Вход/Регистрация
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
вернуться

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

— Апроч таго, — адказаў Міясан, — што ў святле поўні я дакладна пазнаў ювеліра, у ля Рэньі я бачыў кінжал, якім забілі Кардыльяка. Ён належыць мне і пазнаецца па тонкай апрацоўцы дзяржальна. Стоячы за крок ад хлопца, у якога зваліўся капялюш, я добра разгледзеў яго твар і напэўна пазнаў бы яго.

Некалькі імгненняў д’Андыі моўчкі глядзеў перад сабой, а потым загаварыў:

— Звычайным спосабам Брусона аніяк нельга ўратаваць з рук юстыцыі. Дзеля Мадлон ён не хоча назваць Кардыльяка забойцам. Зрэшты, гэта не так істотна, бо нават калі б ён патрапіў даказаць гэты факт, паказаўшы патаемны выхад і нарабаваныя скарбы, яго ўсё адно напаткала б смерць як хаўрусніка. Нічога не зменіць і аповед графа Міясана аб праўдзівых абставінах здарэння з ювелірам. Адтэрміноўка — вось тое, да чаго насамрэч варта імкнуцца. Дапусцім, граф Міясан ідзе ў турму Кансьержэры, просіць паказаць яму Аліўе Брусона і пазнае ў ім таго, хто знёс з месца забойства труп Кардыльяка. Тады ён спяшаецца да ля Рэньі і кажа: «На вуліцы Сэн-Анарэ я бачыў зарэзанага чалавека. Я стаяў вельмі блізка да цела, калі да яго падскочыў нехта, схіліўся над ім і, убачыўшы прыкметы жыцця, ускінуў яго на плечы і панёс прэч. У Аліўе Брусону я пазнаў таго незнаёмца». Гэтае сведчанне змушае паўторна дапытаць Брусона і зладзіць яго вочную стаўку з графам Міясанам. Гэтага досыць — катаванні адмяняюцца, і следства працягваецца. І вось тады надыходзіць час звярнуцца да караля. Зрабіць гэта як найтанчэй — справа вашага вострага розуму, пані. На маю думку, добра было б адкрыць каралю ўсю таямніцу. Сведчанні графа Міясана падмацуюць прызнанне Брусона. Той жа вынік, напэўна, дадуць і таемныя росшукі ў доме Кардыльяка. Усё гэта стане падставай не для судовага выраку, а для рашэння караля на аснове ўнутранага пачуцця, якое злітуецца там, дзе суддзя мусіць караць.

Граф Міясан акуратна выканаў парады д’Андыі, і ўсё сапраўды сталася так, як той прадбачыў.

Цяпер прыйшоў час звярнуцца да караля, і гэта быў самы складаны крок, бо той лічыў Брусона жахлівым забойцам, які так доўга сеяў па ўсім Парыжы страх і жуду, і меў да яго такую агіду, што найменшы напамін пра следства выклікаў у яго выбух абурэння. Мэнтэнон, верная свайму правілу ніколі не казаць каралю непрыемнасцяў, адмовіла ў пасярэдніцтве, і лёс Брусона апынуўся цалкам у руках Скюдэры. Пасля доўгіх развагаў апошняя гэтак жа хутка прыняла рашэнне, як затым выканала яго. Яна надзела чорную вечаровую сукню з цяжкога шоўку, упрыгожылася каштоўнымі каралямі Кардыльяка, начапіла доўгі чорны вэлюм і ў такім выглядзе з’явілася ў пакоях Мэнтэнон у час, калі там быў кароль. Шляхетная постаць высакароднай пані ва ўрачыстым уборы выглядала велічна і мусіла выклікаць глыбокую пашану нават у шалапутнага люду, які прызвычаіўся таўчыся ў перадпакоях палаца, легкадумны і да ўсяго абыякавы. Усе пачціва расступіліся, калі яна ўвайшла, і нават сам кароль здзіўлена падняўся і рушыў ёй насустрач. Аслеплены бляскам дарагіх дыяментаў, ён усклікнуў:

— Клянуся небам, гэта каралі Кардыльяка!

І, звяртаючыся да Мэнтэнон, дадаў з прыязнай усмешкай:

— Зірніце толькі, пані маркіза, як нашая чароўная нявеста тужыць па сваім жаніху!

— Ах, сір, — адгукнулася Скюдэры, нібыта падтрымліваючы жарт, — ці пасавалі б прыгнечанай горам нявесце такія пышныя аздобы? Не, я адраклася ад гэнага залатара і ўвогуле б не згадвала пра яго, калі б перад вачыма не ўзнікаў раз-пораз жахлівы малюнак, як яго, забітага, праносяць проста ля мяне.

— Як?! — здзівіўся кароль. — Вы бачылі яго, небараку?

