Уладзімір Арлоў
Шрифт:
* * *
Гай Пліні Сэкунд слушна зазначыў, што няма ў сьвеце месца, дзе б не пілі. Але ў Парыжы ты прасякаесься асаблівай адказнасьцю за тое, што й дзеля чаго п’еш.
Белае віно — дзеля наталеньня смагі, чырвонае — дзеля асалоды, ружовае — дзеля каханьня.
Увечары заходзіш у краму каля гатэлю й бярэш адразу белае, чырвонае й ружовае.
Ты разумееш, што твой гатэль ня ў самай фэшэнэбэльнай акрузе, але ўсё ж ня ў Афрыцы, а, тым ня менш, у вялікай краме, калі не лічыць цябе, няма ніводнага белага чалавека. Таму дзеля супакою й душэўнай раўнавагі апрача круглых пушачак з рознымі гатункамі камамбэру бярэш у запас другую бутэльку бардо, яшчэ не здагадваючыся, што на яе ўзьнікнуць нечаканыя прэтэндэнты.
* * *
Прыяжджаючы з Правансу, Іван Бунін жыў вось у гэтым нічым асабліва не адметным доме, куды хутка знайшоў дарогу, заявіўшыся пасьля Другой сусьветнай вайны ў Парыж, савецкі пісьменьнік Сіманаў, што меў на мэце ўгаварыць нобэлеўскага ляўрэата вярнуцца ў родныя палестыны. Той, кажуць, неўзабаве згадзіўся, і з фантастычнай хуткасьцю былі аформленыя дакумэнты на выезд.
Сіманаў задаволена паціраў рукі, аднак Бунін, ужо седзячы на валізах, усё сапсаваў. Аднойчы савецкі візытант, што паводзіўся ў кватэры Буніных амаль па-гаспадарску, глынуў каньячку і ціхамірна хрумстаў смажанай жабінай лапкай. І тут гаспадар раптам ні з чога ні зь якога пытаецца: «Скажыце мне, паважаны, ці праўда, што ў вас у Савецкім Саюзе слова «Бог» пішацца з малой літары?» А Сіманаў, заместа таго, каб суцешыць мэтра, зусім страціў пад чаркаю бальшавіцкую пільнасьць: «Хіба ж гэта, дарагі Іван Аляксеевіч, самае прынцыповае? Мы вось фашыстаў разграмілі…» Тады Бунін яму: «Ну, калі ня самае прынцыповае, то ішлі б вы, дарагі Канстанцін Міхайлавіч…» І сказаў — куды.
Так Сіманаў з Божай дапамогаю заваліў адказнае заданьне партыі і ўраду.
* * *
Хто самы славуты з французаў? Жанна д’Арк? Вальтэр? Генэрал дэ Голь? Віктор Гюго, які спадзяваўся, што пасьля яго сьмерці Парыж назавуць ягоным імем? Напалеон, што знайшоў апошні прыстанак у саборы Інвалідаў, дзе саркафаг з чырвонага парфіру змушае кожнага наведніка пакланіцца, бо стаіць ніжэй за ровень падлогі?
А можа, на лаўры найславуцейшага з французаў, няхай сабе й крыху апасродкавана, мае падставы прэтэндаваць Жазэф Ігнас Гільятэн? Здольны мэдык, якога рэвалюцыйныя віхуры ўцягнулі ў палітыку, вырашыў ашчасьлівіць Айчыну, а за адным разам і ўсё чалавецтва дзівоснай машынаю, якая зрабіла б роўнымі жабрака й караля.
Палячы да сьвітаньня сьвечкі ў кабінэце, засынаючы над відарысамі і разьлікамі, дэпутат Устаноўчага сходу мэсье Гільятэн няўхільна рухаўся да мэты. Важная роля ў зьдзяйсьненьні грандыёзнай гуманнай задумы належала прыяцелю дабрачынца Шарлю Сансону, спадчыннаму к'aту францускай сталіцы. Пасьля доўгіх плённых размоваў яны зазвычай музыцыявалі дуэтам: доктар нядрэнна граў на клявэсіне, а ягоны ў нейкім сэнсе калега — на скрыпцы.
