Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

Вуліца апусцела. Перасіліўшы пазяханне, Альберт адышоў ад акна. нічога не ўзяў з сабой пачытаць, разлічваў, як заўсёды, спарадкаваць усе справы з Бразготам за чвэрць гадзіны. У рэдакцыі ён звычайна здаваў малюнкі, атрымліваў чэк — ганарар за ўжо падрукаваныя — і, пасядзеўшы хвілін пяць у Бразгота, адыходзіў. Калі, закрыўшы за сабой дзверы яго кабінета, Альберт па доўгім калідоры кіраваўся да ліфта, ім адразу ж авалодвала знаёмае адчуванне трывогі. Ён ведаў, што гэтае адчуванне не пакіне яго цэлы тыдзень, — цэлы тыдзень будзе здавацца, што цяпер яму ўжо не прыдумаць нічога талковага або што чытачы часопіса «Суботні вечар» аднойчы катэгарычна запатрабуюць ад рэдакцыі ўзяць на яго месца новага карыкату ры ста. Гэтым драпежнікам, што абжэрліся чалавечынай, захочацца, чаго добрага, пагуляць у вегетарыянцаў.

Але з таго часу як ён адшукаў кардонку «Санлайт», набітую старымі малюнкамі, гэты кашмар не мучыў яго больш. Шаснаццаць гадоў назад, напаўгалодны, адурэлы ад моцнай табакі і разведзенага віскі, ён праседжваў цэлымі днямі ў лонданскіх піўных і маляваў дзеля забаўкі, не ведаючы, як патраціць час. Цяпер ён здаваў гэтыя малюнкі ў рэдакцыю адзін за адным, і яны прынеслі яму ўжо дзвесце марак, не ўлічваючы ганарараў за перадрук у іншых часопісах. Бразгот быў у захапленні:

— Каб цябе чэрці! Ты пачаў працаваць у новым стылі. Зразумела, тваю руку адразу пазнаеш, і адначасова гэта нешта новае. Поспех у чытачоў забяспечаны. Віншую! Выдатна!

Так было і сёння. Атрымаўшы чэк, ён паціснуў Бразготу руку і накіраваўся да дзвярэй. Але той крыкнуў яму ўслед:

— Пачакай крыху ў тым пакоі. Мне абавязкова трэба з табой пагаварыць.

Альберт да гэтага часу пабойваўся Бразгота, хоць прайшло ўжо два тыдні з той пары, як яны перайшлі на «ты». Грунтоўна выпіўшы на нейкай загараднай прагулцы, яны высветлілі, што прытрымліваюцца адной думкі па цэлым шэрагу пытанняў. Ды ўсё ж ён пабойваўся Бразгота, пабойваўся нават цяпер, пасля ўсіх яго захапленняў з прычыны новага стылю. Гэта былі водгукі ранейшага страху, з якім трэба было скончыць, перш чым душой авалодае новы страх — страх перад Нэлай: ён баяўся трапіць ёй на кручок.

Альберт заўсёды карыстаўся вялікім аўтарытэтам у дзяцей і адчуваў гэта. Яму не хацелася расчароўваць Нэлу, але ў той жа час ён выдатна разумеў, куды яна гне, хоць і не прызнаваўся ёй у тым.

З таго дня як ён наткнуўся на старыя малюнкі ў карабку «Санлайт», яму ўсё часцей успаміналіся гады, праведзеныя ў Лондане. У свядомасці зноў ажывалі карціны «жыцця ў чацвёртым вымярэнні» — непражытага жыцця, якое ён мог бы пражыць. Хутар бацькоў Лін у Ірландыі стаў бы ягоным домам. У думках ён маляваў эскізы для паведамленняў пра пахаванні, пра дні нараджэння для друкарні суседняга гарадка, рабіў эскізы пераплётаў…

