Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

— Гэта нейкі Гезелер, — са злосцю сказаў Бразгот. — Ты яго ведаеш?

— He.

Раней адно гэтае імя выклікала ў Альберта лютую нянавісць. Але цяпер ён толькі ўздрыгнуў… Яму раптам зрабілася зразумелым, на што намякала Нэла, калі гаварыла пра «задуманую справу».

— He, ты ўсё ж ведаеш яго, — сказаў Бразгот і зноў падышоў да стала.

Па ягоным твары Альберт зразумеў, як выглядаў ён сам, калі пачуў імя Гезелера.

— He зусім так. У свой час я ведаў аднаго Гезелера — жудасная свалата.

— У тым, што ён свалата, у мяне няма сумнення, — сказаў Бразгот.

— Чым ён займаецца? — спытаў Альберт.

— Нейкая скаціна з католікаў. Прамышляе ў галіне культуры. Вось ужо тры тыдні, як ён працуе ў рэдакцыі «Весніка».

— Дзякуй за камплімент, — сказаў Альберт, — я, між іншым, таксама католік.

— Вельмі шкадую, — сказаў Бразгот, — я хацеў сказаць, цябе шкадую, канешне. Свае словы я назад не бяру. Так ці іначай — ён скаціна. А той Гезелер, якога ты ведаў, што ён табе зрабіў?

Альберт устаў. Яны памяняліся ролямі. Зараз ужо Альберту, які спыніўся каля акна, трэба было іграць ролю бадзягі або абаяльнага героя, што, не губляючы вытрымкі, збіраецца адкрыць душу. Заставалася толькі зняць яго буйным планам.

Зрэшты, Альберт сапраўды спачуваў Бразготу, які меланхалічна корпаўся запалкай у зубах, але думка пра хлопчыка, які усё яшчэ не вяртаўся, не пакідала яго ў спакоі. Для яго было пакутай зноў расказваць гэту гісторыю, столькі разоў ужо расказаную. Яму здавалася, што ад частага паўтарэння яна сцерлася, вынасілася да непазнавальнасці. Ён расказваў яе маці Нэлы, самой Нэлі, а ў першыя гады пасля вайны і маленькаму Марціну. Але апошнім часам хлопчык чамусьці не прасіў яго пра гэта.

— Ну, выкладвай, — сказаў Бразгот.

— Забіты муж Нэлы на сумленні таго Гезелера, якога я ведаў. Ён забіў яго самым законным спосабам, на фронце, так што нельга прыдрацца: паслаў яго на смерць. Раней я з лёгкай душой гаварыў: «Забіў» — цяпер я проста не магу падабраць іншае слова. Але які сэнс расказваць табе ўсё гэта? Мы ж не ўпэўнены ў тым, што гэта той жа Гезелер.

— Не міне і гадзіны, як мы даведаемся пра гэта: у суботнім нумары «Весніка» змешчаны ягоны фотаздымак. Не надта ўжо многа на свеце свалаты з прозвішчам Гезелер.

— Ды табе-то што ён зрабіў?

— Ах ты, Божа, — нічога, — саркастычна ўсміхнуўся Бразгот. — Хіба такія што зробяць?

— Ты ўпэўнены, што яна паехала з гэтым Гезелерам?

— Я бачыў, як яны садзіліся ў машыну.

— Як ён выглядае?

— Да чаго гэта? Я ж табе кажу: варта толькі пазваніць, і праз гадзіну газета з ягоным фотаздымкам будзе ў нас на стале.

Альберт баяўся, што гэта будзе той самы Гезелер. Ён адмоўна пахітаў галавой, але Бразгот ужо набіраў нумар. Альберт зняў адводную трубку і, пачуўшы далёкі голас: «„Суботні вечар“ слухае», адразу зразумеў, што адказала дзяўчына, якая стаяла каля люстэрка. Але тут жа ён пачуў фразу, прамоўленую голасам другой тэлефаністкі: «Ты мела рацыю: пудынг — брыдота!»

— Вы што, як мае быць уключыць не можаце? — раз’юшыўся Бразгот. — Я чую ўсё, што гавораць у вас на камутатары.

Альберт паклаў адводную трубку.

— Дастаўце мне суботні нумар «Весніка». Каб праз гадзіну быў тут. Няхай Велі на матацыкле прывязе. Ды не, не дадому, а сюды, на кватэру да Мухава. Запішыце адрас і тэлефон. Калі хто будзе пытаць, няхай пазвоняць сюды. Калі буду адыходзіць, я сам вам пазваню. — Ён паклаў трубку і, звяртаючыся да Альберта, сказаў: — Ну, давай расказвай.

Было ўжо палова трэцяй. Хлопчык яшчэ не прыходзіў. Гэта хвалявала Альберта.

— Летам тысяча дзевяцьсот сорак другога года здарылася гэта. Была раніца. Мы акапаліся на подступах да сяла Калінаўка. Наш узвод якраз прыняў новы лейтэнант. Ён перапаўзаў з акопа ў акоп, знаёміўся з людзьмі. Гэта і быў Гезелер. У нашай ячэйцы ён затрымаўся даўжэй, чым у іншых. Вакол цішыня.

«Я шукаю двух талковых хлопцаў», — сказаў ён нам. Мы прамаўчалі. «Двух талковых хлопцаў, зразумелі?» — паўтарыў ён. «Мы бесталковыя», — сказаў Рай. «Ты, як бачна, талковы», — засмяяўся Гезелер. «Мы ж з вамі на брудэршафт не пілі», — адказаў Рай.

Альберт замоўк. Яму здавалася, што ён лыжкай чэрпае смерць з кацялка. Навошта? Навошта ўсё гэта зноў расказваць? Трэба ж было гэтаму надарыцца, зноў невядома адкуль усплыў чалавек з прозвішчам Гезелер, да якога Бразгот прыраўнаваў Нэлу.

— Гэты адказ, — праз сілу працягваў ён, — вырашыў лёс Рая. Гезелер паслаў нас у разведку. На такую справу мы былі абсалютна няздатныя. Усе гэта разумелі. Наш фельдфебель, які добра нас ведаў, спрабаваў адгаварыць Гезелера, і нават капітан, наш ротны, умяшаўся і спрабаваў давесці яму, што наўрад ці ўдасца нам такая рызыкоўная вылазка. Вёска быццам вымерла, і ніхто не ведаў, ці ёсць там рускія. Усе наперабой стараліся пераканаць Гезелера, але ён нікога не слухаў і толькі крычаў: «Я вас пытаю, выконваюць тут загады афіцэра або не?» Ротны і сам ужо не ведаў, як выблытацца з гэтай гісторыі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: