Гофман Эрнст Тэадор Амадэй
Шрифт:
— Што вы, пані, — адказаў Аліўе, — да якой хеўры? Ніякай хеўры ніколі не існавала. Кардыльяк быў адзіным, хто па ўсім горадзе ўтрапёна шукаў сабе ахвяраў. Якраз тое, што ён быў адзін, тлумачыць упэўненасць, з якою ён чыніў свае беззаконні, і непераадольныя цяжкасці ў пошуках следу забойцы. Але дазвольце мне працягнуць, каб раскрыць вам таямніцу найгнюснейшага і адначасова найняшчаснейшага з людзей. Можна лёгка ўявіць сабе становішча, у якім я апынуўся, вярнуўшыся да майстра. Крок быў зроблены, я ўжо не мог павярнуць назад. Часам мне здавалася, што я стаў хаўруснікам Кардыльяка, і толькі ў каханні да Мадлон я забываўся на пакуты, што раздзіралі маю душу, толькі з ёю мог сцерці ўсе вонкавыя праявы невыказнай нуды. Працуючы са старым у майстэрні, я не меў сілы нават зірнуць яму ў твар, не казаў амаль ні слова ад жаху, што працінаў мяне ў прысутнасці гэтага страшнага чалавека, які дэманстраваў усе якасці вернага, пяшчотнага бацькі, добрага грамадзяніна, у той час як ноч хавала ягоныя злачынствы. Мадлон, рахманае, анёльскай чысціні дзіця, хінулася да яго з бязмежнай любоўю. Маё сэрца аблівалася крывёю ад думкі, што калі адплата ўрэшце напаткае ліхадзея, ёй, падманутай пякельнай шатанскай хітрасцю, давядзецца перажыць найглыбейшы адчай. Адно гэта прымушала мяне маўчаць нават пад пагрозай ганебнай смерці. Хоць я дастаткова даведаўся з размовы жандармаў, учынкі Кардыльяка, яго матывы, спосаб дзеянняў заставаліся для мяне загадкай. Але разгадка не змусіла сябе доўга чакаць. Аднаго дня Кардыльяк, які меў звычку працаваць у найлепшым настроі, з жартамі і смехам, абуджаючы тым маю агіду, падаўся мне вельмі сур’ёзным і заглыбленым у сябе. Раптам ён адшпурнуў каралі, над якімі шчыраваў, так што камяні і перлы разляцеліся навокал, рашуча падняўся і сказаў:
— Аліўе! Нашыя стасункі не могуць больш заставацца такімі, як ёсць, гэтае становішча невыноснае. Тое, што не патрапілі раскрыць Дэгрэ і яго памагатыя з іх выкшталцонай хітрасцю, воляю выпадку звалілася табе проста ў рукі. Ты пабачыў мяне за начною справай, да якой мяне прымушае мая злая зорка, і супрацьстаяць гэтаму немагчыма. А твая злая зорка скіравала цябе за мною наўздагон, ахутала цябе шчыльным вэлюмам, надала тваім крокам лёгкасць, дзякуючы якой ты рухаўся нібы найдрабнейшы звярок, і я, той, што бачыць вачыма тыгра ў самую цёмную ноч, што чуе самы нязначны шоргат, нават камарыны піск па ўсёй даўжыні вуліцы, цябе не заўважыў. Гэта твая злая зорка прывяла цябе, майго хаўрусніка, да мяне. Пра здраду, як ты бачыш, няма й гаворкі. Таму ты мусіш ведаць усё.
«Ніколі я не буду тваім хаўруснікам, крывадушны злодзей!» — хацеў быў крыкнуць я, але ўнутраны жах, што ахапіў мяне ад словаў Кардыльяка, замкнуў мне вусны. Заместа словаў я змог выціснуць адно незразумелы гук. Кардыльяк сеў на крэсла і выцер пот з ілба. Здавалася, яму цяжка даліся ўспаміны пра мінулае і цяпер складана было авалодаць сабой. Нарэшце ён пачаў:
— Мудрыя людзі шмат кажуць пра дзіўныя ўражанні, на якія здольныя цяжарныя жанчыны, пра неверагоднае ўздзеянне такіх жывых міжвольных уражанняў на дзіця. Мне расказалі незвычайную гісторыю пра маю ўласную маці. Носячы мяне першы месяц, аднойчы яна разам з іншымі кабетамі была на пышным свяце, што ладзілася ў Трыяноне. І там яе позірк упаў на шэвалье ў гішпанскім строі з бліскучай нізкай каштоўных камянёў на шыі, ад якой яна не магла адвесці вачэй. Усёй сваёй істотай яна прагнула зіхоткіх каменьчыкаў, што здаваліся ёй незямным блаславеннем. Гэты шэвалье за некалькі гадоў да таго, калі мая маці была яшчэ незамужняю, квапіўся на яе цноту, але быў з агідаю адрынуты. Маці пазнала яго, але цяпер ёй мроілася, што ў бляску асляпляльных дыяментаў