Нарэшце надышоў зорны час Жазэфа Гільятэна: ён выступіў перад дэпутатамі з натхнёнай прамоваю пра дэмакратызацыю сьмяротнага пакараньня. Хіба гэта не абуральна, што злачынцаў з народу вешаюць, паляць або чвартуюць і толькі дваранам высакародна адцінаюць галаву мячом? Устаноўчы сход пачуў, што ўжо гатовы праект дэмакратызатара — «незвычайнага мэханізму, які дазволіць імгненна і абсалютна бяз болю аддзяляць галаву ад тулава».
Самае цікавае было наперадзе. Над манархіяй навісла сьмяротная пагроза, але фармальна законапраекты яшчэ вымагалі каралеўскай ухвалы. Падчас сустрэчы Гільятэна зь Люі XVI той у амаль ужо пустым Вэрсалі мэлянхалічна заўважыў, што вынаходка яму падабаецца, аднак, паколькі шыі ў людзей розныя, паўкруглае лязо машыны лепей замяніць на косае. Прапанову прынялі, і праз колькі месяцаў яго вялікасьць займеў выдатную магчымасьць спраўдзіць карыснасьць свайго ўдасканаленьня на ўласнай нестандартнай шыі.
Газэты назвалі відовішча «зьліцьцём мадам Гільятыны з каралём Францыі». Новае слова ўжо заваявала трывалае месца ў нацыянальным лексыконе, імкліва ўваходзячы ў слоўнікі іншых моваў, а сама «дзівосная машына» зрабілася галоўнай дзейнай асобаю рэвалюцыйнай драмы.
Стаіш пасярод пляцу Згоды, на які некалі скаціліся паўтары тысячы галоваў, пазіраеш на эрэкцыю ўжо вызваленага ад кандому Люксорскага абэліску (кароль Люі Філіп паставіў яго тут якраз каб сьцерці памяць пра згаданыя вышэй 1,5 тысячы галоваў), углядаесься ў твары парыжанак і думаеш, што яшчэ іхнія прабабкі маглі насіць зграбныя гільятынкі ў сваіх далікатных вушках. Як сьведчаць дакумэнты, мода была ледзь не пагалоўнай. Завушніцы мелі форму самога рэвалюцыйнага прыстасаваньня, а падвескі ўяўлялі сабой адсечаную галаву ў кошыку. Кулінары выпякалі да сьвятаў тарты-гільятыны. Незвычайную папулярнасьць атрымалі духі «Парфум дэ Гільятэн».
За гады Францускай рэвалюцыі 40-кіляграмовая сякера гільятыны сустрэлася з болей чым 15 тысячамі шыяў. Машына доктара-гуманіста і потым доўга служыла чалавецтву. Цёпла ставіўся да яе, напрыклад, Гітлер, які адправіў на спатканьне з «мадам» блізу 20 тысяч несымпатычных яму сучасьнікаў.
Самому доктару Гільятэну не пашчасьціла: ён памёр ад банальнага карбункулу, але пры канцы жыцьця пасьпеў зьвярнуцца з прашэньнем пра перайменаваньне сваёй вынаходкі. Улады напалеонаўскай Францыі просьбу адхілілі: Радзіма павінна ведаць яе герояў.
* * *
На набярэжнай Сэны дастаеш з кайстры і на тле сабору Парыскай Божай Маці ставіш на парапэт зялёную бутэльку бардо. Адступаеш на колькі крокаў, каб ацаніць кампазыцыю, і тут да твайго віна імкліва набліжаюцца два смуглыя, але, мяркуючы па лёгкім адзеньні, загартаваныя парыжаніны. Ты апынаесься каля бутэлькі першы і чамусьці бярэш яе за рыльца. Прыемны цяжар надае ўпэўненасьці ў найбліжэйшай будучыні.
Тубыльцы зьлёгку нэрвуюцца й чакаюць працягу, хутчэй за ўсё — пачосткі, але якраз да дабрачыннасьці ты ў дадзенай сытуацыі схільны найменш. Маўчаньне здоўжваецца, робячыся напятым. Трэба выйграць час, і інтуіцыя кліча на дапамогу родную паэзію.