі й захоплена расказаць, як Шарлёта Кардэ, якую Лёша называў проста «гэтай чувіхай», зарэзала ў ваньне Марата (яго твой вучань у сваім эмацыйным адказе пагардліва менаваў «дахляком»).
Ты таксама цікавісься падзеямі Францускай рэвалюцыі, але не настолькі, каб самастойна пералічваць усе прыступкі.
Ліфт выпускае цябе на верхняй пляцоўцы, і твая загартаваная душа зьнячэўку заходзіцца ад захапленьня. Адсюль у раньнім вечаровым сутоньні Парыж выглядае бясконцым белым горадам. Амаль да самага далягляду цягнуцца сотні й сотні белых кварталаў. Колер насамрэч ня чыста белы, а як бы стамлёны, прыцярушаны пылам часу. Здаецца, што ў гэтую хвіліну ў шэрым небе над змораным за дзень горадам цалкам натуральна выглядала б чародка анёлаў з такімі самымі шаравата-белымі стамлёнымі крыламі.
* * *
Колькі лухты панапісвалі пра Парыж! Уладзімер Маякоўскі, напрыклад (нібыта з іроніяй, але разам з тым і з уласьцівым расейцам — ужо на генным узроўні — запабяганьнем перад замежжам), прыйшоў да высновы, што «даже тиф здесь и то шикарней: парижане его приобретают от устриц». Прыгадваецца, што нехта з расейскіх літаратараў-эмігрантаў лічыў больш «шикарными» й ганаровымі нават пранцы, набытыя не ад айчынных, а ад парыскіх «блядей».
* * *
У той самай залі Люўру, дзе густы натоўп таўчэцца каля «Джаконды», вісяць карціны Сальваторэ Розы. Заля з арыгінальнымі палотнамі гэтага майстра магла б быць і ў карціннай галерэі твайго Полацку. Некалі Розавы «Сьвятая Тройца», «Сабор сьвятых пакутніц» і «Ўкаменаваньне сьвятога Стэфана» аздаблялі полацкі храм у гонар гэтага першапакутніка.
«Укаменаваньне», цэнтральны алтарны вобраз, было вынесенае зь перададзенага праваслаўным сабору і пачало блуканьні па пакутах за часамі япіскапа Савы Ціхамірава, кінутага на Полацкую япархію «в подкрепление». Уладыка ісьцінна праваслаўнага расейскага разьліву выславіўся паленьнем вуніяцкай скульптуры ды загадам расьпілоўваць на грэка-каталіцкіх укрыжаваньнях Збавіцелевы ногі, «богомерзко» прыбітыя не двума, а адным цьвіком.
О, нязгаснае сьвятло найправаслаўнейшай веры!
* * *
Некалі ты чуў гісторыю, як два савецкія дыпляматы, выгодна ўладкаваўшыся, ехалі ў парыскім мэтро і, убачыўшы пасажырку нестандартных памераў, вырашылі прадэманстраваць выхаванасьць. «Давай уступим корове место», — прапанаваў адзін другому. «Корова благодарит», — на чысьцюткай расейскай мове адказала негабарытная пасажырка.
У гэтым, апетым Картасарам мэтро, ты стаў сьведкам іншае сцэнкі. Манумэнтальная парыжанка пудоў на сем-восем сутыкнулася ў дзьвярах вагону з далікатным субтыльным мурынчыкам у гарнітуры-тройцы, што ня проста ня здолеў выйсьці, а, пераляцеўшы праход, пляснуўся разам з сваім гэткім самым субтыльным партфэльчыкам назад на крэсла. Да наступнае станцыі небарака ўвесь час ветліва абураўся, паказваючы на пабітае калена. Парыжанка, замілавана нахіліўшы галаву, паблажліва слухала, а калі мурынчык асьцярожліва рушыў да выхаду, праводзіла яго задушэўнымі словамі: «Ничего, на вас всё как на котах заживает».
* * *
Апроч усіх іншых прычынаў для нацыянальнага гонару французы могуць назваць і такую спэцыфічную, як эўрапейскае лідэрства ў колькасьці ВІЧ-інфікаваных на тысячу жыхароў. З гэтае нагоды ў міжнародны дзень змаганьня з СНІДам энтузіясты нацягнулі гіганцкі кандом на славуты Люксорскі абэліск, які за трыццаць тры стагодзьдзі сваёй гісторыі, магчыма, упершыню адчуў сябе фаласам.
Добра вырабляць падобныя штукі, маючы сярэднямесячны заробак пад 2000 эўра, скажа твой суайчыньнік. Пакуль у яго столькі выходзіць у лепшым разе за год, усе менскія абэліскі будуць стаяць без апраткі — хапіла б на тое, што нацягваеш сабе самому.