Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Выяўляецца, што за нейкую мiлю ад цяпершняй Беларускай каталiцкай мiсii таварыш Маркс неаднаразова наладжваў грунтоўныя турнэ па пабах, жвава дыскутаваў з прыгнечанымi капiталам ангельскiмi пралетарамi, а аднаго разу, расьперажываўшыся за iхны гаротны лёс, хапянуў трайную дозу i размалацiў парасонам вулiчны лiхтар, пасьля чаго спрытна ўцёк ад палiцыi.
Гэтыя зьвесткi робяць клясыка больш чалавечным i больш блiзкiм, i я штодня сапраўды зьбiраюся выйсьцi ў Гайгэйце з падземкi, але так i не магу прыдумаць, што ж я там ускладу.
Яйкi ў чаравiках
Не адшукаўшы ў адкрытых турыстам залях Брытанскае бiблiятэкi старадрукаў Францiшка Скарыны, я задавальняюся разгляданьнем выстаўленых у вiтрынах рукапiсаў.
Джойсава рука размашыста вадзiла па грубай жаўтлявай паперы простым алоўкам, а потым рашуча перакрэсьлiла напiсаныя зь вялiкiмi прабеламі радкi чырвоным. (Гаворка ідзе пра яшчэ невядомага нам «Фiнэгана».)
Гросбух з чарнавiком Данiэля Дэфо адпачывае ад лiтаратурных практыкаваньняў гаспадара побач зь лiстом Джонатана Сўiфта, па сумяшчальнiцтве ангельскага шпiёна ў Iрляндыi.
Джон Кiтс, Фрэнсіс Бэкан, сёстры Брантэ...
Вiтрына з аўтографамi «Бiтлз».
У бiблiятэчнай кнiгарнi можна набыць iх факсымiле, а таксама сьвежы даведнiк «Вялiкабрытанiя-1995: 50 гадоў пераменаў». Мне ўдаецца даволi зграбна перакласьцi кавалачак прадмовы: нягледзячы на зьяўленьне хуткасных аўтастрадаў, на масавае адмаўленьне ад ялавiчыны i цукру ды iншыя велiзарныя зьмены, брытанцы працягваюць лiчыць, што iм выпала незайздросная доля нарадзiцца ў найгоршай для жыцьця краiне сьвету, калi ня ўлiчваць, вядома, усiх астатнiх краiнаў.
Разумовыя высiлкi над старонкамi «Вялiкабрытанii-1995» годна вянчае бляшанка элю (9% алькаголю).
На лавачцы перад уваходам, скiнуўшы чаравiкi, можна выцягнуцца на сонейку побач з закаханай францускай парачкай, а прачнуўшыся, — усьцешана ўпэўнiцца, што з абуткам на тым баку Ля-Маншу праблемаў няма, як няма iх i з шакалядавымi велiкоднымi яйкамi, якiя табе пакiнулi на памяць: па два ў кожным чаравiку.
Згаладала зжаваўшы палову прэзэнту, я раблю кансьпiрацыйны званок у Менск: заўтра на сувязь не выходжу, бо еду з заданьнем у Оксфард.
Оксфардзкiя пэргамэнты
Оксфардзкая готыка мае пэргамэнтавы колер. Яе столькi, што пачынае кружыцца галава. А можа, ва ўсiм вiнаватая завея, што аздабляе сьнегавымi хлапякамi каменную разьбу, вiшнёвую квецень i запацелыя кармiнавыя келiхi тульпанаў?
Славутая Бадлэйнская бiблiятэка будавалася некалькi стагодзьдзяў. Нават у завiруху яе галерэi, фасады, калёны, валюты і гзымсы хочацца разглядаць гадзiнамi.
Нясьцiпла адзначу, што наведнiк славянскага аддзелу можа пагартаць ёмiсты опус, прысьвечаны таямнiцам полацкай гiсторыi, i адхiснуцца ад вусьцiшнага аблiчча на вокладцы кнiжачкi з гiпэрбарэйскай назваю «Мой радавод да пятага калена».
Я не самотны: мой «прапiсаны» ў Таронта спадарожнiк Кастусь Акула (ужо каторы год 25 сакавiка ён сустракае на высьпе свайго юнацтва) таксама пакiдае аўтограф на перавыдадзеным летась у Менску рамане «Змагарныя дарогi», яшчэ ня ведаючы, што паводле зьвестак «Нашай Нівы» гэтая кнiга зойме ў сьпiсе беларускiх бэстсэлераў за першы квартал 1995 году другi верхнi радок усьлед за двухтомнiкам Уладзiмера Караткевiча.
Завяршыць прыемную цырымонiю найлепей у пабе пад назваю «Белы конь», дзе кiрылiца сьціпла прадстаўленая ўсенародна любiмым на неабсяжных абшарах былой Краiны Саветаў слаўцом з трох лiтараў, якое нечая клапатлiвая рука патрыятычна надрапала на краi стальнiцы, высьлiзганай нялiчанымi студэнцкiмi пакаленьнямi да паркетнага бляску колiшнiх цэкоўскiх кабiнэтаў.
Наступны пункт падарожжа — Крайстчорч-каледж.
Кожны оксфардзкi каледж — гэта горад у горадзе з сваiмi неадменнымi бiблiятэкай, жылымi і навучальнымi будынкамi, саборам, паркам, катамi i вавёркамi.
Саборная вежа і дом капiтулу ўзводзiлiся ў часы атручанага крыжакамi полацкага князя Валодшы. Праз шэсьць стагодзьдзяў тут стукалi па бруку абцасiкi дачкi рэктара Алiсы Лiддэл, для якой тутэйшы выкладчык матэматыкi Льюiс Кэрал прыдумаў краiну цудаў.
Можа, гэта дух Алiсы мiльганецца вохрыстай лiсiцаю ў прысоленых завiрухаю лугах на выезьдзе з Оксфарду?
А фiнал верша пра сталiцу ангельскага студэнцтва будзе афарбаваны ў прыглушаныя мэлянхалiчныя колеры:
Лёндан
вынырне з завеi
мокрай няўтульнасьцю
дыкенсаўскiх паралелепiпэдаў.
Тэмза
разам з душою
будзе перажываць
пэрыяд адлiву,
а на ўскраiне ночы
прысьнiцца ангельскамоўны сон:
я буду гувэрнэрам