Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Гэта адна з найпрасцейшых загадак, — паўтарыў хан словы, якія яму перадаў ганец-спавеснік.
А тыя гледачы, якія не ведалі адказу, падумалі пра сябе: «Які мудры ў нас Вялікі Хан, калі такая загадка яму падаецца адной з найпрасцейшых».
— А чаму вы завеце сябе мудрацом? Над якой праблемаю. над чым вы цяпер думаеце? — хітра спытаў візір.
— Цяпер я думаю над вашым пытаннем, — спакойна адказаў Міамунямунь.
— Правільна! — са здзіўленнем адзначыў Галоўны Візір.
— Так-так, відаць, што вы разумны чалавек, — сказаў хан Ісмірай. — Але ўмець адгадваць загадкі — гэта яшчэ не значыць быць мудрацом. Мне хацелася б даведацца, якую вялікую разумовую задачу вы перад сабой паставілі і спрабуеце вырашыць?
Вандроўны мудрэц яшчэ раз пачціва пакланіўся хану, потым усім гледачам і ўжо не з такой моцнай замежнай вымовай стаў апавядаць:
— Я хачу абысці ўвесь зямны шар услед за сонцам, паглядзець, як людзі і звяры жывуць, і пры тым падумаць: што магло б змяніцца, калі б сонца аднойчы ўстала на захадзе, а села на ўсходзе? Здаецца, нічога не павінна змяніцца. Зноў будзе такі ж дзень і такая ж ноч, усе так і будуць жыць у сваіх дамах. Падумаеш: сонца перамяшчацца ў іншым кірунку. Але нешта, пэўна ж, зменіцца. Можа быць, у нас саміх?
Усе людзі на пляцы задумаліся. Абдурахмон Улюкбабай ледзь ссунуў наперад сваю чалму і пачаў пачэсваць патыліцу.
— Так, сапраўды, цікавая праблема, — пагадзіўся хан Ісмірай, — над ёй можа разважаць толькі сапраўдны мудрэц!
— Прабачце, Ваша Вялікасць, дазвольце мне сказаць, — Абдурахмон Улюкбабай пакланіўся хану Ісміраю.
— Калі ласка.
— Ва ўсёй пастаноўцы гэтай праблемы ёсць адна асноўная і вельмі прынцыповая памылка. А менавіта — наша Зямля — не шар. Вось паглядзіце, — Абдурахмон Улюкбабай выняў з кішэні халата апельсін, — калі б наша зямля была шарам, як заяўляе паважаны Міанямням...
— Міамунямунь, — ветліва паправіў яго заморскі мудрэц.
— Дык вось, калі Зямля — гэта шар, то паўсюль павінна быць горка, такі круглы ўзгорак. Як на апельсіне, разумееце? А цяпер возьмем каменьчык, — Абдурахмон Улюкбабай падняў з зямлі невялікі круглы каменьчык і паклаў на паверхню апельсіна. Каменьчык у момант скаціўся з «апельсінавай горкі». — Вось, бачыце, калі Зямля была б шарам, то і мы маглі б у любым месцы Зямлі, вядома, досыць адкрытым, паставіць вазок і скаціць яго з круглай горкі. І нават без коней. І ехалі б далёка-далёка... Куды нам заманецца, — Абдурахмон Улюкбабай зноў з важным выглядам абвёў поглядам гледачоў. — Але ж у нашым жыцці падобнага не адбываецца! Нам патрэбны коні!
— Так! Так! — загаманілі гледачы і запляскалі ў ладкі.
— З гэтага выходзіць, што зямля зусім не круглая горка, а плоская раўніна! — падагульніў Абдурахмон Улюкбабай.
— Што вы на гэта скажаце? — спытаў хан Ісмірай у заморскага мудраца.
— У якім-небудзь асобна ўзятым месцы зямля сапраўды плоская.
— Вы гэта прызнаеце? — удакладніў візір.
— Так, прызнаю...
На гэтых словах Г алоўны Візір шырока ўзмахнуў чорна-белым гусіным пяром, патрос ім у паветры, затым накрэсліў нешта на паперы і абвясціў:
— Адзін-нуль на карысць Абдурахмона Улюкбабая.
— Пачакайце, — звярнуўся да ўсіх прысутных заморскі мудрэц. — Тое, што Зямля — шар, на самой зямлі не так добра відаць. А вось на вадзе, на моры, можна заўважыць. Ці вы не бачылі, што караблі, як быццам апускаюцца за гарызонт? І шчоглы са сцяжкамі знікаюць за краем вады?
— Так! Так! — зноў загаманілі гледачы.
— Значыць, па-вашаму, — умяшаўся Абдурахмон Улюкбабай, — вада круглая, а зямля плоская?
— Некаторым чынам можна і так сказаць, — заморскі мудрэц узяў са стала візіра слоічак з вадой — візір ёй разводзіў атрамант.
Міамунямунь кінуў у слоічак трэсачку, затым нахіліў — вада разам з ёю вылілася, і ў паветры, пакуль ляцела, ператварылася ў круглую кроплю, у якой плавала тая трэсачка. — Вось, гэтак жа, як гэтая трэска ў кроплі, так і зямная суша знаходзіцца ў круглай вадзе. Усе выспы і кантыненты.
— О-о, — працягнулі зацікаўленыя гледачы.
— Ну, дапусцім... выкажам, эээ, так сказаць дапушчэнне, што гэта. мм. магчыма, магчыма, — прамямліў Абдурахмон Улюкбабай.
Галоўны Візір зноў шырока ўзмахнуў пяром і накрэсліў нешта на паперы.
— Нічыя: адзін-адзін, — абвесціў ён.
Усе вакол, нават хан Ісмірай, запляскалі ў ладкі.
— І калі мараплавец, — працягваў заморскі мудрэц, — паплыве ў адзін бок, і ўвесь час будзе доўга плыць у адзін і той жа бок, не змяняючы курсу, то прыплыве дамоў са зваротнага боку мора-акіяна...
— Добра, — умяшаўся ў спрэчку мудрацоў хан Ісмірай, — пакінем гэтую тэму да таго часу, пакуль да нас не завітае такі мараплавец. А цяпер, паважаныя мудрацы, давайце пяройдзем непасрэдна да нашай справы. Паслухайце ўважліва. У свой час я даў слова і выдаў указ, які стаў законам, што той, хто парушыць спакой і жалобу слёзнага каменя, будзе прысуджаны да смяротнай кары праз адсячэнне галавы! Парушыла спакой і жалобу слёзнага каменя вось гэтая яснапанна Алеолла. Яна сама прызнала сваю віну. І ў нас нават ёсць сведкі яе злачынства. Але вось у чым праблема — мае падданыя просяць яе адпусціць. Яна ім спадабалася, і яшчэ яснапанна абяцала падарыць нам чароўны алей, з якога можна зрабіць вельмі патрэбныя людзям парфумы. А паколькі ўказы, якія становяцца законам, я выдаю для сваіх жа падданых, то іх просьбу я абавязкова павінен разгледзець. Пытанне да вас, паважаныя мудрацы, як быць? Разважце.