Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

На знаёмай прагаліне было сыра і пуста, воглае вуголле на ўчарашнім вогнішчы паміж трох закапцелых камянёў апала маленькаю кучачкай. У шыпшынавым кусце з засмяглымі барвовымі ягадамі ён згледзеў свой чорны казан, трохі прыкіданы сапрэлым лісцем і падумаў: чорт з ім! Хай іржавее. Ён болей да яго не дакранецца, з самагонкай усё скончана. Азірнуўшыся, ён прысеў ля куста і пад зламаным сучком разгроб лісце, за брудную шыйку выцяг такую ж запэцканую чорнай зямлёй бутэльку, ашчадна ацёр яе касматай палой кажушка. Яны там пілі, здзекаваліся ці весяліліся, а ён не паспытаў нават. Ён ашчаджаў, стараўся, каб лепшай выгнаць. Каму? Пра каго ён клапаціўся, дурань? Пра сябе, канешне, але хіба пра сябе цяпер так клапаціцца трэба? Ах, дурніла старое…

Пятрок выдраў папяровы корак з бутэлькі і ашчадна глыкнуў раз, другі. Добрая, халера, гарэлачка, які ён усё ж маладзец, што не аддаў першака — хай п'юць тую бурду, тую рудую рэшту. Мабыць, ім усё роўна. А гэтай во самай лепшай ён сам пачастуе сябе, бо хто ж яго яшчэ пачастуе? І чым яшчэ паласаваць сябе, калі не закуркай ды гэтай во, праз гора выгнанай горкай. Праўда, без чаркі, нібы які п'яніца — з рыльца бутэлькі. Але што ж, такі распракляты час, зручны для смерці і зусім нягожы для людскога жыцця.

Ён яшчэ трохі выпіў, перавёў дух і падумаў, што ўсё ж гэта паскудства піць без закускі, хацеў шпурнуць бутэльку далей у роў, ды сквапна асцярогся: стала шкада недапітага. У думках ужо настала млявая лёгкасць, ягонае гора перастала быць такім безнадзейна горкім, як толькі што адчувалася, з'явілася прыемная ўпэўненасць у сабе і нават прыбыло сілы ў целе. Сволачы яны, канешне, думаў Пятрок пра паліцаяў, але і ён не даўбежка, не які там ахламон, недарэка, ён таксама трошкі цяміць у жыцці і нават у вайне, якую ён пабачыў у тую пару, як тыя пад сталом лазілі. Ён не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, яшчэ ён пастаіць за сябе. Во хоць бы і з гарэлкай: чорта ён даў ім гэтую найлепшую бутэлечку, нават выстаяў пад расстрэлам, нагледзеўся смерці ў вочы, а вот жа не аддаў, упёрся, і паехалі з чым і прыехалі. Скулля ім!

Не азірнуўшыся нават на сваю прагаліну, ён падлез пад калючы ельнік і, трохі запарушыўшы вочы, выбраўся на сцяжыну, па якой нетаропка патупаў у аўражнай цішы назад. Бутэльку з недапітым першаком не кідаў, трымаў у руцэ і думаў, што яшчэ трохі глыне і тады кіне ў ручэй. На завароце ручаіны, дзе разам заварочвала і сцежка, ён стаў, трохі здзіўлены, ледзь не сутыкнуўшыся з Рудзькам, сабака таксама, мабыць, дзівіўся гэтай нечаканай сустрэчы, але тут жа ўзрадаваўся, замахаў хвастом.

— Ну што, што, Рудзька? — загаманіў да яго Пятрок. Цяпер, мусіць, вельмі дарэчы было пагаманіць з кім-небудзь, але з кім жа тут пагамоніш, апроч як з выпадковым сабачкам. Рудзька, з пільнай увагай зразумець нешта, узіраўся ў яго твар сваімі пакутна-няўцямнымі вачмі і енчыў ціхенька, бы просячы штось.

— Галодны? Галодны, канешне. Ну, пайшлі. Цяпер, бачыш, няма анічога, ні якой крошкі. Во, бачыш? — спрабаваў вывернуць пустую кішэню Пятрок. — Няма. А ў хаце што-небудзь будзе. Пайшлі, дома цябе накармлю.

Ён пайшоў далей па сцежцы, думаючы, што на гэты раз трэба абавязкова што-небудзь даць Рудзьку, які ці не з учарашняга чакае яго тут, у рове. Але ж учора не далі тыя звяругі — добра яшчэ, што не прыстрэлілі на падворку. Ды і яго самога таксама хацелі застрэліць, што перажыў — страшна ўспамінаць нават.

— Во, брат, жыццё настала! — паскардзіўся Пятрок і азірнуўся на Рудзьку, які, бегучы ззаду, зноў уважлівей паглядзеў у ягоны твар і пакутна наморшчыў маленькія броўкі. — Жыццё! Сабак б'юць, як людзей, і людзей страляюць, нібы сабак. Ураўнялі род чалавечы! Падспасобілі пад скаціну якую, ага, брат!

«Хаця ім што, — думаў Пятрок, — ім абы жорсткасць сваю спраўляць, упівацца сілай, людскую кроў піць. Без крыві засмяглі б іх глоткі. І гарэлкаю не размочаць. Не, не размочаць. Ім пасля крыві гарэлку давай, а пасля гарэлкі зноў на кроў цягне. Во па гэтым коле і носяцца. Ах, звяругі, звяругі!»

Ён ужо ўпэўнена тупаў па сцежцы з цвёрдым намерам на хутары чым-небудзь накарміць Рудзьку, бо зусім асірацеў сабачка, мабыць, пабойваецца людзей і круціцца на адным месцы ў рове, дзе той страшной ноччу згубіў свайго Янку. Але Янка ўжо ўсё, Янка цяпер далёка, ягоная душа цяпер, мусіць, на небе. Бязгрэшная хлапечая душа, яна пэўне ж пападзе ў рай. А во куды пападуць нашы грэшныя душы?

Пяршак Пятрок не дапіў, цвяроза падумаў, што яму, мабыць, годзе, трэба палячыць Сцепаніду. Пасля ўсяго перажытага жонцы самы раз будзе глынуць які кілішачак жытняй — пэўна ж, прыбудзе сілы ды і бадзёрасці. Малы кілішачак гэта як лекі, і неблагія лекі прытым, самі дактары не адмовяцца. А дактары знаюць, як трэба піць. Дактары ўсё знаюць: і што піць, і чым закусваць. Яму таксама не шкодзіла б чым закусіць, дужа хацелася есці, асабліва цяпер, пасля выпіўкі. Усе гэтыя дні галодны, не раўнуючы як той Рудзька.

— Там паямо, — азірнуўшыся, абнадзеіў Пятрок сабачку, які, не адстаючы ні на крок, бег следам. — Ужо мы цяпер паямо…

З натугай, аж спацела спіна, ён ускараскаўся па крутой сцяжыне на ўзровак. Сабачка, зразумеўшы нарэшце, куды ўзяў кірунак Пятрок, трохі абмінуў яго і пабег наперадзе, дужа не выпінаючыся, аднак, перад чалавекам. Пятрок думаў, што трэба найперш засмажыць бульбы з салам, калі яшчэ засталося яно ў кубёлку. Прыйдзе, абярэ бульбы і засмажыць, дасць есці Сцепанідзе і знойдзе што кінуць гэтаму беспрытульнаму Рудзьку. Бо хто ж яго накорміць цяпер? Тут жа забілі Янку, во ён і круіццца. Счытай, ужо як бы тутэйшы сабака. З Яхімоўшчыны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: