Мінскевіч Серж
Шрифт:
— А дзе цяпер кот-джын? — спытала Алеолла. — Мабыць, ён зможа дапамагчы Арціну?
— Не. Ён цяпер у адпачынку.
— А калі яго адпачынак заканчваецца?
— Цяпер палічу... — кот прымружыў адно вока і палічыў у розуме, — роўна праз тры тысячы пяцьсот сарок восем гадоў, чатыры месяцы, шэсць дзён, дзевяць гадзін, дваццаць тры хвіліны і дванаццаць секунд.
— Нешта доўга.
— Доўга. Таму трэба ўсё рабіць самім.
Кот сеў, нібы ёг, скрыжаваўшы заднія лапы, і даеў пакінуты кавалачак сыра. Алеолла і Арцін таксама перакусілі.
— За працу! — натхнёна вымавіла Алеолла.
Юнак і дзяўчына набралі жоўтых ягад, каменем адціснулі з іх у гліняным чарапку алей і залілі ў лямпу. Кот ім таксама дапамагаў. Арціну больш не хацелася з ім спрачацца.
— Сумесная праца збліжае, — зазначыў кот, — таму давайце я вас буду знаёміць.
— З кім? — са здзіўленнем спыталі Алеолла і Арцін.
— Як з кім, — бліснуў вачамі кот, — з сабою.
— Ах, так, — збянтэжылася Алеолла, — мы ж самі табе не прадставіліся. Я.
— Добра, добра, я вас ужо сам сабе прадставіў. Ты яснапанна Алеолла. А ты віцязь Арцін. Цяпер вам час прадставіць і сябе, — кот прыняў ганарлівую паставу і выразна прамовіў:
— Мяне клічуць Міамурмарор.
— Вельмі прыемна, Міамурмарор, — зрабіла рэверанс Алеолла.
Арцін паціснуў кашэчую лапу.
— А чаму ты нас увесь час павучаеш? — спытала дзяўчына.
— Я не толькі вас павучаю. Я павучаю ўсіх, хто можа павучацца. Вось бачыш, аказалася, віцязь Арцін можа. Не так хутка, як ты, але ўсё ж можа. Праўда, цяпер яго памылку трэба выпраўляць нам... Калі я, кот Міамурмарор, мурлыкаю, у вас, людзей, з’яўляюцца разумныя думкі. Але часам трапляюцца людзі, у якіх — мурлыкай не мурлыкай — разумных думак ніколі не з’явіцца. Асабіста я з такімі не магу доўга знаходзіцца побач. А вось мой стрыечны брат, кот Варгін, дарэчы, ён ваш зямляк, вельмі добра ў жыцці ўладкаваўся. Сам такі бліскучы, чорны з серабрыстым адлівам і тоўсты-тоўсты. Заўсёды сыты. Ён наўмысна адшуквае пустагаловых людзей і пачынае ім вуркатаць. А вы ж ведаеце, што ў такіх людзей, замест разумных думак усялякія мухі, прусакі і нават мышы ў галаве заводзяцца. Людзі пра такога чалавека так і кажуць — у яго тараканы ў галаве. Ну вось, кот Варгін пачынае вуркатаць, людзі засынаюць, а гэтыя мухі, прусакі альбо мышы палохаюцца кацінага голасу і выпаўзаюць праз ноздры ці вушы. А Варгін толькі гэтага і чакае. Ён хоп! — лапай зловіць, паесць, паесць. Вось і сыты заўсёды. А я вось мух неяк не люблю, прусакоў увогуле трываць не магу, ды і мышэй лавіць нешта не па мне. Лепш сырам паласавацца і малачком запіць.
— Так, чула я пра ката Варгіна, — сказала Алеолла, — той яшчэ хітрахват, і таксама шмат чаго ведае.
— Так-так, ён ведае нават больш, чым я. Толькі ж не ўсё людзям распавядаць можна. Вы самі павінны дадумацца, што добра, а што дрэнна. Калі вернецеся дамоў, перадайце Варгіну ад мяне вялікае прывітанне.