…У тыя дні Нэла закідвала яго пісьмамі, маліла вярнуцца, і ён не выканаў апошняга жадання Лін і не паехаў у Ірландыю. Замест гэтага ён вярнуўся ў Германію. Навошта? Каб маляваць этыкеткі для бляшанак з павідлам і стаць сведкам гібелі Рая? Рай пайшоў на смерць на яго вачах, і ён не змог перашкодзіць гэтаму. Змагацца з тупой магутнасцю арміі было яму не па сіле. Альберт пазбягаў думаць пра гібель Рая. З гадамі яго нянавісць да Гезелера прытупілася, паступова згасла; ён толькі зрэдку ўспамінаў пра яго. Не мела сэнсу марыць пра тое, як бы склалася жыццё, калі б Рай не загінуў на вайне. Тут фантазія адмаўлялася служыць яму: ён занадта добра помніў смерць Рая. У тое імгненне ён асабліва ясна зразумеў, што смерць — гэта канец усяму. Рай ляжаў з разварочаным горлам, захлёбваючыся ва ўласнай крыві, і Альберт бачыў, як ён павольна перахрысціўся дрыжачай рукой. У прыпадку шаленства ён тут жа даў Гезелеру аплявуху. Але пасля ў ваеннай турме яго нянавісць да Гезелера страціла сваю вастрыню, і толькі адсутнасць пісьмаў ад Нэлы не давала яму спакою. Ён так і не даведаўся тады, ці ўдала яна нарадзіла.

Альберт уперыўся ў вялікую карту Германіі, што вісела на сцяне. Мясціны, дзе чыталі і выпісвалі «Суботні вечар», былі пазначаны чырвонымі сцяжкамі. Сцяжкі так засеялі карту, што на ёй амаль нічога нельга было разабраць: назвы гарадоў, рэк і горных хрыбтоў былі схаваныя за суцэльнай завесай чырвоных сцяжкоў з надпісам «Суботні вечар»…

З кабінета Бразгота па-ранейшам у не даносілася ні гуку. Цішыня, што панавала ў гэтым вялікім, заўсёды такім шумным доме, гняла Альберта. Гадзіннік ва універмагу паказваў ужо дзесяць хвілін на другую праз пяць хвілін Марцін вернецца са школы.

На тым баку вуліцы дзяўчаты ў чорных халатах пад наглядам шакаладнай дамы наклейвалі ў прасценках паміж вітрынамі рэкламныя плакаты; белы надпіс на чырвоным фоне апавяшчаў: Надзейна, выгадна!

Бразгот усё яшчэ не з’яўляўся, і гэта пачынала раздражняць Альберта. Ён непакоіўся за Марціна. Хлапчук жа такі няўважлівы. Паставіць падагрэць абед, а сам пойдзе ў пакой, адкрые кнігу, разамлее ў цяпле і зараз жа засне. Тым часам суп на кухні выкіпіць, бульба ператворыцца ў шматкі сажы, а локшыны — у нешта накшталт вугальнага брыкету. На стале ляжалі старыя нумары «Суботняга вечара» з малюнкамі Альберта на чацвёртай старонцы вокладкі. Альберт адчыніў дзверы ў калідор і прыслухаўся — ні гуку. Нідзе не грукалі дзверы, не званіў тэлефон, нідзе не відно было ўсіх гэтых журналістаў з зусім хлапечымі, вельмі жыццярадаснымі і вельмі журналісцкімі фізіяноміямі, якія заўсёды нагадваюць герояў кепскіх фільмаў, гавораць мовай кепскіх радыёпастановак.

Сёння рэдакцыя пуставала. Унізе каля ўвахода быў вывешаны вялікі белы плакат: Зачынена з прычыны загараднай экскурсіі. Швейцар доўга не хацеў упускаць Альберта. Выдавец «Суботняга вечара» лічыў, мабыць, прыкметай асаблівага арыстакратызму наўмысна запушчаны выгляд рэдакцыйных памяшканняў. Убоства абсталявання, якое кідалася ў вочы, не адпавядала даходам выдавецтва. Голыя бетонныя сцены былі ўпрыгожаны толькі плакатамі, ды на аднолькавай адлегласці адна ад адной віселі дошчачкі, на якіх стылізаваным дзіцячым почыркам, як на рэкламах школьных прыналежнасцей, было напісана: «Калі ты напляваў на падлогу, ты свіння», або «Калі ты кідаеш на падлогу недакуркі — ты таксама свіння». Альберт уздрыгнуў, калі адны з дзвярэй, што выходзілі ў калідор, раптоўна адчыніліся. Але з дзвярэй выйшла дзяўчына-тэлефаністка, якая працавала на камутатары. Падышоўшы да рукамыйніка, яна пачала мыць відэлец і нож. Затым, павярнуўшыся да адчыненых дзвярэй, сказала ўсё тую ж знаёмую фразу:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: