Мінскевіч Серж
Шрифт:
Хан Ісмірай сядзеў каля фантана, падобнага да вялікай яловай шышкі, з якой тонкімі струменьчыкамі біла крыштальна чыстая вада. Ля ног хана ляжаў яго любімы дог Файран. Сабака ўчуў пах араматычнага алею, які праз адчыненыя дзверы вязніцы пранік у сад. Файран па-сабачы шырока ўсміхнуўся, высунуў язык, і, размахваючы ім, гучна захыкаў — гэта ён па-свойму засмяяўся.
— Што з табой? — нахмурыў бровы хан Ісмірай.
Файран толькі заматляў хвастом.
— Даўно я не бачыў цябе вясёлым...
І раптам хан пачуў смех, які ішоў з вязніцы. Ісмірай хуткім крокам пайшоў да яе, а за ім, весела падскокваючы, пабег Файран.
— Не карай нас, Вялікі Хан, злітуйся, — прыслужніцы і вартаўнік Рахмадул упалі на калені перад ханам. — Гэтая слаўная дзяўчына прынесла нам столькі вясёлых хі-хі-хі хвілін. Мы проста не змаглі стрымацца. Яна падарыла нам радасць. Мы просім, калі ласка, адпусціце яе з мірам.
Хан Ісмірай пачуў прыемны водар, які струменіўся ад лямпы Алеоллы, але яго гора было настолькі моцным, што ён не стаў ні смяяцца, ні нават усміхацца. Хоць і адчуў, што на душы ў яго зрабілася трохі лягчэй, а на сэрцы мякчэй. І яшчэ ён зразумеў, якім цяжкім грузам ляжыць яго жалоба на плячах яго верных падданых. Яны перажываюць за яго, і самі не могуць жыць паўнавартасным жыццём.
— Адпусціце яе, — узмаліўся Рахмадул і так панік галавой, што шалом з’ехаў яму на вочы.
І нават дог Файран на хвіліну прыўстаў на заднія лапы і пачаў ківаць сваёй вялікай выцягнутай пысай.
— Адпусціце мяне, — папрасіла Алеолла, я падару вам гэтую лямпу і алей таксама. З яго можна рабіць чароўную парфуму. Калі жыхаркі горада будуць ім карыстацца, у іх сем’ях ніколі не будзе разладу.
— Я і рад бы адпусціць цябе, — сказаў хан Ісмірай, — але калі я сам пачну парушаць закон, гэта будзе беззаконне, — ён задумаўся. — Можа, настаў час унесці ў закон некаторыя папраўкі? Але гэта нялёгка. Трэба арганізоўваць дыспут, на які, па правілах, неабходна запрасіць двух мудрацоў. І галоўная ўмова: мудрацы павінны быць не з нашага горада, каб на іх не ўплывалі мае візіры. Вось гэтыя мудрацы ў спрэчцы і павінны вырашыць, ці можна дзеля такога выпадку ўнесці ў закон некаторыя змены альбо не.
ВЯЛІКІ ХАНСКІ ДЫСПУТ
Хан Ісмірай адправіў ганцоў-спавеснікаў па ўсім паўвостраве і ў суседнія землі. Ганцы-спавеснікі павінны былі паведаміць, што Вялікі Хан Дарвіцкага Ханства запрашае прыняць удзел у дыспуце двух найвялікшых мудрацоў.
А мудрыя людзі разумелі, што выступаць на заканадаўчым дыспуце — вялікая адказнасць, таму замест таго, каб адразу ж ісці ў ханскі палац, пачыналі рашаць галаваломкі і разгадваць загадкі — трэніраваць свой розум. Але на гэта шмат трацілася часу і таму да паездкі ў ханскі палац, мудрацы паступова пачыналі ставіцца па-філасофску: «Яшчэ будуць дыспуты, яшчэ паспеем падыспутаваць».
А людзі, якія толькі лічылі сябе мудрымі, але насамрэч такімі не былі, адразу падхопліваліся, каб адправіцца ў горад Палац Садоў. Ханскія ганцы-спавеснікі астуджалі запал такіх самазванцаў — задавалі ім тры загадкі.
Першая загадка была такая:
Дзве галавы, кожная з жыватом,
Шэсць ног, але з адным хвастом.
Што гэта?
Другая гучала так:
Еду, еду,
Ні дарогі, ні следу.
Што гэта?
А замест трэцяй загадкі ганцы-спавеснікі задавалі толькі адно пытанне: «Калі вы мудрэц, то над чым цяпер думаеце?»
І калі такія «мудрацы» не маглі правільна адказаць хоць бы на адну з загадак, ханскія спавеснікі ім кланяліся і казалі:
— Выбачайце, але ў палац патрабуецца мудрэц трошкі іншага складу розуму, — і выпраўляліся далей.
Адбор быў суровы, таму кандыдатаў на ўдзел у дыспуце доўга не маглі знайсці. Асабліва цяжка было падабраць другога.
Першым у палац хана Ісмірая завітаў кіраўнік Пячорнага Горада Абдурахмон Улюкбабай. Дабірацца да горада Палац Садоў яму было бліжэй, чым усім астатнім дыспутантам — спусціўся з гары, а тут ужо і палацы хана. У Пячорным Горадзе неўзабаве таксама павінен быў адбыцца дыспут, таму Абдурахмон Улюкбабай хацеў патрэніравацца ў мудрагельстве. На загадкі ён адказаў злёту, і цяпер, ухмыляючыся сабе ў бараду, расхаджваў па ханскім палацы, чакаючы, калі яму прадставяць яго спаборніка.
Нарэшце ў ханскі палац прывялі маленькага росту, вузкавокага і вельмі вусатага заморскага госця:
— Вялікі Хан, гэты малы кажа, што ён вандроўны мудрэц, — прашаптаў адзін ганец-спавеснік.
— На дзве нашыя загадкі ён, быццам бы, адказаў.
— Як гэта быццам бы? Вы нічога не пераблыталі? Вы сапраўды загадвалі выбраныя намі загадкі? — спытаў Вялікі Хан.
— Так, — адказаў першы. — Я хутка прамовіў:
Дзве галавы, кожная з жыватом,
Шэсць ног, але з адным хвастом.
Што гэта?
І гэты мудрэц, амаль не задумваючыся адказаў, што гэта, прабачце, я.
— Як гэта ты? — здзівіўся Вялікі Хан. — Гэта ж няправільны адказ!
— Ну, я пытаўся ў яго, седзячы на кані. А значыць, гэта быў правільны адказ, таму што правільны адказ на гэтую загадку — верхавы альбо чалавек на кані.
— Добра, а што з другой загадкай?
— Другую загадку, задаваў я, — пачаў распавядаць другі ханскі спавеснік. — Гэта было так. Я яму сказаў:
Еду, еду,
Ні дарогі, ні следу...