Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Старшыня рады БНФ разам з паэтам і бардам вылазяць праз вакенца на дах. Паэтаў сябра і аўтар сядзяць, прыкрываючы тыл, на гарышчы. Карэспандэнтка застаецца ўнізе перад будынкам.
Бальшавіцкі сьцяг паўзе долу. Карэспандэнтка фіксуе гістарычную падзею ў нататніку. Пад’яжджае варанок з нарадам міліцыянтаў, якія кідаюцца да карэспандэнткі.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Где здесь поднимают фашистское знамя?
КАРЭСПАНДЭНТКА (з усьмешкай). Гэта не фашысцкае «знамя», а наш Дзяржаўны сьцяг. Яго прыняла сэсія Вярхоўнага Савету...
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (яўна паўтараючы нечыя словы). Как приняла, так и отнимет.
З партатыўнае рацыі на плячы ў старшыны чуецца: «Доложите обстановку!»
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (паглядзеўшы ўгару, усьцешана). Докладываю: их всего двое.
Пад’яжджае яшчэ адна міліцэйская машына і аўтамабіль зь людзьмі ў цывільным. Усе глядзяць угару. Над будынкам на асноведзі навальнічнага неба ўздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг.
3-Я ДЗЕЯ
З ганку бадзёра сыходзяць чацьвёра тых, што былі на гарышчы й на даху. Паэт і бард ідзе, паклаўшы рукі на патыліцу, у запазусе ў яго — зьняты «флаг» БССР.
СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (да першага міліцыянта). Віншую з узьняцьцем Дзяржаўнага сьцягу!
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (не пасьпявае, як астатнія, схаваць рукі за сьпіну й зьбянтэжана адказвае на поціск). Там посмотрим... (Перахоплівае ўважлівы позірк падпалкоўніка і зусім ніякавее.)
СЯБРА ПАЭТА I БАРДА. Віншуем вас, таварыш падпалкоўнік!
ПАДПАЛКОЎНІК (зь велізарным задавальненьнем загнаў бы нацыяналістаў у варанок, але цяпер ня ведае, што рабіць, і, мабыць, моўчкі кляне сэсію й дэпутатаў). Отойдите, у нас служебный разговор.
КАРЭСПАНДЭНТКА (да першага міліцыянта). Калі ласка, вашае прозьвішча для гісторыі.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Пожалуйста: старшина Кащеев.
Нацыяналісты вясёла й шматзначна пераглядаюцца.
КАРЭСПАНДЭНТКА. Кашчэеў...
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (зазіраючы ёй цераз плячо). Кащеев — через «о».
КАРЭСПАНДЭНТКА. Я па-беларуску пішу.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. А вы поправьте, чтобы правильно было.
«Доложите обстановку!» — зноў хрыпіць у яго на плячы рацыя.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Докладываю: обстановка в целом дружелюбная.
Адчыняюцца дзьверы гарсавету. Углыбіні відзён тав. Камароў. Яўна на ягоны загад да ўдзельнікаў урачыстага ўзьняцьця сьцягу подбегам кіруецца бабуля-вахцёрка.
ВАХЦЁРКА (задыхана). Где наше знамя?
ПАЭТ I БАРД. А вось. (Выцягвае з запазухі сярпаста-малаткасты «флаг».)
ВАХЦЁРКА. Отдавайте имущество. (Учэпіста хапае «флаг», гэтаксама подбегам вяртаецца ў будынак гарсавету і зь сярэдзіны зачыняе дзьверы на засаўку.)
Удзельнікі ўзыходжаньня на дах прапануюць падпалкоўніку скласьці пратакол. Таму гэтая ідэя відавочна падабаецца, але абсурднасьць сытуацыі разумее нават ён.
ПАДПАЛКОЎНІК. Отойдите, у нас служебный разговор.
ПАЭТ I БАРД (падступна). Таварыш падпалкоўнік, а які ў вас сьцяг над аддзелам?
ПАДПАЛКОЎНІК (зьнячэўлена). Пока никакого.
ПАЭТ I БАРД. Зараз мы вам дамо новы, у нас яшчэ ёсьць.
ПАДПАЛКОЎНІК (не чакаючы небясьпечнага падарунка, хутка сядае ў машыну). В отдел!
Усьлед за падпалкоўнікам ад’яжджае аўтамабіль з маўклівымі людзьмі ў цывільным, потым — дзяжурны варанок. На пустым пляцы перад будынкам застаюцца пяцёра тых, з каго пачыналася дзеяньне. Адчуваецца, што ўсіх мучае смага.
У выпадку сцэнічнага ўвасабленьня можа гучаць нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...»
Над гарсаветам лунае бел-чырвона-белы сьцяг.
Усё.
Верасень, 1991
Гамсахурдзія — наш чалавек
На плоце наклеены нясьвежы нумар газэты «Правда». Друкаваны орган партыі, прыпыненай пасьля жнівеньскага путчу, абураецца, што мумію правадыра хочуць вынесьці з маўзалею ды па-хрысьціянску аддаць зямлі побач з магілаю маці. Аргумэнты па-бальшавіцку грунтоўныя: вось памруць, маўляў, Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў з Раісай Максімаўнай, і заманецца некаму пахаваць іх на Стаўрапольшчыне, каля магілы маці былога генсека... Між тым, прэзыдэнт не вылазіць з тэлевізара, прэзыдэнціха ўчора паведамляла народу, што «передвижники внесли большой вклад в искусство», а прэзыдэнтава маці днямі яшчэ сядзела на лавачцы пры сваёй сьціплай стаўрапольскай хацінцы, казала тэлегледачам, што Міша быў актыўным камсамольцам, і таксама паміраць нібыта не зьбіралася.