Скюдэры каротка расказала, як выпадак (яна пакуль не згадвала пра ўмяшальніцтва Брусона) прывёў яе да дому Кардыльяка якраз тады, калі было адкрытае здзейсненае ўначы забойства. Яна апісала бязмежны боль Мадлон, глыбокае ўражанне, што зрабіла на яе гэтае анёльскае дзіця, спосаб, якім яна ўратавала няшчасную з рук Дэгрэ пад ухвальны галас натоўпу. Цікавасць караля ўзрасла, калі пайшло апісанне сцэн з удзелам Дэгрэ, ля Рэньі і самога Брусона. Захоплены жывым і яркім аповедам Скюдэры, кароль забыў, што гаворка ідзе пра ненавісны працэс агіднага яму Брусона, і час ад часу выказваў воклічамі свае пачуцці. Не паспеў ён ачомацца, агаломшаны нечуванай гісторыяй, пра якую толькі што даведаўся, як Скюдэры кінулася яму ў ногі і папрасіла літасці да Аліўе Брусона.

— Што вы робіце?! — абурыўся кароль, схапіўшы яе за рукі і змусіўшы сесці ў фатэль. — Што вы робіце, пані?! Вы здзіўляеце мяне бязмежна. Жудасная гісторыя! Хто пацвердзіць, што фантастычны аповед Брусона — праўда?

— Сведчанні Міясана, росшукі ў доме Кардыльяка, унутранае перакананне і — ах! — цнатлівае сэрца Мадлон, што адчула тую ж цноту ў няшчасным Брусону! — адказала Скюдэры.

Кароль, які хацеў быў нешта адказаць, павярнуўся на шум, што даляцеў ад дзвярэй. Лувуа, які працаваў у суседнім пакоі, зазірнуў з заклапочаным выразам твару. Кароль падняўся і выйшаў следам за ім. Скюдэры і Мэнтэнон палічылі гэты перапынак небяспечным, бо, аднойчы заспеты знянацку, кароль мог потым засцерагчыся, каб другі раз не трапіць у пастаўленую пастку. Але праз некалькі хвілін кароль вярнуўся, некалькі разоў прайшоўся туды-сюды, урэшце спыніўся перад Скюдэры, і, склаўшы рукі за спінай і не гледзячы на яе, напаўголаса прамовіў:

— Мне б хацелася зірнуць на вашую Мадлон.

— О, літасцівы пане, якую вялікую ласку зробіце вы беднаму, няшчаснаму дзіцяці! Ах, адзін толькі знак — і вы ўбачыце яе ля сваіх ног!

Сказаўшы гэта, Скюдэры так хутка, як дазваляў ёй цяжкі строй, падбегла да дзвярэй і крыкнула, што кароль жадае бачыць Мадлон Кардыльяк, а потым вярнулася і заплакала ад радасці і ўзрушэння.

Скюдэры прадчувала такую міласць, таму прывяла з сабою Мадлон, якая чакала ў пакаёўкі маркізы з кароткім хадайніцтвам, складзеным для яе д’Андыі. Праз лічаныя імгненні яна ўжо ляжала ля ног караля, не ў стане вымавіць ні слова. Страх, збянтэжанасць, баязлівая пашана, каханне і боль усё хутчэй гналі гарачую кроў па яе жылах. Яе шчокі палалі, вочы блішчэлі празрыстымі перлінамі слёз, якія адна за адной падалі з шаўковых веяў на прыўкрасныя бялюткія грудзі. Кароль, здавалася, быў зачараваны пекнатой анёльскага дзіцяці. Ён мякка падняў дзяўчыну з падлогі і нібы памкнуўся пацалаваць яе руку, якую трымаў у сваёй. Адпусціўшы мілае дзіця, кароль глядзеў на Мадлон вільготнымі ад слёз вачыма, якія сведчылі пра глыбокую ўзрушанасць. Мэнтэнон ціха прашаптала Скюдэры:

— Вы не знаходзіце, што юнае стварэнне надзвычай падобнае да Лавальер, ну проста адзін твар? Кароль аддаўся салодкім успамінам. Вы выйгралі.

Як бы ціха ні казала Мэнтэнон, кароль, відаць, пачуў яе словы. Чырвань разлілася па ягоным твары, а позірк слізгануў міма маркізы. Ён прачытаў хадайніцтва, пададзенае Мадлон, і прамовіў мякка і прыхільна:

— Я ахвотна веру, што ты, мілае дзіця, упэўненая ў невінаватасці твайго каханага, але ж паслухаем, што скажа на гэты конт Вогненная палата!

Лёгкім рухам рукі ён даў зразумець дзяўчыне, гатовай расплакацца, што размова скончаная. Скюдэры з жахам уцяміла, што згадка пра Лавальер, якой бы дарэчнай яна ні здалася спачатку, змяніла настрой караля, калі Мэнтэнон назвала яе імя. Магчыма, на думку караля, яму не вельмі далікатна нагадалі пра тое, што ён схільны ахвяраваць суворым законам дзеля прыгажосці, альбо, быць можа, кароль адчуў сябе летуценнікам, груба вернутым да рэчаіснасці, калі адлятаюць прэч чароўныя малюнкі, якія ён хацеў быў ухапіць. А можа, ён ужо не бачыў перад сабою сваёй каханкі, а думаў пра сястру Луізу Міласэрную (такое імя атрымала Лавальер у кляштары кармелітак), якая назаляла яму сваёй пабожнасцю і цнотай. Цяпер не заставалася нічога іншага, як спакойна дачакацца каралеўскага рашэння.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: