Бёль Генрых
Шрифт:
Hi на чым не спыняючыся, ён перагортваў дзіцячыя часопісы і кніжкі, якія ляжалі на прылаўку, затым папрасіў гаспадыню паказаць яму завадныя і драўляныя цацкі і нарэшце адклаў убок комікс пра каўбоя Кесідзі.
Бразгот, відаць, разбіраўся ў пінг-понгах. перабраўшы безліч мячоў і ракетак, ён забракаваў некалькі камплектаў, папрасіў запакаваць самы дарагі і кінуў на прылавак грошы. Гаспадыня дэманстравала Альберту гумавыя надзіманыя цацкі. Ён спяшаўся і быў раздражнёны, — размова з Бразготам зноў прымусіла яго задумацца пра свае адносіны з Нэлай. Ён з агідай глянуў на ядавіта-зялёнага кракадзіла, які востра пах гумай. Гаспадыня з усяе сілы спрабавала надзьмуць яго, але безвынікова, — здавалася, што яна жуе цвёрды кавалак смажаніны.
Твар яе пачырванеў ад натугі, акуляры з’ехалі на нос, кроплі поту каціліся па шчоках. Гумавы вентыль пакрыўся бурбалкамі сліны, але кракадзіл толькі ледзь-ледзь павялічыўся ў аб’ёме.
— Дзякуй, — сказаў Альберт, — дзякуй. Можа, іншым разам.
Жанчына выпусціла з рота вентыль, але так няспрытна павярнула цацку, што паветра, якое выходзіла з яе, — сумесь нясвежага дыхання з пахам гумы — ударыла проста ў твар Альберту.
— Дзякуй, — паўтарыў ён раздражнёна, — я вазьму вось гэта.
Ён паказаў на кардонны шчыт, да якога шпагатам былі прымацаваны малаткі, пласкагубцы і буравы.
Гаспадыня пачала загортваць набор інструменту. Альберт, дастаючы з кішэні грошы, раптам успомніў, што Марціну гэта непатрэбна. Гэтак жа, як і ягоны бацька, ён быў зусім абыякавы да тэхнікі і не любіў майстраваць.
Яны пакінулі магазін. Праехалі на вялікай хуткасці некалькі вуліц, затым Альберт перасек шырокі праспект і прытармазіў у цяністай каштанавай алеі.
— Вось мы і прыехалі,— сказаў ён, спыніўшы машыну.
Бразгот вылез, трымаючы пад пахай карабок з пінг-понгам.
— Добра ў вас тут, — сказаў ён.
— Але, проста выдатна, — азваўся Альберт.
Ён адчыніў садовую брамку і пайшоў наперадзе. Бразгот ішоў услед. Марцін яшчэ не вярнуўся са школы. Альберт адразу ж заўважыў гэта: запіска, якую ён раніцай прымацаваў да дзвярэй, вісела на ранейшым месцы. Ён напісаў яе чырвоным алоўкам. «Пачакай мяне з абедам — сёння я не спазнюся». Слова «сёння» двойчы падкрэслена. Альберт зняў запіску, адамкнуў дзверы, і яны ўвайшлі ў цёмную прыхожую, абабітую зялёным шоўкам. Тканіна няблага захавалася, але выгарала. Вузкія мармуровыя паскі, якія падзялялі сцены на зялёныя квадраты, дзе-нідзе пайшлі жоўтымі плямамі. На радыятары ацяплення ляжаў слой пылу. Заўважыўшы самакат Марціна, які быў коса прыстаўлены да радыятара, Альберт паставіў яго прама, а Бразгот паправіў прычэплены да руля трохколерны вымпел, чырвона-бела-зялёны.
— Калі ласка, — сказаў Альберт.
У гасцінай было ціха і змрочна. Вялікае люстэрка Ў прасценку паміж дваімі дзвярыма цалкам адлюстроўвала партрэт, што вісеў насупраць. Бразгот пачаў разглядваць яго. Гэта быў накід тэмперай, зроблены паспешнымі, грубымі мазкамі, але вельмі таленавіта. Юнак у ярка-чырвоным світэры стаяў, апусціўшы вочы, быццам чытаючы надпіс на кавалку блакітнага кардону, які трымаў у руцэ. Надпіс быў, мабыць, зроблены ім самім, бо ў другой руцэ ён трымаў аловак. У ягоных зубах дыміла люлька…
Бразгот здолеў прачытаць ярка-жоўты надпіс на блакітным кардоне: «Дамашнія локшыны Бамбергера».
Альберт вярнуўся з кухні, не зачыніўшы за сабой дзвярэй, і Бразгот заўважыў, што кухня вельмі вялікая. Сцены абкладзеныя белай кафляй, а на ёй мазаіка з маленькіх чорных плітак, якая выяўляе розныя сімвалы кулінарнага мастацтва, — палонікі, каструлі, скавароды, велізарныя ражны, і сярод гэтых узораў красуецца надпіс: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік».
— Гэта яе муж-паэт на партрэце? — спытаў Бразгот.
— Ды ты паглядзі адсюль, так лепш бачна.
Мякка ўзяўшы Бразгота за плячо, Альберт павярнуў яго тварам да люстэрка, якое па намеры было гэтакім жа, як і партрэт. Бразгот задумліва глядзеў на партрэт у люстэрку, на кавалак блакітнага кардону з перавернутымі жоўтымі літарамі. Люстэрка адбівала яго і Альберта, іх стомленыя твары і парадзелыя валасы. Зірнуўшы адзін на другога, яны ўсміхнуліся.
— Пачакаем з абедам, пакуль не прыйдзе хлопчык, — сказаў Альберт. — А пакуль што вып ем.
Яны прайшлі ў пакой Альберта, прасторны і светлы, з высокай столлю. Каля сцяны стаяў ложак, насупраць яго — рабочы стол. Стол быў вялізны, але паміж ім і ложкам заставаўся яшчэ шырокі праход.
Каля самага акна стаяла кушэтка, каля яе шафа, крэсла і столік з тэлефонам.
Альберт дастаў з шафы кілішкі, бутэльку каньяку і паставіў на стол.
Бразгот сеў і закурыў. Усё навокал дыхала спакоем. Дом і сад патаналі ў глыбокай дрымотнай цішыні. Даўно ўжо ён не адчуваў такой асалоды. Яму тут было добра, і маючая адбыцца гаворка з Альбертам пра Нэлу ўзбуджала ў ім радаснае прадчуванне. Пакуль Альберт наліваў кілішкі, Бразгот падняўся, падышоў да акна і расчыніў яго. Аднекуль здалёк пачуліся дзіцячыя галасы і смех. Па вясёлых крыках дзяцей можна было адразу здагадацца, што яны пялёхаюцца ў вадзе. Бразгот вярнуўся да стала, сеў насупраць Альберта і прыгубіў наліты кілішак.