перад ёю стаіць найвышэйшага істота, само ўвасабленне прыгажосці. Шэвалье заўважыў жарсныя і палкія позіркі маёй маці і вырашыў, што цяпер яму пашэнціць болей, чым мінулым разам. Ён здолеў наблізіцца да яе, больш за тое, завабіць яе далей ад сябровак у зацішнае месца. Там ён горача абняў яе, мая маці ўхапілася за прыгожы ланцужок, але ў той жа момант мужчына асеў і пацягнуў яе з сабой на зямлю. Ці то яго напаткаў удар, ці яшчэ што, але ён памёр. Дарэмна мая маці намагалася вызваліцца з рук мерцвяка, акасцянелых у смяротных сутаргах. Уперыўшыся ў яе пустымі патухлымі вачыма, нябожчык катаўся з ёю па зямлі. Нарэшце яе пранізлівыя крыкі даляцелі да далёкіх мінакоў, якія кінуліся на дапамогу і ўратавалі яе з рук жудаснага каханка. Перажыты страх надоўга прыкуў маці да ложка. Яе, дый мяне таксама, лічы, спісалі з рахунку, але яна акрыяла і нарадзіла лягчэй, чым можна было спадзявацца. Але жах таго вусцішнага моманту паланіў мяне. Мая злая зорка ўзышла і паслала іскрынку, што распаліла ўва мне адну з самых дзіўных і згубных жарсцяў. Ужо ў раннім маленстве бліскучыя дыяменты, залатыя пацеркі былі мне даражэйшыя за ўсё. Спярша гэта лічылі звычайнай дзіцячай схільнасцю, але не: ужо дзіцем я пачаў красці золата і каштоўныя камяні паўсюль дзе магчыма. Нібы самы дасведчаны знаўца, я інстынктыўна адрозніваў сапраўдныя каралі ад падробкі. Толькі першыя вабілі мяне, на фальшывыя ўпрыгожанні і фальшывыя залатыя манеты я не звяртаў увагі. Прыроджаную жарсць не змаглі ўтаймаваць нават жорсткія пакаранні бацькі. Каб мець справу толькі з золатам і каштоўнымі камянямі, я абраў прафесію ювеліра. Я працаваў утрапёна і неўзабаве стаў першым майстрам у гэтай галіне. І вось прыйшоў час, калі прыроджаная схільнасць, якую я так доўга стрымліваў, бурліва вырвалася вонкі і пачала разрастацца, паглынаючы ўсё. Варта мне было вырабіць і прадаць каралі, як мяне апаноўвалі неспакой і маркота, што пазбаўлялі сну, здароўя і жыццёвае моцы. Перад вачыма дзень і ноч, нібы прывід, стаяў той, для каго я працаваў, упрыгожаны маімі каралямі, а нейкі голас няспынна нашэптваў: «Гэта тваё, тваё, дык забяры ж яго, нашто дыяменты мерцвяку!» І я пачаў авалодваць майстэрствам злодзея. Я меў доступ у дамы знатных асобаў і спрытна карыстаўся кожнай магчымасцю: ніводзін замок не мог супрацьстаяць майму ўмельству, і ў хуткім часе ўпрыгожанні, зробленыя маімі рукамі, ізноў апыналіся ў мяне. Але нават гэта не вяртала мне супакою. Той вусцішны голас не змаўкаў, ён кпіў з мяне і крычаў: «Ха-ха, твае каралі носіць мярцвяк!»
Я і сам не ведаю, як здарылася так, што я пачаў адчуваць невымоўную нянавісць да тых, хто заказваў у мяне ўпрыгожанні. Так! З самага нутра ўздымалася прага іхнай крыві, ад якой я скаланаўся. Менавіта ў той час я прыдбаў гэты дом. Мы ўдарылі па руках з уладальнікам… вось тут, у гэтым пакоі, сядзелі мы, усцешаныя ўдалым гешэфтам, і распівалі бутэльку віна. Надышла ноч, я хацеў быў ісці, але гаспадар сказаў: «Майстар Рэнэ, перш чым вы сыдзеце, я мушу адкрыць вам таямніцу гэтага дому». З гэтымі словамі ён адчыніў шафу ля сцяны, адсунуў заднюю сценку, зайшоў у маленькі пакойчык, нахіліўся, падняў апускныя дзверы. Мы спусціліся вузкай стромай лесвіцай да брамкі, адчыніўшы якую, выйшлі на двор. І тут мой прадавец падышоў да мура, націснуў на ледзь бачную клямку, і кавалак сцяны павярнуўся, так што чалавек мог зручна праслізнуць у адтуліну і апынуцца на вуліцы. Варта як-небудзь паказаць табе гэты фокус, Аліўе. Мабыць, гэта загадалі зрабіць хітрыя манахі кляштара, што раней месціўся тут, каб непрыкметна знікаць і вяртацца. Гэта кавалак дрэва, атынкаваны і пабелены толькі звонку, у якім з таго боку замацаваная статуя, таксама драўляная, але з выгляду нібы каменная. Дрэва паварочваецца разам са статуяй на схаваных завесах. Змрочныя думкі спарадзіў ува мне позірк на тое прыстасаванне: падалося, што яно адмыслова падрыхтаванае для ўчынкаў, якія мне самому пакуль здаваліся таямніцай. Я якраз тады вырабіў і аддаў аднаму прыдворнаму багатыя ўпрыгожанні, што прызначаліся, як мне было вядома, нейкай балерыне. Смяротныя пакуты не прымусілі чакаць — прывід крочыў за мной, шатан нешта нашэптваў мне ў вушы! Я кінуўся ў дом. Мокры ад крывавага поту, у бяссонні круціўся я на ложку і раптам убачыў у думках, што чалавек гэты крадзецца да балерыны з маімі скарбамі. Раз’юшаны, я ўскочыў, накінуў паліто, спусціўся патаемнай лесвіцай і праз мур выбраўся на вуліцу Нікез. Чалавек з’явіўся, я наваліўся на яго, ён закрычаў, але я, моцна трымаючы яго ззаду, усадзіў яму кінжал у сэрца — і вось упрыгожанні ў маіх руках! Здзейсніўшы гэта, я адчуў у душы такі супакой, як ніколі дагэтуль. Прывід знік, д’ябальскі голас змоўк. Цяпер я ведаў, чаго хацела мая злая зорка, і мусіў скарыцца ёй альбо загінуць! Цяпер табе зразумелая сутнасць маіх дзеянняў, Аліўе. Але не думай, што праз тое, што я мушу рабіць і чаго не магу пазбавіцца, я выракся спагады і спачування, уласцівых чалавечай натуры. Ты ж ведаеш, як цяжка мне бывае аддаць замоўцу гатовае ўпрыгожанне. А для некаторых, чыёй смерці я не жадаю, я не працую ўвогуле. Адчуваючы, што назаўтра кроў мае прагнаць маіх зданяў, я ўжо сёння магу здаволіцца добрым ударам кулака, зваліўшы з ног уладальніка маёй каштоўнасці і адабраўшы ў яго свой выраб.
Сказаўшы ўсё гэта, Кардыльяк адвёў мяне ў патаемны склеп і дазволіў зірнуць на сваю скарбніцу. Мусіць, сам кароль не мае багацейшай. Да кожнай рэчы быў прымацаваны цэтлік з дакладным пазначэннем, для каго яна была змайстраваная і калі адабраная праз крадзеж, рабунак ці забойства.
— У дзень твайго вяселля, — прамовіў Кардыльяк глуха і ўрачыста, — ты свята паклянешся мне на распяцці адразу ж па маёй смерці ператварыць усе гэтыя багацці ў пыл з дапамогай сродку, які я табе адкрыю. Я не хачу, каб хоць якая чалавечая істота, а тым больш Мадлон і ты, сталі ўладальнікамі скарбу, набытага цаною чалавечай крыві.
Заблукалы ў лабірынце злачынства, раздзіраны каханнем і агідай, асалодай і жудой, я быў падобны да асуджанага на пакуты, якому зверху ласкава ўсміхаецца чароўны анёлак і якога ў той жа час моцна трымае пякучымі кіпцюрамі шатан, і мілосная ўсмешка рахманага анёла, у якой адбіваюцца ўсе дарункі вышняга свету, робіцца яму найгоршым катаваннем. Я думаў пра ўцёкі, нават пра самагубства — але ж Мадлон! Ганьце, ганьце мяне, вялебная пані, за тое, што я быў занадта слабы, каб адолець сваю жарсць, якая прыкула мяне да злачынства. Але ж ці не будзе належнай платай за гэта ганебная смерць, наканаваная мне?
Аднаго дня Кардыльяк прыйшоў дадому ў нязвыкла прыўзнятым настроі. Ён прылашчыў Мадлон, кінуў на мяне колькі найпрыязнейшых позіркаў, выпіў за сталом бутэльку добрага віна, што здаралася з ім толькі ў вялікія святы, потым спяваў і весяліўся. Мадлон сышла, я сабраўся ў майстэрню.
— Сядзі спакойна, хлопец, — крыкнуў Кардыльяк, — сёння больш ніякай працы, давай перакулім яшчэ па адной за здароўе самай высакароднай і прыўкраснай дамы ў Парыжы!
Мы чокнуліся, майстар спаражніў поўную шклянку і спытаў:
— А скажы мне, Аліўе, ці падабаюцца табе гэтыя радкі?
Un amant, qui craint les voleurs, n'est point digne d'amour?І ён расказаў пра гутарку, што адбылася ў пакоях Мэнтэнон паміж вамі і каралём, дадаўшы, што здаўна шануе вас як ніводнае чалавечае стварэнне, і што вы, надзеленая цнотамі, перад якімі бяссільна цьмянее ягоная злая зорка, нават носячы найпрыгажэйшую з ягоных каштоўнасцяў, ніколі не абудзілі б у ім ліхую здань і думкі пра забойства.