Гофман Эрнст Тэадор Амадэй
Шрифт:
Нарэшце дзверы пакоя ціха адчыніліся. Увайшоў Дэгрэ, а за ім Аліўе Брусон, без кайданоў, у прыстойным адзенні.
— Вось, — сказаў Дэгрэ, схіляючыся ў пачцівым паклоне, — гэта Брусон, вялебная пані! — і адразу ж выйшаў.
Брусон укленчыў перад Скюдэры, малітоўна выцягнуў складзеныя рукі, і слёзы цурком пабеглі з яго вачэй.
Збялелая, не ў стане вымавіць ні слова, Скюдэры глядзела на юнака. Нават праз скрыўленыя, скажоныя ад скрухі і невыноснага болю рысы яго аблічча свяцілася знутры праявай чыстай і сумленнай душы. Чым даўжэй Скюдэры ўзіралася ў твар Брусона, тым больш мацнела ў ёй згадка пра кагосьці вельмі любімага, каго, праўда, не атрымлівалася прыпомніць. Урэшце ўнутранае трымценне знікла, яна забылася, што перад ёй кленчыць забойца Кардыльяка, і загаварыла ва ўласцівым ёй тоне спакойнай прыхільнасці:
— Ну, Брусон, што вы маеце мне сказаць?
Апошні, усё яшчэ стоячы на каленях, уздыхнуў ад глыбокага, неспатольнага смутку і прамовіў:
— О высакародная пашанотная пані, няўжо ў вашым сэрцы не засталося і следу ад успаміну пра мяне?
Скюдэры, яшчэ ўважлівей агледзеўшы суразмоўцу, адказала, што сапраўды нібыта знайшла ў ягоных рысах падабенства да адной вельмі любімай ёю асобы і што толькі дзякуючы гэтаму падабенству яна пераадольвае шчырую агіду да забойцы і спакойна слухае яго. Брусон, моцна пакрыўджаны гэтымі словамі, парывіста ўзняўся і, змрочна ўтаропіўшыся ў падлогу, адступіў на крок. А потым глуха прамовіў:
— Хіба вы зусім забылі Анну Гіё? Яе сын Аліўе, хлопчык, якога вы часта гушкалі, стаіць цяпер перад вамі.
— Божа, памажы і ўратуй! — выгукнула Скюдэры і, закрыўшы твар далонямі, апусцілася на падушкі.
Яна мела ўсе падставы так спалохацца. Анна Гіё, дачка збяднелага месціча, з маленства жыла пад апекай мадэмуазэль Скюдэры, якая выхоўвала яе як уласнае дзіця і рупліва клапацілася пра яе, нібы родная маці. Калі дзяўчына падрасла, у яе жыцці з’явіўся прыгожы сціплы юнак Клод Брусон, які папрасіў яе рукі. Ён быў выдатным гадзіннікавым майстрам і мог разлічваць у Парыжы на добрую лусту хлеба, а Анна прасякнулася да яго гарачым каханнем, таму Скюдэры ні хвіліны не вагалася і дала згоду на шлюб прыёмнай дачкі. Маладыя людзі паціху ўладкаваліся, жылі мірна і шчасліва, а яшчэ больш змацавала іх саюз з’яўленне на свет цудоўнага хлопчыка, дакладнай копіі пекнай матулі.
Скюдэры багоміла маленькага Аліўе і на цэлыя дні забірала яго ў маці, каб лашчыць і песціць. Нядзіўна, што малы вельмі прывязаўся да яе і гэтак жа ахвотна бавіў з ёю час, як з роднай маці. Мінула тры гады, і чорная зайздрасць іншых майстроў прывяла да таго, што ў Брусона з кожным днём менела працы, і ўрэшце ён з цяжкасцю мог пракарміць аднаго сябе. Да гэтага далучылася ягоная туга па цудоўнай роднай Жэневе, і склалася так, што сям’я пераехала туды, не зважаючы на супраціў Скюдэры, якая абяцала любую магчымую падтрымку. Анна некалькі разоў напісала сваёй прыёмнай маці, а потым змоўкла, прымусіўшы тую паверыць, што шчаслівае жыццё на радзіме Брусона не пакідае месца ўспамінам аб ужо пражытых днях.
Споўнілася якраз дваццаць тры гады з таго часу, як Брусон разам з жонкай і дзіцем пакінуў Парыж і перасяліўся ў Жэневу.
