Бёль Генрых
Шрифт:
— Не надумайся браць на трэцяе гэтае чырвонае месіва — страшэнная дрэнь, і ванільны соус падгарэў.
З пакоя пачуўся голас яе напарніцы:
— У нашых экскурсантаў сёння абед будзе смачнейшы! З шэфа за гэта належыць!
— За ім не затрымаецца, — адказала дзяўчына, што стаяла над рукамыйнікам. — Для дзесяці чалавек, якія сёння засталіся, наладзяць асобную экскурсію. Гэта значна лепш, чым ехаць усім скопам.
— Ты бачыла сёння раніцай чырвоныя аўтобусы? Шыкоўныя машыны!
— А як жа, я якраз ішла на работу, калі яны пад'язджалі.
Дзяўчаты замаўчалі. Альберту хацелася яшчэ хоць раз пачуць голас тэлефаністкі, якая сядзела ў пакоі. Ён адразу пазнаў гэты голас: дзяўчына шмат разоў злучала яго з Бразготам. Часам ён набіраў нумар рэдакцыі толькі дзеля таго, каб пачуць яе голас. У ім гучала нейкая ласкавая леная пакора і раптам праслізгвалі нечаканыя наравістыя ноткі, якія нагадвалі голас Лін.
Дзяўчына над рукамыйнікам абыякава ўсунула нож і відэлец у кішэню халата, выцягнула грабянец з валасоў і, заціснуўшы яго ў зубах, пачала падкручваць локаны.
Альберт падышоў да яе:
— Ад вас можна пазваніць у горад? — спытаў ён. — У мяне тэрміновая справа!
Дзяўчына адмоўна пакруціла галавой, працягваючы ўкладваць локаны сваіх негустых валасоў.
Затым, выцягнуўшы з рота грэбень, яна ўваткнула яго ў рэдзенькі вузел на патыліцы і сказала:
— З камутатара нельга. А вы пазваніце з аўтамата.
— Я не магу адысціся. Я чакаю Бразгота.
— Ён вось-вось з’явіцца, — пачуўся з пакоя голас другой дзяўчыны, — ён толькі што званіў і сказаў, што зараз будзе тут.
Альберт спрабаваў па голасе вызначыць яе знешнасць. Ён уявіў сабе высокую поўную дзяўчыну з павольнай плаўнай паходкай. Ён захацеў паглядзець на яе — на дзяўчыну з пяшчотным голасам, у якім гучала ласкавая пакора. Твар у яе павінен быць белым, чыстым, з вялікімі задумлівымі вачамі.
Яе сяброўка ўсё яшчэ круцілася перад люстэркам. Цяпер яна пудрыла пачырванелы нос.
— Дык ты кажаш, каўбаса смачная? — запыталася тая, што заставалася ў пакоі.
— Цудоўная! I гарнір таксама! Папрасі дабаўкі не пашкадуеш. Нават кава стала лепшая з той пары, як мы ўзбунтаваліся. А заместа пудынгу вазьмі міндальнае пірожнае.
— Трэба было б паскардзіцца наконт пудынгу. Якая брыдота!
Альберт ніяк не рашаўся пайсці. Было ўжо чвэрць другой.
— Сапраўды! Дзяўчаты з магазіна, што насупраць, тое ж самае гаварылі.
Яна адышла ад люстэрка, штуршком нагі адчыніла дзверы, і Альберт убачыў тэлефаністку, якая сядзела ў пакоі. Ён нават спалохаўся — дзяўчына аказалася менавіта такой, як ён яе сабе ўяўляў. Бландзінка з мяккімі рысамі твару і вялікімі цёмнымі вачамі, марудлівая і пяшчотная — ціхі вір. Апранута яна была сціпла: з-пад расшпіленага халата была відаць рудая спадніца і зялёны джэмпер.
— «Суботні вечар». Не, сёння тут нікога няма. Усе паехалі за горад, на экскурсію… Не… пазваніце, калі ласка, заўтра раніцай.
Дзверы зачыніліся, і Альберт нейкі час яшчэ чуў, як дзяўчаты працягвалі гаворку пра яду. Затым дзверы зноў адчыніліся, і бялявая дзяўчына, трымаючы ў руках сталовы прыбор, прайшла ў глыб цёмнага калідора.
Дзіўна, голас гэтай дзяўчыны заўсёды нагадваў яму Лін. Але ж яна зусім не была на яе падобнай. Лін заўсёды гаварыла яму па тэлефоне ўсё тое, пра што саромелася гаварыць, калі ён быў з ёю. Яна ўспамінала ўсю тэалагічную прамудрасць і горача шаптала ў залапаную трубку лонданскага аўтамата цэлыя лекцыі пра шлюб і грахоўную страсць да шлюбу. Лін хутчэй скончыла б жыццё самагубствам, чым згадзілася б зрабіцца яго палюбоўніцай.
Паходка высокай, станістай дзяўчыны, якая знікла за паваротам на лесвіцу, была поўная прыроджанай вытанчанасці. Раптоўнае жаданне апякло Альберта. Добра б ажаніцца з такой вось русалкай, ласкавай і лянівай — з дзяўчынай з голасам Лін, але зусім не падобнай на яе.
Заглыблены ў свае думкі, Альберт, нічога не бачачы, глядзеў у пафарбаваныя пад арэх дзверы камутатарнай і ўздрыгнуў, калі ў калідор уляцеў Бразгот.
— Прабач, што я змусіў цябе чакаць, — усклікнуў ён, — мне неабходна пагаварыць з табой, неабходна!
Абняўшы Альберта за плечы, Бразгот пацягнуў яго да выхада, пасля рынуўся назад, ірвануў дзверы ў камутатар і крыкнуў тэлефаністцы:
— Калі пазвоняць, я буду дома пасля пяці.
Ён вярнуўся да Альберта, і яны разам пачалі спускацца па лесвіцы.
— Ты можаш выдзеліць мне крыху часу? — спытаў Бразгот.
— Так, але спачатку мне трэба зазірнуць дамоў, глянуць, што там з хлопчыкам.
— Там нам ніхто не перашкодзіць?
— Ніхто.
— Ну дык паедзем да цябе. Пра якога хлопчыка ты гаворыш? У цябе, што, ёсць сын?