Вход/Регистрация
У капцюрох ГПУ
вернуться

Аляхновіч Францішак

Шрифт:

Зусiм зразумелая рэч, што ў гэткiх абставiнах вязень усё больш аставаўся — урэшце, пасьля колькiх праведзеных у лесе бяссонных ночаў, калi ўжо бадай ня меў сiлы ўтрымацца на нагах, вялi яго ў карцар. Гэта была зьбiтая з дошчак буда, якая стаяла на беразе мора, бязь печы, дзе вiхор, урываючыся празь дзiравыя сьценкi, гуляў, як на адкрытым месцы…

Дзесятнiкi й канвой ненавiдзелi тых, хто ня выконваў работы. Дзякуючы iм, i яны прымушаны былi даўжэй заставацца ў лесе. А канвой, апрача таго, павiнен быў начаваць у лесе, пiльнуючы тых, што працавалi ўначы. Дык канвой часта падганяў аслабелых ад работы й голоду прыкладамi стрэльбаў, а дзесятнiкi звычайнай палкай, якая тут называлася «дрынам». Бiлi бязь лiтасьцi ня толькi сымулянтаў, г. зв. «фiлонаў», але й тых, што падалi ад зьнямогi, хворых, слабых.

Аднойчы работнiк павалiўся ў зьнямозе на сьнег i ляжаў непарушна.

— Ну, на гэткiя штукi ты нас ня возьмеш, не такiх бачылi! — сказаў адзiн зь дзесятнiкаў, бiлi яго датуль, пакуль адзiн не заўважыў:

— Глядзiце! Дык-жа ён зусiм не варушыцца…

Запраўды, няшчасны ўжо ня мог паварушыцца, бо… памёр.

I ўсе яны — i канвой i дзесятнiкi — усе яны — гэтаксама вязьнi. А бязьлiтаснасьцяй i дзiкасьцяй мелi на мэце прыслужыцца ўладзе, атрымаць нейкую палёгку…

Канвой i дзесятнiкi жылi ў лепшых абставiнах. Яны зьмяшчалiся ў васобных бараках, дзе кажны меў свой тапчан. Яны не карысталiся агульнай кухняй, а мелi сваiх днявальных, якiя варылi iм абед i наагул iм паслугоўвалi.

За розныя праступкi процi лягернага рэжыму вiнаватых разьдзявалi i ў адных нагавiцах ставiлi на мароз на паўгадзiны, часам на даўжэй.

Гэта звалася «паставiць на колакал», дзеля таго, што iх запраўды ставiлi на падворку, пад звон, якi вiсеў там i якiм штодня будзiлi нас на работу.

Мая загранiчная люлька перайшла ў рукi аднаго зь дзесятнiкаў, як падарунак. Мой свэтэр гэткiм самым чынам перайшоў на сьпiну другога дзесятнiка. Трэйцi дзесятнiк пагражаў мне ня раз:

— Ну, калi-б гэты фiлон папаўся ў мае рукi, я навучыў-бы яго…

Але не «навучыў». Бо атрымаў ад мяне паўкiлё цукру.

«Самарубы»

У вадным з баракаў быў «акалодак», г. зн. амбуляторыя для хворых. Калi былi цяжка хворыя, тут-жа ставiлi тапчаны, на якiх разьмяшчалi iх. На чале гэтае ўстановы стаяў «лекпом», г. зн. фэльчар.

Якая была ягоная мэдычная веда — цяжка сказаць. Мэдыкамэнты, якiмi ён распараджаўся — гэта былi нейкiя парашкi рожавага колеру й два роды нейкае жыжкi. Вось i ўсё. Гэта былi нутраныя лекi. Вонкавыя — ёд i нейкае рызьзё, якое заступала бандажы.

Штодзень, перад выхадам на работу, пасьля першага звону, перад дзьвярыма «акалодку» стаяла чарада хворых, якiя хацелi звольнiцца ад працы. Звальнялi (i то на адзiн дзень) толькi такiх, якiя мелi павышаную тэмпэратуру, прынамсi, да 38 градусаў. Рэўматызм (даволi часты) ды iншыя хваробы, пры якiх тэмпэратура бывала нармальнай, не давалi права на звальненьне.

Я заўсёды вяртаўся зь лесу гэтак разьбiты фiзычна, што думаў, што захварэю. I запраўды, на другi дзень ранiцой, як зазьвiнеў звон, я ня мог зьлезьцi з нараў. Гэтак балелi рукi й ногi. Хiстаючыся, хапаючыся за сьценку, я йшоў у акалодак. Стаяў у чарадзе. Чакаў. Дачакаўся. Лекпом узяў тэрмомэтар…

Тэмпэратура была нармальнай — звальненьня ня было.

* * *

Даведзеныя да роспачы людзi даставалi свайго роду псыхозу, якi выяўляўся эпiдэмiчна. Няздолеўшы выканаць работу, а ведаючы, што яму за гэта пагражае, чалавек, агорнуты бясьсiльнай роспачай, клаў на пень сваю руку i… адсякаў сабе пальцы… i кiдаў iх у твар дзесятнiкаў.

— Патрэбны вам мае рабочыя рукi? Вось вам…

Здаралася, што ашалелыя людзi адсякалi сабе цэлую пясьць левае рукi.

У лесе ня было мэдыцынскае дапамогi, нават гэткай, якая была ў лягеры. Дык, аблiваючыся крывёй, вязень собскiмi анучамi перавязваў сабе рану й варочаўся ў лягер.

Але пры ўваходзе ў барак трэба мець пропуск. Для «самарубаў» выдавалiся адмысловыя. Дзесятнiк на адпiлаванай калодцы пiсаў хэмiчным алавiком пропуск, i ранены, нясучы на плячох гэтую калоду-пропуск, варочаўся ў лягер, млеючы ад болю, утомы й страты крывi.

Блiзу ўсе «самарубы» памiралi ад заражэньня крывi.

Забастоўка

Адпачынак бываў кажную другую нядзелю, значыцца два разы на месяц. Але й гэты «выходны дзень» ня быў цалком вольны ад працы. У гэтыя днi мы выконвалi нутраныя лягерныя работы: вывозiлi сьнег на бераг мора, чысьцiлi патрэбныя каморкi й да г. п. Аднак гэта былi работы шмат лягчэйшыя за лясныя, i, калi бралiся за ix дружна, хутка канчалi.

Вось прыйшла адна гэткая «вольная» нядзеля — i раптам зазьвiнеў звон: у лес! на работу!..

Пачалося нараканьне. Але нiхто ня сьмеў працiвiцца.

Мiнулi зноў два тыднi. Iзноў зьвiнiць звон на падворку. Iзноў вольнага дня ня будзе.

Устанавiлiся на паверку.

У варыштанскiх радох прабеглi нейкiя таёмныя шэпты, нейкiя паразуменьнi вачыма. Вiдаць было, што гэтыя чалавечыя сьценi, якiя мiгацелi пры сьвятле лiхтарняў, на нешта наважылiся.

Бальшыня вязьняў на абтоку Мяч складалася з крымiналiстых — злодзеяў, забойцаў, афэрыстых, — i толькi нязначная частка былi каэры (контррэвалюцыянэры) — «кулакi», сяляне й iнтэлiгенцыя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: