Вход/Регистрация
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
вернуться

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

— Паслухай, Аліўе, што я вырашыў, — сказаў ён. — Ужо даўнавата я атрымаў замову вырабіць каралі і бранзалеты для Генрыеты Ангельскай з маіх уласных камянёў. Гэтая праца атрымалася ў мяне як ніколі добра, але сэрца маё разрывалася, калі я думаў, што мне давядзецца развітацца з упрыгожаннямі, якія сталі маім найдаражэйшым скарбам. Як ты, пэўна, ведаеш, прынцэса была падступна забітая. Я ж захаваў тыя ўпрыгожанні і цяпер хацеў бы аддаць іх мадэмуазэль дэ Скюдэры ад імені пераследаванай хеўры — на знак маёй глыбокай пашаны і ўдзячнасці. Апроч таго, што Скюдэры атрымае выразнае сведчанне свайго трыюмфу, я змагу пакпіць з Дэгрэ і яго памагатых, як яны й заслугоўваюць. Ты мусіш аднесці ёй упрыгожанні.

Варта было Кардыльяку назваць вашае імя, мадэмуазэль, як чорная завеса зляцела з маіх вачэй, і светлыя прыўкрасныя малюнкі шчаслівага маленства ўваскрэслі ў маім уяўленні ў найярчэйшых зіхоткіх колерах. Душу маю напоўніла цудоўная ўцеха, у ёй заззяў прамень надзеі, які прагнаў змрочныя думкі. Кардыльяк відавочна заўважыў, якое ўздзеянне зрабілі на мяне ягоныя словы, і трактаваў гэта на свой лад.

— Здаецца, — сказаў ён, — мой намер табе даспадобы. Прызнаюся табе, што ўнутраны голас, зусім адрозны ад таго, які патрабуе ад мяне крывавых ахвяраў, нібы ненажэрны драпежнік, загадаў мне гэта зрабіць. Часам у мяне бывае дзіўнае адчуванне… нейкі ўнутраны страх, боязь чагосьці жудаснага, чый подых далятае сюды з далёкага іншасвету, гвалтоўна захоплівае мяне. Тады мне нават падаецца, што справункі, распачатыя праз мяне злою зоркай, могуць пайсці на шкоду маёй несмяротнай душы, якая не мае да іх ніякага дачынення. У такім настроі я вырашыў змайстраваць прыгожы дыяментавы вянец для абраза Панны Марыі ў саборы Святога Яўстаха. Але нейкі няўцямны жах нападаў на мяне, як толькі я прыступаў да працы, таму ўрэшце я адступіўся ад гэтай задумы. І вось цяпер мне здаецца, што, даслаўшы Скюдэры найпякнейшае ўпрыгожанне з усіх калі-небудзь зробленых мною, я пакорліва прынясу ахвяру самой цноце і пабожнасці і вымалю для сябе моцнае заступніцтва.

Кардыльяк, мая пані, да драбніцаў ведаючы ваш лад жыцця, паведаміў мне спосаб і час, у які я мусіў даставіць вам каштоўнасці, замкнутыя ў вытанчанай скарбонцы. Я ўвесь трымцеў ад захаплення, бо само Неба паказала мне праз злачыннага Кардыльяка дарогу да паратунку з пекла, у якім гібеў я, нікчэмны грэшнік. Так я думаў. Насуперак волі Кардыльяка я хацеў паказацца перад вашымі вачыма. Як сын Анны Брусон, як ваш выхаванец я хацеў кінуцца да вашых ног і расказаць пра сябе ўсё. Я верыў, што вы, кранутая невымоўным горам, якое пагражала беднай нявіннай Мадлон у выпадку выкрыцця, захаваеце таямніцу, але ваш востры розум напэўна знойдзе спосаб, не выдаючы сябе, пакласці канец злому праклёну Кардыльяка. Не пытайце мяне, што гэта за спосаб, — я гэтага не ведаю, але ў тым, што вы ўратуеце Мадлон і мяне, я не сумняваўся, я верыў вам так, як веру ў літасцівую дапамогу Панны Марыі. Вы ведаеце, мадэмуазэль, што мой намер у тую ноч праваліўся. Але я не страчваў надзеі, што іншым разам мне пашэнціць больш. І аднойчы Кардыльяк раптам страціў увесь свой імпэт. Ён панура шлындаў паўсюль, невідушча глядзеў перад сабою, мармытаў незразумелыя словы, махаў рукамі, нібы абараняючыся ад чагосьці варожага. Здавалася, ягоны дух мучылі злыя думкі. Так доўжылася цэлы ранак. Урэшце ён сеў за варштат, тут жа нездаволена ўскочыў, зірнуў у акно і прамовіў сур’ёзна і змрочна: «А я ж хацеў, каб Генрыета Ангельская насіла мае ўпрыгожанні!» Гэтыя словы напоўнілі мяне жахам. Цяпер я ведаў, што ягоны хворы розум ізноў апанаваны зданню смерці, што голас шатана зноўку загучаў у яго вушах. Я адчуў небяспеку вашаму жыццю з боку праклятага забойцы. Калі б Кардыльяк атрымаў назад свае ўпрыгожанні, вы былі б уратаваныя. Небяспека расла з кожнай хвілінай.

