Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Ці магу я прайсці да хана? У мяне да яго вельмі важнае справа. Паверце, гэта вельмі-вельмі важна.
І зноў маўчанне. Вартаўнікі былі падобны да фарбаваных статуй. Тады дзяўчына зрабіла крок у бок палацавай брамы, аднак вартаўнікі адразу ж скрыжавалі перад ёй свае вострыя дзіды, не даючы прайсці.
— Дзяўчынка, ты хіба не ведаеш, што Вялікі Хан Ісмірай нікога не прымае? — спытала бабулька ў чорным адзенні, што праходзіла паблізу. — У нас жалоба. Вяртайся адкуль прыйшла...
— Вось так... — прамовіў кот Міамурмарор, калі Алеолла вярнулася да яго, — ісці да той брамы — тое ж самае, што біцца галавой аб сцяну.
— Ну, і як нам прабіцца ў ханскі палац?
— Не прабіцца, а прабрацца. Мілёнча, ты зусім забыла? Я ж кот, у мяне ў лапах схаваны кіпцюры, і таму яны заўсёды вострыя, а яшчэ я іх штодня аб кару дрэў наточваю. А па дрэвах я лажу не горш, чым па зямлі хаджу. Значыць так: я заскочу на агароджу, потым улезу на дрэва, адчаплю павой, які абвіўся вакол яго ствала. Павой тоненькі, але і ты сама худзенькая — цябе ён вытрымае, па ім ты пералезеш праз агароджу. А я пайду да вартаўніка, які заўсёды хаваецца за акацыяй недалёка ад слёзнага каменя, — кот выгнуў спіну і на ўсю даўжыню выцягнуў заднюю лапу. — Вазьмі гэта.
Сваёй задняй лапай кот паказаў на бліскучы прадмет, які ляжаў у траве перад агароджай.
— Што гэта такое? — спытала Алеолла.
— Напарстак. А ў ім — кавалачак воску.
— Дзе ты ўсё гэта ўзяў?
— Пакуль ты хадзіла да брамы ханскага палаца, мне знаёмая котка прынесла. Яна жыве тут недалёка, у краўчыхі. Слухай далей. Я памуркаю — вартаўнік і засне а ты ў гэты час набяры ў напарстак слязу з каменя і замаж напарстак воскам, каб сляза не выцекла. Потым мы паціху вернемся да гэтага дрэва, пералезем праз агаро джу і адправімся вызваляць віцязя Арціна.
— Які ты ўсё-ткі разумны! — пахваліла ката Алеолла.
— Добрым людзям заўсёды прыемна дапамагаць, — адказаў на камплімент кот Міамурмарор.
У імгненне вока ён ускочыў на каменны плот, затым на дрэва, адчапіў галінку плюшчу і перакінуў яе Алеолле. Яна лёгка пералезла праз агароджу ў сад.
— Тс-с, — прашаптаў кот Міамурмарор, — вунь, бачыш, побач з акацыяй на траве сядзіць таўстун? Гэта вартаўнік. Я іду да яго, а ты абыходзіш акацыю і неўпрыкметку падкрадваешся да каменя. Калі пачуеш ад вартаўніка: «Мур-мур мур», — значыць, ён заснуў, тады смела ідзі да каменя і набірай слязу.
— Наперад!Кот саскочыў з дрэва і, падняўшы хвост трубой, накіраваўся да вартаўніка. Наблізіўшыся да яго, кот сеў насупраць і паглядзеў таму прама ў вочы.
— Ох, які вялікі і прыгожы кот! — мімаволі захапіўся вартаўнік. — Але ты сюды дарма забраўся, тут чужым катам рабіць няма чаго.
Аднак дзённая спёка размарыла тоўстага вартаўніка, яму была лянота ўставаць і праганяць ката.
— Псік. Псік з саду, — таўстун млява махнуў рукой.
Замест таго, каб сысці, кот суровым голасам спытаў:
— Як цябе клічуць?
Вартаўнік разгубіўся, таму што да гэтага моманту нават дапусціць не мог, што каты ўмеюць размаўляць. Ён машынальна падабраў жывот і прадставіўся:
— Рахмадул... А што?
— Ну, ты, вядома, і малайчына, Рахмадул, — тым жа тонам працягваў кот, — табе загадана стаяць і сачыць за каменем, а ты на траве разваліўся, зброю на зямлю кінуў. Нягожа...
— А гэта... гэта... Я ж толькі на хвілінку прысеў... Дзіда і шчыт такія цяжкія. Не верыш, сам паспрабуй патрымаць, — стаў апраўдвацца Рахмадул.
— Які ж ты вартавы, раз прапаноўваеш незнаёмцу патрымаць сваю зброю?
— Ха-ха, — раптам засмяяўся таўстун, — Мне смешна... Што кот можа зрабіць з дзідай чалавека?
— Глядзі, — Міамурмарор тыркнуў вострыя кіпцюры ў тронак, прыпадняў дзіду і рэзкім рухам лапы, нібы строс яе. Дзіда праляцела некалькі метраў і ўваткнулася ў зямлю.
— Бачыш, уся справа ў тэхніцы кідання дзіды — кашэчая адрозніваецца ад чалавечай, але ўсё-ткі скарыстацца дзідай я магу не горш за цябе.
Вартаўнік глянуў, як паляцела яго дзіда, ды і застыў на месцы ад здзіўлення з шырока адкрытымі вачыма.
— Я гляджу, ты вельмі марудна разважаеш, — ацаніў яго выраз твару кот. — Але вартаўнік Вялікага Хана павінен кеміць вельмі хутка і свайму камандзіру ён павінен усё неадкладна дакладваць. Ты, наогул, можаш што-небудзь неадкладна і даслоўна дакладваць?
— Нну... ммагу, — затаптаўся таўстун, прамармытаў, — недакладна неадкладна дакладваць...
— Ясна... Здаецца цябе пара звальняць з вялікаханскай варты...
— Ну што ты!
— І няма чаго мне тыкаць, ты на працы, — абурыўся кот Міамурмарор.