ФОКУС КАТА МІАМУРМАРОРА
Наступным днём кот Міамурмарор і Алеолла спусціліся ў горад Палац Садоў.
У гэтым горадзе ўжо некалькі гадоў запар была жалоба. Алеолла адразу гэта адчула. Ва ўсіх хатах фіранкі на вокнах былі чорныя. Людзі таксама насілі чорную вопратку і гаварылі паўшэптам. Нідзе даўно ўжо не грала музыка — усе музыкі раз’ехаліся ў пошуках заробку.
— Чаму ў горадзе жалоба? — спытала Алеолла.
— Пяць гадоў таму над горадам пранеслася чорная хмара і закруціліся чорныя віхуры, — пачаў распавядаць кот. — Людзі пахаваліся хто куды ад страху. А прыгажуня Джайміна бегла ў гэты час на спатканне да свайго каханага — хана Ісмірая. Да белага каменя ў садзе. Чорныя віхуры ўжо амаль пранесліся міма юнай прыгажуні, як раптам вялізны чорны вір адарваўся ад хмары, агарнуў Джайміну і ператварыў яе ў тонкі цень. І чорная хмара з ценем Джайміны паляцела ўдалечыню. А ў гэты час хан Ісмірай прыйшоў да месца спаткання і ўбачыў, што на белым камені з’явілася сляза. Камень — сухі камень! — заплакаў. Вось якое каханне было ў Ісмірая і Джайміны. Вельмі моцна засмуціўся хан і з тых часоў носіць жалобу. Кожны дзень прыходзіць ён да таго каменя і ўспамінае каханую. А камень плача і плача, на ім ужо ўтварылася невялікая выбоінка, падобная да чашы, куды капае сляза. Недалёка ад каменя заўсёды стаіць варта. Яна сочыць, каб ніхто не змог парушыць смутак каменя і жалобу хана.
— Я ведаю, што гэта за хмара была, — сумна сказала Алеолла і ўздыхнула, — гэта Паляндра... І я, здаецца, зразумела, што мне трэба зрабіць для шалапутнага Арціна.
— Так-так. Гэта вельмі дзёрзкі і, я нават сказаў бы, небяспечны ўчынак: парушаць жалобу хана. Але іншага выхаду няма. Інакш Арціну давядзецца ўсё жыццё правесці пад шаўкоўніцай.
— Ты хочаш сказаць, што мне трэба неўпрыкмет узяць слязу таго каменя? — Алеолла зазірнула ў зялёныя вочы ката. — Можа, лепш мне прыйсці да хана і проста папрасіць яго?
— Гэта ні да чаго не прывядзе, — адказаў кот. — Хан Ісмірай абвясціў вечную жалобу, таму нікога не прымае. Цябе да яго не прапусцяць.
— А я распавяду, што мне трэба дапамагчы віцязю Арціну, і што пасля гэтага мы вызвалім людзей з цямніцы-скляпення Паляндры. Тады і каханая хана да яго вернецца.
— Што ж, — не захацеў далей пераконваць яе кот, — ты ідзі, а я цябе сустрэну вось тут, побач з агароджай палацавага саду.Алеолла адправілася ў горад, а кот Міамурмарор — па адным яму вядомым кашэчым справам.
Злева і справа ад брамы ханскага палаца стаялі вартаўнікі — два велічэзных ваяры страшэннага выгляду. У руках яны трымалі вострыя дзіды і круглыя медныя шчыты, якія цалкам закрывалі іх магутныя торсы. Бронзавыя шаломы ваяроў, упрыгожаныя чорнымі пёрамі, зіхацелі на сонцы. Выразы твараў ахоўнікаў былі настолькі суровымі, што, падавалася, іх галовы былі выцясаны са скалы.
— Прабачце, калі ласка, ці магу я бачыць хана Ісмірая? — ветліва папрасіла Алеолла і зрабіла рэверанс.
Ёй ніхто не адказаў.