І тады мне пашчасціла сустрэць вас на Новым мосце, праціснуцца да вашай карэты і кінуць туды цыдулку, у якой я заклінаў вас найхутчэй вярнуць упрыгожанні Кардыльяку. Але вы не прыйшлі. Мой страх перарос у адчай, калі наступнага дня Кардыльяк толькі й казаў пра каштоўнасці, што прымроіліся яму ўначы. Я мог аднесці яго словы адно да вашых упрыгожанняў, і мне стала ясна, што ён думае пра забойства, якое відавочна мерыцца здзейсніць тае ж ночы. Я мусіў уратаваць вас нават цаною жыцця Кардыльяка. Калі пасля вечаровай малітвы Кардыльяк, як звычайна, замкнуўся ў сваім пакоі, я вылез праз акно ў двор, праслізнуў праз адтуліну ў муры і стаіўся непадалёк у глыбокім цені. Прайшло няшмат часу, пакуль Кардыльяк выйшаў і бязгучна рушыў наперад. Я за ім. Ён рухаўся ў бок вуліцы Сэн-Анарэ. Сэрца маё калацілася. На нейкі момант Кардыльяк знік з маіх вачэй. Я вырашыў стаць каля вашых дзвярэй. І тут міма, не прыкмеціўшы мяне, прайшоў, напяваючы і насвістваючы, афіцэр — як тады, калі я воляй выпадку стаўся сведкам крывавага ўчынку Кардыльяка. У той жа момант з цемры выскачыла чорная постаць і кінулася да мінака. Гэта быў Кардыльяк. Прагнучы не дапусціць гэтае смерці, я з гучным крыкам у два-тры крокі дабег да іх, але не афіцэр — Кардыльяк, смяротна паранены, з хрыпам апусціўся на зямлю. Афіцэр выпусціў кінжал, выцягнуў з похваў шпагу і заняў баявую пазіцыю, палічыўшы мяне хаўруснікам забойцы, аднак хутка паспяшаўся прэч, пабачыўшы, што я, не зважаючы на яго, аглядаю цела. Кардыльяк быў яшчэ жывы. Захапіўшы кінжал, кінуты афіцэрам, я ўзваліў цела на плечы і з цяжкасцю пацягнуў яго дадому, дзе праз патаемны ход падняў у майстэрню. Астатняе вам вядома. Як бачыце, шаноўная пані, мая адзіная правіна ў тым, што я не выдаў бацьку Мадлон суду і не паклаў тым самым канец ягоным злачынствам. Крыві на мне няма. Аніякімі катаваннямі не вырваць з мяне таямніцу ўчынкаў Кардыльяка. Я не хачу, каб насуперак вечнай сіле, якая схавала ад дабрадзейнай дачкі жахлівыя справункі бацькі, на яе цяпер абрынулася смяротным цяжарам уся гаркота мінулага, усяго яе быцця, каб помста свету падняла труп з-пад зямлі, што накрыла яго, каб кат зганьбіў косткі, што парахнеюць. Не! Каханая сэрца майго аплача мяне як нявінна загінулага, час загоіць яе рану, але невыноснымі сталі б яе галашэнні праз пякельныя ўчынкі яе дарагога бацькі.

