Аляхновіч Францішак
Шрифт:
Уначы — яны мусiлi глядзець за тым, каб усе вязьнi былi ў бараках, каб нiхто ня ўцёк.
Называлiся яны «днявальнымi».
Днявальны пiльна сочыць кажнага, хто ўначы выходзiць i варочаецца. Ад часу да часу абходзiць нары й лiчыць ногi вязьняў. Падзялiўшы лiк ног на два, ведае, колькi людзей ёсьць у бараку.
Вось ён лiчыць. Памылiўся. Нешта ня так. Ногi паблыталiся. На адных нарах ёсьць лiшняя нага, на другiх — аднае не стае. Днявальны здымае з крука лямпачку i, асьвятляючы найцямнейшыя куты, пачынае рахунак нанова.
Раптам расчыняюцца з трэскам дзьверы. Хваля марознага паветра ўрываецца праз расчыненыя дзьверы, у якiх паказалася постаць у ваеннай вопратцы.
Гэта — ночная праверка.
Уваходзiць з лiхтарняй канвойны жаўнер. Пачынаецца зноў лiчэньне тырчачых ног.
Аднае пары ног не стае — аднаго вязьня няма ў бараку!
Лiчыць яшчэ раз.
Аднаго вязьня няма!
Дзе падзеўся? У патрэбнай каморцы няма. На нарах, анi пад нарамi няма. Днявальны спалохаўся. Будзе адказваць за недагляд.
Яшчэ раз лiчаць, шукаюць, заглядаюць пад нiжнiя нары.
Няма!
Уцёк!
Трывога.
У вартаўнiчых кашарах пачынаецца рух. Усхоплiваюцца з тапчаноў заспаныя салдаты. Клянуць. Хапаюць вiнтоўкi й лыжы. Ужо разбудзiлi начальнiка. Той злуе. Загадаў: ня браць жывым, а застрэлiць. Страляць у сьпiну, каб выглядала, што стралялi ў часе ўцёкаў. Заданьне няцяжкае: усе гоняцца на лыжах, а гэны, што ўцякае, прэцца пехатой праз глыбокi сьнег.
Дарожка-ж у яго адна: лёдам праз мора на Колежму.
Iншай няма.
Праз колькi гадзiнаў яго здагналi, паводле загаду, застрэлiлi. Праз ранiцу паехалi санi забраць труп. Назаўтрае непадалёк ад лягеру, на ўскраi лесу, пахавалi няўдалага ўцекача. Хаўтуры кiравалi адзiн салдат i «лекпом» — фэльчар, найвялiкшая ў нас мэдыцынская павага. Ён вызначыў глыбiню ямы.
Магiлу капалi днявальныя.
Hi слова спогаду да нябожчыка, нi сьледу таго паважнага настрою, якi звычайна бывае пры праводзiнах чалавека на вечны супачынак. Зьдзекi, кпiнкi, лаянка, праклёны — быццам клалi ў дамавiну не свайго таварыша, а нейкага заклятага ворага…
Прозьвiшча забiтага: Шульц.
Выезд на Салоўкi
У канцы красавiка сьнег у лесе пачаў таяць. Лесарубкi спынiлiся. Сьпяшалiся нагвалт вывозiць зь лесу прыгатаваныя калоды на гэтак званы «рум» на беразе мора. Сьпяшалiся, пакуль яшчэ была санная дарога.
У канцы траўня лёд на Белым моры пачаў чарнець, урэшце растаў. Вязьнi, стоячы вышэй за калены ў сьцюдзёнай вадзе, зьбiвалi плыты, якiя меў цягнуць параплаў да Архангельску.
29 траўня пад ранiцу ўгледзелi мы на моры — за паўкiлёмэтра ад берагу — параплаў. Гэта была «Нева» — першы параплаў, якi нас адведаў пасьля зiмы.
У вадзiн мамэнт па ўсенькiм лягеры разыйшлася радасная навiна. Казалi, што засуджаных на дзесяць гадоў вывязуць на Салоўкi.
Усе верылi, што на Салоўках знойдзем лягчэйшыя абставiны жыцьця. Расказвалi, што тамака можна дастаць працу паводле свае спэцыяльнасьцi, што рабочы дзень там трывае толькi ад 8-х да 10-х гадзiн, што даюць розныя палёгкi, па якiх мы тужлiва ўздыхалi.
Усе былi ўзбуджаныя. Настрой панаваў гарачы. Кажны сьпяшаўся лiквiдаваць свае справы на Мячы. Адзiн выплачваў свае даўгi, другi спаганяў пазычаныя некаму грошы. Прыяцелi, якiя мелiся неўзабаве разлучыцца — мо назаўсёды? — гутарылi апошнi раз перад расстаньнем…
А на хвалях тым часам гойдаўся параплаў, гатовы ўжо ў далейшую дарогу. 3 комiна выходзiў дым. Паравыя казаны былi гатовы ў кажны мамэнт пусьцiць у ход нашую выбавiцельку — «Неву».
Увечары камандант лягеру абходзiў баракi, чытаў прозьвiшчы тых, каму было вызначана ехаць на Салоўкi, i загадаў рыхтавацца ў дарогу.
Пачалi перавозiць нас чаўнамi на параплаў. Узьняўся вецер. Мора было бурнае. Хвалi кiдалi чаўны, як шалупiны ад гарэхаў. Настала «белая» паўночная ночка. Сонца на часiну схавалася за небасхiл, каб пасьля iзноў вынырнуць над морам — блiзу ў тым самым месцы, дзе зайшло. Але перавоз пасажыраў на параплаў яшчэ ня скончаны. Пустыя чаўны варочаюцца да берага, паслухмяныя дзьвюм парам дужых рук весьляроў, ды зноў нагружаюць колькi катаржанаў, у ваччу якiх блiшчыць… надзея.
Надзея?! Якая? Надзея на волю? — He! Толькi надзея на крыху лепшыя, чымся на Мячы, абставiны жыцьця…
Пачаўся адплыў на моры. Чаўны задзержвалiся на мялiзнах цi на камянях. На загад стырнiка ўсе выскоквалi з чаўна ў мора i — па пояс у вадзе — сьпiхалi човен на глыбейшае месца.
Урэшце апошнi човен падыйшоў да параплаву з апошняй партыяй пасажыраў.
Загудзелi вiнты, густыя клубы дыму бухнулi з комiну, — «Нева», кiданая хвалямi, панесла нас да нязнаных, а гэтак пажаданых Саловак.