Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Вялікае-найвялікшае дзякуй табе, кот Міамурмарор, за тое, што выратаваў мяне, — яна цмокнула яго ў вільготны нос.
Калі кот Міамурмарор і Алеолла падняліся на вяршыню гары, то ўбачылі Арціна. Будучы віцязь, смутны-смутны, сядзеў пад шчаслівай шаўкоўніцай.
— Прывітанне! — радасна сказала Алеолла.
— Колькі можна? Я ўжо думаў, што вы ніколі не вернецеся, — дакорліва прамовіў Арцін.
— Ну, і што ты рабіў увесь гэты час? — замест адказу спытала Алеолла.
— Што рабіў, што рабіў? Вас чакаў. Пасяджу пад шаўкоўніцай, засумую, тады выходжу з-пад кроны, насмяюся ўдосталь і назад пад дрэва вяртаюся.
— Не, тое, што ты сумаваў-нудзіўся і пасля свой сум-нуду разганяў, гэта зразумела, — сказаў кот, — гэта кожны здагадлівы чалавек прыдумаў бы. Алеолла ў цябе пытае, ці знайшоў ты, з-за чаго ягады на шаўкоўніцы цалкам не выспяваюць?
— Знайшоў, — упэўнена адказаў Арцін. — Ідзіце сюды, пакажу.
Ён падвёў іх у самае цяністае месца пад кронай шаўкоўніцы, рассунуў галінкі, і яны ўбачылі, што на лісце, які па краях быў пажухлым, сядзеў вялікі чорна-буры вусень. Ён не проста сядзеў, а безупынна шавяліў сківіцамі — грыз ліст і самазабыўна жаваў.
— Падаецца, я дзесьці падобнае бачыла, — заўважыла Алеолла.
— Натуральна. Я таксама бачыў. У мастака Дроздзіча ў слоіку, — сказаў Арцін.
— Так, але толькі ў мастака ў слоіку яны былі як нежывыя, і больш мярзотныя.
— Таму што ў мастака Дроздзіча, — сказаў кот, — гэта і не вусені зусім, а перайначаныя ўсмуткі.
— А ты і мастака Дроздзіча ведаеш? — здзівіўся Арцін.
— А хто ж яго не ведае, — аксамітным голасам адказаў кот Міамурмарор.
— І як жа гэты вусень тут апынуўся? — задумалася Алеолла.
— Пэўна, хтосьці вельмі моцна смуткаваў і заразіў шаўкоўніцу сваёй усмуткай, — выказаў здагадку Арцін.
— Не, гэта Паляндра зрабіла, — сур’ёзна прамовіў кот. — Я заўважыў, што яна кружыла вакол шаўкоўніцы перад тым, як забраць Джайміну. Дзеля гэтай шаўкоўніцы яна ў наш край і прылятала. Шаўкоўніца для яе небяспечная.
— Глядзіце, вось яшчэ, — паказаў Арцін.
Яны знайшлі яшчэ пяць такіх жа чорна-бурых вусеняў.
— Пяць плюс адзін, гэта колькі будзе? — задумаўся кот, — шэсць. Шасцёркай чапляў запрэжана карэта Журботнай Каралевы.
— Усяго шасцёркай. А ў нашым мястэчку было больш віхураў. Нават не віху раў, а смерчаў, — успомніў Арцін.
— Можа быць, разам з імі яшчэ хтосьці прылятаў? — услых падумаў кот.
— І што з гэтымі вусенямі цяпер рабіць? — спытаў Арцін. — Я спрабаваў іх адчапіць — нічога не атрымліваецца. Яны вельмі моцна да лісткоў прылепленыя. Можа, іх проста прыдушыць?
— Што ты, нельга! — абурыўся кот. — Пад шчасцядайнай шаўкоўніцай не павінна быць дрэнна аніводнай істоце! Тады шаўкоўніца насамрэч засохне. Бо вусені не вінаватыя ў тым, што яны вусені!
— Паглядзіце! — выклікнула Алеолла. — Яны смяюцца!
І праўда, вусені не проста жавалі лісты, а яшчэ безупынку смяяліся. А можа, і наадварот, яны смяяліся і заадно безупынку жавалі.
— Ад лістоў яны і смяюцца, як я ад ягад, — здагадаўся Арцін.
— У такім разе, я ведаю, што рабіць, — прамовіў кот, — трэба іх апырскаць слязой каменя. Яны перастануць смяяцца, а заадно і жаваць.
Алеолла дастала напарстак са слязой каменя.
— Не, спачатку мяне, — папрасіў Арцін. — А то раптам не хопіць.
— Хопіць, — паспрабаваў супакоіць яго кот, — пырскаць трэба зусім мала, а то замест безупыннай радасці на цябе бясконцая журба нападзе.
Кот абмакнуў у напарстак белы кончык свайго ярка-рудага хваста і ўзмахнуў ім — некалькі малюпусенькіх кропелек патрапілі на лоб, шчокі і рукі Арціна.
— Давай, выйдзі з-пад шаўкоўніцы.
Арцін выйшаў з-пад дрэва і расплыўся ў шырокай усмешцы.
— Хі-хі!
— Што, не дзейнічае? — занепакоілася Алеолла.
— Го-го-го! — зайшоўся Арцін.
— Няўжо... Міамурмарор! — у Алеоллы нагарнуліся слёзы.
— Дзейнічае. Супакойся. Гэта я так, спецыяльна пасмяяўся, — ужо без усякага смеху сказаў Арцін. — Я проста пажартаваў. Сам сабе пажартаваў.
— Слухай, ну і жартачкі ў цябе, — пакрыўдзілася Алеолла.
— Ты б так не жартаваў, калі б ведаў, што ёй і мне давялося паспытаць перш, чым прынесці табе гэтыя слёзы каменя.
— А што? — занепакоіўся Арцін.
— І гэта ўсё, заўваж, каб выправіць, тваю памылку, — сурова сказаў Міамурмарор.