Аліўе змоўк, але раптам з яго вачэй патокам лінулі слёзы, ён кінуўся да ног Скюдэры і ўзмаліўся:

— Вы ж верыце, што на мне няма віны! Злітуйцеся нада мной, скажыце, як там Мадлон!

Скюдэры гукнула Марціньер, і праз колькі імгненняў Мадлон ужо вісела на шыі ў Аліўе.

— Ну вось, усё добра, бо ты цяпер тут — я ведала, што шаноўная пані ўратуе цябе! — няспынна паўтарала Мадлон, і Аліўе забыўся на свой лёс, на ўсё, што яму пагражала — ён быў свабодны і шчаслівы. Абодва надзвычай кранальна дзяліліся перажытымі пакутамі, пасля ізноў абдымаліся і плакалі ад шчасця, што зноўку знайшлі адно аднаго.

Калі б Скюдэры дагэтуль не ўпэўнілася ў невінаватасці Аліўе, яна мусіла б паверыць у яе цяпер, назіраючы за маладымі людзьмі, якія ў асалодзе цеснага мілоснага яднання забыліся на цэлы свет, на свае беды і невымоўныя пакуты.

— Не, — усклікнула яна, — на такое блаславёнае забыццё здатнае толькі чыстае сэрца!

Ясныя промні світанку працялі аконныя шыбы. Дэгрэ ціха пастукаў у дзверы пакоя і нагадаў, што, каб адвезці Аліўе Брусона назад, не прыцягваючы лішняй увагі, трэба ісці цяпер, бо пазней гэта будзе немагчыма. Закаханым давялося разлучыцца.

Цьмяныя прадчуванні, што адольвалі Скюдэры з дня першага з’яўлення Брусона ў яе доме, увасобіліся ў жыццё самым жахлівым чынам. Яна бачыла, што сын яе любімай Анны, не маючы на душы віны, заблытаўся так, што ўратаваць яго ад ганебнай смерці здавалася амаль немагчымым. Яна паважала геройства юнака, які быў гатовы хутчэй памерці пад цяжарам абвінавачанняў, чым выдаць таямніцу, якая загубіла б каханую Мадлон. У сферы магчымага яна не знаходзіла аніводнага сродку вырваць бедака з рук вусцішнага суду. І ўсё ж у душы яе жыло перакананне, што ёй не варта было баяцца любых ахвяр, абы толькі перадухіліць абуральную несправядлівасць, якая была ўжо блізка. Яна мучыла сябе размаітымі накідамі і планамі, па сутнасці, амаль авантурамі, што адкідаліся гэтак жа хутка, як і паўставалі. З кожным разам пробліск надзеі рабіўся ўсё меншы, і гэта прывяло яе на мяжу адчаю. Але безумоўны, цнатлівы дзіцячы давер Мадлон, светлае захапленне, з якім яна казала пра каханага, пра тое, што хутка абдыме яго, апраўданага судом, як свайго мужа, далі Скюдэры новыя сілы і зноў кранулі яе да глыбіні душы.

Каб нарэшце зрабіць хоць штосьці, Скюдэры напісала ля Рэньі доўгі ліст, у якім паведаміла, што Аліўе Брусон давёў ёй сваю поўную невінаватасць у смерці Кардыльяка, што словам яго не паверыць немагчыма і што толькі мужнае рашэнне забраць з сабою ў магілу таямніцу, выкрыццё якой стала б згубным для нявіннасці і цноты, стрымлівае яго ад прызнання перад судом, якое вызваліла б яго ад жахлівага падазрэння не толькі ў забойстве Кардыльяка, але і ў прыналежнасці да хеўры бязлітасных галаварэзаў. Усё, на што здольныя палкі імпэт і разумнае красамоўства, скарыстала Скюдэры, каб змякчыць жорсткае сэрца ля Рэньі. Праз некалькі гадзін той адказаў, што шчыра ўсцешаны поўным самаапраўданнем Аліўе Брусона перад яго высокай і шанаванай заступніцай. Што да гераічнага рашэння Аліўе забраць у магілу таямніцу, то ён просіць прабачыць, але Вогненная палата не можа ўзнагародзіць такі гераізм, а наадварот, пастараецца зламаць яго любымі сродкамі. Праз тры дні ён спадзяецца раскрыць дзіўны сакрэт, які можа праліць святло на ўсе дзівосы справы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: