Аляхновіч Францішак
Шрифт:
Забастоўку пастанавiлi крымiналiстыя. Яны не хацелi мець нiчога з контррэвалюцыянэрамi. Ix была бальшыня, апрача таго, яны глядзелi на палiтычных, як на людзей горшае пароды. Называлi нас «фраерамi».
Як пачалi раздаваць пiлы й сякеры, устаноўленымi на падворку рабочымi радамi праляцеў гул: «Ня пойдзем». Не памаглi нiякiя ўгаворы. Усе салiдарна адмовiлiся ўзяцца за пiлы й сякеры.
Тады раздалася каманда:
— Управа шагам марш!
3 пустымi рукамi, з прыглушаным гоманам, нехаця, марудна пацягнулiся вязьнi сьцежкай, што павяла зь лягеру да месца працы. Сьледам ехалi санi, наладаваныя пiламi й сякерамi. Колькi ўзброеных стрэльбамi вартаўнiкоў замыкалi паход.
Адыйшлi мы недалёка, 2–3 кiлёмэтры. Загадана: спынiцца. Затрымалiся на ўскрайку лесу. Стаялi зь неспакойнай душою, бо ня ведалi, што для нас рыхтуецца. Ужо сярод палiтычных вязьняў пачалiся прыцiшаныя гутаркi й шэпты аб тым, цi ня лепш было-б пакiнуць думку аб адпоры. Бо-ж усе добра ведалi, што ў выпадку, калi-б справа разгарэлася, уся адказнасьць будзе ўскладзена на палiтычных, як на контррэвалюцыянэраў, што iх будуць вiнавацiць у падбухторваньнi да забастоўкi, iх будуць расстрэльваць за адпор, дадзены лягерным уладам, а на крымiналiстых паглядзяць, як на пасыўную масу, якая быццам-бы паддалася намовам. Iншыя з палiтычных ахвотна пайшлi-б працаваць, каб ня выклiкаць рэпрэсiяў, i толькi сорам перад цьвёрдым становiшчам крымiналiстых прымушаў iх iсьцi разам з апошнiмi шляхам адпору.
Выступiў наперад старшы дзесятнiк, якi кiраваў работы i зычным голасам крыкнуў:
— Хто йдзе працаваць — бяры струмант i йдзi ўправа! Хто ня хоча — адступiся ўлева i… распранайся.
3 апушчанымi галовамi, ня важачыся глянуць у вочы, адзiн па адным выходзiлi з натоўпу палiтычныя, бралi сякеры ды пiлы й пераходзiлi ўправа. Пагардлiва скрывiўшы вусны, пазiралi на iх спадылба крымiналiстыя, тым часам скiдаючы зь сябе на сьнег курткi, порткi, шапкi, абутак, застаючыся ў вадным нацелiве.
Штрэйкбрэхэры пацягнулiся далей у лес, а захаладалыя постацi зладзеяў i бандытаў дрыжэлi на марозе, пасылаючы ўздагон «фраерам», якiя iх здрадзiлi, праклёны й лаянкi…
Якая дзiўная iронiя лёсу! Якая дзiўная пераацэна вартасьцяў! Палiтычныя ламаюць забастоўку й пакорна йдуць працаваць, тым часам, як крымiналiстыя сьмела стаяць за сваё — да канца.
Цi магчыма было-б нешта падобнае ў старой царскай катарзе?.
Але ў старой катарзе палiтычныя вязьнi былi запраўднымi ворагамi тагачаснага ладу. А тутака гэтак званыя «палiтычныя» складалiся з рознастайнай зьбiранiны, якая й ня думала змагацца з савецкiм ладам, дый лучыла сюды, на катаргу, толькi таму, што некалi належала да клясы, якую «пераможнiк пралетарыят» стараецца вынiшчыць фiзычна, зачыняючы ў вастрогах, ссылаючы ў лягеры, расстрэльваючы…
У старой катарзе палiтычныя вязьнi ў падобных абставiнах схапiлi-бы наваленыя на санях сякеры й паразьбiвалi-б сваiм катам галовы. Тут рукi нявольнiкаў пакорна выцягвалiся па сякеры, каб выканаць у лесе свой «урок» — так, як колькi дзён пазьней тыя-ж рукi прыймалi… дваццацёхкапеечную узнагароду — прэмiю за «карысную працу» ў гэны крытычны дзень…
Страва
Гэным часам кармiлi нас зусiм ня блага: на сьнеданьне давалi мiсачку фасолi, сачыўкi, гароху, грычанае кашы цi густое зупы з макаронам. Гэта было звычайна закрашана алеем. А на абед, якi для шмат каго з прыпозьненых быў i вячэрай, мiску боршчу цi нейкае зупы з кусочкам вываранага соленага мяса. Хлеба даставалi мы кiлё на чалавека. Апрача таго, у лягеры была крамка, у якой мы куплялi за свае грошы (хто меў) цукар, гарбату, кансэрвы, кiлбасы, селядцы, бiсквiты, булкi, папяросы i да г. п.
Грошай за нашую працу нам не плацiлi (апрача гэных дваццацёх капеек нагароды за заламаньне забастоўкi). Дык тыя, хто не дастваў грашовай дапамогi з хаты, мусiлi здаволiцца казённай стравай, якое — трэба гэта адзначыць — зусiм было даволi, каб заспакоiць голад.
У часе работы ў лесе спачатку нам вельмi дакучала смага. Вада, якую мы бралi з сабой у бутэльках, замярзала ў кiшанi. Але праз колькi дзён прывыклi да нястачы вады, i смага ў часе работы нам больш ужо не дакучала.
Вада тутака — з прычыны ўласьцiвасьцяў грунту — была заусёды жоутая, колеру моцнага чаю, з прыкрым гнiлым смакам. Аднак праз нейкi час прывыклi й да яе.
Да чаго чалавек не прызвычайваецца?!
Няўдалыя ўцёкi
Ноч. На нiжнiх i верхнiх нарах тырчаць рады босых ног. Брудных, сьмярдзючых, выкрыўленых, пераблытаных з нагамi суседзяў. У паветры кiслы дух ад людзкога поту й iншых яшчэ агiднейшых пахаў. Пад стольлю курыць маленькая газьнiчка. Шкла ў газьнiчцы даўно ўжо няма, бо яго пабiлi, дык адкрыты кнот заражае паветра смуродам паленае газы.
Цiшыню парушае храп спрацаваных людзей, часам стогн вырвецца з грудзей, якiя гняце кашмарны сон.
Спынiлiся праклёны, лаянкi, нараканьнi. Сон усiх пагадзiў i злучыў у братнiх абоймах. Узбэк сваёй бруднай, даўно нямытай рукой абняў праз сон шыю якута. Украiнец з-пад Палтавы закiнуў сваю сьмярдзячую ад поту нагу на бруха грузiна з Каўказу. Ад часу да часу нехта прачнецца, злазiць з нараў, нацягвае на сябе свае вастрожнае рызьзё й бяжыць на двор дзеля свае натуральнае патрэбы…
Ня сьпiць толькi адзiн «днявальны» («дзяжурны»).
Недалужныя, iнвалiды, людзi, якiя сваймi сiламi не маглi-б дацягнуцца да лесу на работу, былi пакiнены ў лягеры й выконвалi тут абавязкi слугаў у бараках. Яны пасьля выхаду ўсiх на работу прыбiралi баракi, калi работнiкi вярталiся зь лесу, адносiлi ў сушарню iхную прамочаную вопратку, палiлi ў печах, насiлi вар i да г. п.