Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Палац дожаў, як некалi кабiнэт у менскiм доме пад бэльвэдэрам, ты пакiдаеш у абладзе займальнай думкi: што ўсё ж лепей — калi ў органы пра тваю пэрсону пiша той, хто цябе аддана кахае, цi той, хто цябе люта ненавiдзiць?
Мiлян
Ты з маленства любiш катоў.
Апрача магчымых трансцэндэнтальных, у цябе ёсьць i цалкам зямныя падставы для такой любовi. З гэтымi вернымi чацьвераногiмi сябрамi чалавека зьвязаны адзiн зь першых успамiнаў твайго жыцьця, якi меў усе шанцы стаць апошнiм.
Ты ў мамiнай роднай вёсцы. Бабуля паклала цябе на печ i пайшла ўходжвацца. Бабуля нездарма называе цябе покрутнем: у сьне ты зьбiваеш посьцiлку і апынаесься на голай чарэнi. Тая — гарачая, i ты, шукаючы, дзе халадней, падкочваесься ўсё блiжэй да краю, каб урэшце натыкнуцца на якуюсьцi ўтульна-мяккую, але ўадначас i ўпорыста-пругкую перашкоду. Яна не пускае цябе ў выратавальны халадок, а калi ты спрабуеш у сьне скiнуць яе з свайго маршруту, гэтая перашкода робiць табе балюча. Ты прачынаесься й бачыш у сябе пад бокам старую бабулiну котку Дуню, якая дзеля пэўнасьцi яшчэ раз драпае цябе лапай i ашчадна адсоўвае ад стромы вышынёю на пяць белых кафляў (гэта два твае росты). Унiзе — голы, калi не лiчыць алюмiневага паўмiска з сольлю, цагляны прыпечак. Дуня вартуе цябе, пакуль у хату не вяртаецца бабуля.
Ад таго часу каты ў тваiм жыцьцi заўсёды займаюць значнае месца, выяўляючы сваю прысутнасьць у самых розных формах. Да прыкладу, у цябе няма мастацкiх здольнасьцяў, але катоў ты малюеш амаль як мастак-анiмалiст — у тым лiку i на ўроках маляваньня, калi на стале ў настаўнiка стаяць праграмныя вазы й пiрамiды. Настаўнiк прыехаў да вас з Дагестану. Зноў убачыўшы ў тваiм альбоме вусатае й хвастатае стварэньне, ён, ня маючы больш змогi ўтаймоўваць каўкаскi тэмпэрамэнт, хапае цябе за шкірку i, як кацяня, нясе ў калiдор, а адтуль у прыбiральню, дзе колькi разоў б’е рабром далонi. Ад болю, а перадусiм ад страху, ты сядаеш на сьлiзкую мокрую падлогу, i твае штонiкi iмгнена прамакаюць. Агiда надае табе сiлы і мужнасьцi: ты ўпiваесься зубамi ў валасатую руку i зь пякучай асалодаю чуеш лаянку на незразумелай мове…
Каб усё гэта выразна, ажно да прылiву адрэналiну, аднавiлася ў памяцi, табе трэба было прыехаць у Мiлян, уладкавацца пры фантане каля замку роду Сфорцаў ды прылашчыць папялiстага тутэйшага ката. Ён, пухнаты і сонны ад сытага эўрапейскага жыцьця, зьявiўся з-за разложыстага плятану й адразу важка, але ўвачавiдкi прыязна ўскочыў табе на каленi: пэўна, атрымаў празь iхні кацiны тэлеграф паведамленьне, што ты — свой хлопец, цi, дакладней, свой кот.
Калi-небудзь ты напiшаш пра стасункі з катамi асобны натхнёны твор. А цяпер табе досыць цёплага, як выгiнастая шэрая сьпiнка ў цябе пад даланёю, усьведамленьня, што ты любiш катоў i яны адказваюць табе ўзаемнасьцю нават у Мiляне.