— Жах! — ускрыкнула Скюдэры, крыху перавёўшы дух. — Які жах! Дык ты Аліўе? Сын маёй Анны? А цяпер…
— Напэўна, добрая пані, — прамовіў Аліўе спакойна і стрымана, — вы ніколі не маглі нават уявіць, што, стаўшы юнаком, хлопчык, якога вы песцілі як найласкавейшая матуля, якому, гушкаючы на каленях, клалі ў роцік ласунак за ласункам, якому давалі самыя ласкавыя імёны, будзе стаяць перад вамі, абвінавачаны ў жудасным забойстве! Так, я небеззаганны, Вогненная палата можа па праве паставіць мне ў віну злачынства, але, спадзеючыся ўратаваць сваю душу пасля смерці, хай нават яна прыйдзе ад рукі ката, клянуся, што на маім сумленні няма крыві, што не праз мяне загінуў бедны Кардыльяк!
З гэтымі словамі Аліўе задрыжэў і захістаўся. Скюдэры моўчкі паказала на маленькае крэсла, што стаяла поруч з ім. Хлопец павольна сеў.
— У мяне было досыць часу, — пачаў ён, — каб падрыхтавацца да размовы з вамі, якая для мяне ёсць апошняй ласкай спагаднага неба, і знайсці ў сабе столькі вытрымкі і спакою, колькі патрэбна, каб расказаць вам гісторыю маіх жахлівых, нечуваных бедаў. Майце літасць выслухаць мяне спакойна, як бы вас ні ўразіла, якой бы вусцішнай ні падалася раскрытая таямніца, сутнасць якой вы нават не можаце ўявіць. Ах, лепей бы мой бедны бацька ніколі не пакідаў Парыжу! Наколькі сягаюць мае ўспаміны пра Жэневу, я ўвесь час згадваю сябе ў слязах ад заўсёднага плачу несуцешных бацькоў, ад іх не зразумелых мне нараканняў. Пазней я ўсвядоміў і ясна адчуў найгнятлівейшую галечу, суцэльную нэндзу, у якой жылі мае бацькі. Мой бацька быў падмануты ва ўсіх сваіх спадзяваннях. Сагнуты, прыгнечаны бязмежнай тугой, ён памёр якраз тады, калі яму пашэнціла ўладкаваць мяне вучнем да ювеліра. Мая маці шмат казала пра вас… яна хацела была пажаліцца вам пра ўсё, але потым яе ахапіла роспач, народжаная нястачай. Відаць, той самы ілжывы сорам, які часта точыць смяротна параненыя сэрцы, перашкодзіў ёй прыняць рашэнне. Праз некалькі месяцаў па смерці майго бацькі маці сышла ўслед за ім у магілу.
— Бедная Анна! Бедная Анна! — закрычала Скюдэры, не ў змозе стрываць унутраны боль.
— Хвала вечнай моцы нябёсаў, што яна ўжо на тым свеце і не ўбачыць, як яе любы сын упадзе зняслаўлены і пакараны рукой ката! — голасна ўскрыкнуў Аліўе, кінуўшы ўгару страшны шалёны позірк.
Звонку занепакоіліся, пачуліся ўстрывожаныя крокі.
— Ха! — горка ўсміхнуўся Аліўе. — Дэгрэ будзіць сваіх памагатых, нібыта я магу збегчы адсюль. Але рушым далей! Майстар трымаў мяне ў чорным целе, хоць я неўзабаве працаваў лепей за ўсіх і ўрэшце нават пераўзышоў яго самога. Сталася так, што аднойчы ў нашую майстэрню завітаў незнаёмец, каб набыць нейкія ўпрыгожанні. Варта было яму пабачыць пекныя пацеркі, зробленыя маімі рукамі, як ён прыязна папляскаў мяне па плячы і, разглядаючы аздобу, сказаў: «Юны мой дружа, гэта проста выдатная праца! Я не ведаю, хто мог бы перасягнуць вас у майстэрстве, апроч Рэнэ Кардыльяка, найлепшага ювеліра на цэлым свеце. Вам добра было б пайсці да яго, ён з радасцю вас возьме, бо толькі вы можаце дапамагчы яму ў яго вытанчаным майстэрстве і толькі ад яго зможаце яшчэ чамусьці навучыцца».
Словы незнаёмца глыбока запалі мне ў душу. Я больш не меў спакою ў Жэневе, мяне гнала адтуль нязнаная сіла. Нарэшце я здолеў вызваліцца ад свайго майстра і прыехаў у Парыж. Рэнэ Кардыльяк сустрэў мяне халодна і груба. Я не адступаўся, і ён мусіў даць мне самую нязначную працу. Мне было даручана вырабіць маленькі пярсцёнак. Калі я прынёс гатовы выраб, Кардыльяк утаропіўся ў мяне агністымі вачыма, нібы хацеў зазірнуць у самае нутро. А потым прамовіў: «Ты старанны, сумленны хлопец. Можаш пераехаць да мяне і дапамагаць мне ў майстэрні. Я буду добра плаціць, ты застанешся задаволены».