* * *
Замак Сфорцаў непазьбежна прыводзiць на ўспамiн вялiкую княгiню й каралеву тваiх продкаў Бону — выбiтную каханку, надзеленую тонкiм мастацкiм густам мэцэнатку, жорсткую сьвякруху, якая цалкам у традыцыях сваёй фамiлii спрычынiлася да зьяўленьня ў Нясьвiжы несупакоенай душы нялюбай нявесткi Барбары…
Але адчуць «свойскасьць» родавага гнязда Сфорцаў табе замiнае ягонае падабенства зь нечым, далiкатна кажучы, непрыемным. Як неўзабаве выяўляецца, нiчога недарэчнага ў асацыяцыi з крамлёўскiмi вежамi-катоўнямi й пагрозьлiва-зубчастымi мурамi няма. У негустым прыцемку цэнтральную крывава-тэракотавую вежу Сфорцавага замку i бяз келiху к’янцi нескладана зблытаць зь ейнымi крамлёўскiмi сёстрамi. Цiкава, што ўплывала на запрашэньне ў Маскву тутэйшага дойлiда? Адно цыкляпiчныя памеры замку? А мо тонкi разьлiк перанесьцi ў сэрца Масковii разам з архiтэктурай i ягоную змрочную застрашлівую аўру?
* * *
У мiлянскiм Домскiм саборы цябе найглыбей уразiць не палымяная готыка, не партал i кантрафорсы, не Мадонна, узьнесеная ў неба на самым высокiм сьпiчаку, а — статуя сьвятога Барталямэя, зь якога, як вядома, зьдзерлi скуру. Менавiта гэты ключавы факт жыцьцяпiсу хрысьцiянскага пакутнiка і натхнiў некалі скульптара Марка д’Агратэ. Сьвяты паўстае перад вамi пасьля экзэкуцыi, прычым аўтар дэманструе настолькi дасканалае веданьне анатомii, што мiжволi задумваесься пра ягоную нялёгкую працу на падрыхтоўчым этапе.
Статуя прастаяла роўна дзесяць гадоў, як француская каралева Кацярына з iтальянскага роду Мэдычы (магчыма, натхнiўшыся творам д’Агратэ) разам з герцагамi Гiзамi зладзiла ў Парыжы вясёленькую ночку якраз напярэдаднi дня сьвятога Барталямэя. Ты памятаеш, што да ейнае падрыхтоўкi прычынiўся і Гэнрык Валюа, што (даўшы ўрачыстае абяцаньне нi ў Вiльнi, нi ў Кракаве такіх маштабных мерапрыемстваў не арганiзоўваць) праз год быў абраны гаспадаром айчыны тваiх продкаў, але неўзабаве, здаецца, так i не патрапiўшы наведаць сталiцу Княства, уначы падмазаў пяты i ўзяў курс на Парыж, дзе памёр Карл IX. На францускiм троне Гэнрык беспардонна карыстаўся тытулам вялiкага князя лiтоўскага i караля польскага, хоць твае прадзеды ўжо мелi законных манархаў — Сьцяпана Батуру, а потым i Жыгiмонта Вазу. Яны, дарма што таксама былi iншаземцы, нiкуды па начах не ўцякалi, што неабвержна сьведчыць пра арганiчную ўлучанасьць Вялiкага Княства ў агульнаэўрапейскi цывiлiзацыйны кантэкст (як па-свойму сьведчыць і тое, што пазьней, падчас аблогi Парыжу недарэзанымi гугенотамi, Гэнрыка Валюа выправіў у апошняе падарожжа штылет дамiнiканскага манаха).
* * *
Разглядаючы строгi нэаклясычны фасад тэатру «Ля Скала», ты малюеш сваёй фантазiяй той вечар 1905 году, калi тут давалi прэм’еру Манюшкавай «Галькi».
Конныя экiпажы, рэдкiя таксаматоры, польскiя эмiгранты i польская мова, якая падабалася Гэнры Мiлеру, выклiкаючы ў ягоным уяўленьнi пяшчотна завостраную траву, густа населеную шэршнямi й вужакамi…
Манюшка ўжо адсутнiчаў на гэтым сьвеце трыццаць тры гады — столькi сама, як i перакладчык лiбрэта на iталiйскую мову сьпявак i танцмайстар Банольдзi.