Вход/Регистрация
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
вернуться

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

І ён стрымаў слова. Пражыўшы у яго некалькі тыдняў, я яшчэ не бачыў Мадлон, якая ў той час, калі мяне не падводзіць памяць, гасцявала недзе ў вёсцы, у адной з яго цётак. Калі ж яна прыехала… сілы нябесныя! Што здарылася са мною, калі я ўбачыў гэты анёльскі твар! Ці кахаў калісь хоць адзін чалавек так, як я? Мадлон…

Ад засмучэння Аліўе не мог гаварыць далей. Ён закрыў твар далонямі і гучна ўсхліпнуў. Урэшце, перамогшы намаганнем волі нясцерпны боль, юнак працягнуў:

— Мадлон глядзела на мяне прыязна. Яна часцей і часцей прыходзіла ў майстэрню. Я з глыбокім узрушэннем адчуў, што і яна мяне кахае. Пад суворым наглядам бацькі нават таемны поціск рук здаваўся знакам заключанага хаўрусу. Кардыльяк нібыта нічога не заўважаў. Я збіраўся, здабыўшы яго прыхільнасць і атрымаўшы статус майстра, прасіць рукі Мадлон. Аднаго ранку, калі я хацеў прыступіць да працы, Кардыльяк падышоў да мяне. У яго змрочным позірку чыталіся гнеў і пагарда. «Я больш не маю патрэбы ў тваіх паслугах, — сказаў ён. — Зараз жа прэч з майго дому, і каб я цябе больш ніколі не бачыў. Думаю, не варта тлумачыць, чаму я больш не магу трываць цябе тут. Завысока для цябе, недарэкі, вісіць салодкі плод, якога ты прагнеш!» Я хацеў адказаць, але ён схапіў мяне магутнай ручышчай і выкінуў з дзвярэй, так што я паваліўся і моцна выцяўся галавой і рукой. Абураны, катаваны пякучым болем, я пакінуў гэты дом і пайшоў да спагаднага знаёмца, які прытуліў мяне ў сваім пакоі на паддашку, на самай ускраіне прадмесця Святога Марціна. Мне не было ні спакою, ні перадыху. Начамі я кружляў ля дому Кардыльяка, марачы, каб Мадлон пачула мае ўздыхі, мае нараканні і патрапіла непрыкметна перамовіцца са мной праз акно. У маёй галаве нараджаліся самыя розныя адчайныя планы, на здзяйсненне якіх я спадзяваўся яе намовіць. Да дому Кардыльяка на вуліцы Нікез прылягае высокі мур з нішамі і старымі напаўразбуранымі статуямі ў іх. І вось аднае ночы я стаяў блізу такой статуі і глядзеў угару, на вокны, што выходзяць у двор, агароджаны мурам. Раптам у майстэрні Кардыльяка я заўважыў святло. Была поўнач, Кардыльяк у такі час заўсёды спаў — ён меў звычку класціся ў ложак з дзявятым ударам гадзінніка. Сэрца маё затахкала ад цьмянага прадчування, я ўявіў сабе нейкае здарэнне, што, магчыма, дазволіць мне трапіць у дом. Але святло адразу згасла. Я прыхіліўся да статуі, але з жахам адхіснуўся, адчуўшы супрацьдзеянне, нібы камень нечакана ажыў. У прывідным начным паўзмроку я ўбачыў, як камень паволі павярнуўся, і з-за яго выслізнула цёмная постаць, якая бязгучна рушыла вуліцай. Я падскочыў да статуі — яна, як і раней, стаяла ўшчыльную да мура. Міжволі, быццам гнаны нейкай унутранай сілай, я крадком пакрочыў за дзіўнай постаццю. Якраз каля абраза Панны Марыі прывід азірнуўся, і яркае святло лямпы, што гарыць перад абразом, упала на яго твар. Гэта быў Кардыльяк! Незразумелы страх, няўцямная жуда абрынуліся на мяне. Нібы прывязаны да яго нейкім заклёнам, я рухаўся наперад за таямнічым самнамбулам — менавіта так я успрыняў майстра, хоць і не было поўні, у час якой гэтае насланнё находзіць на заснулых. Урэшце Кардыльяк знік у густым цені дзесьці ўбаку. Па ціхім, вельмі знаёмым пакерхванні я вызначыў, што ён зайшоў у браму аднаго з дамоў. «Што гэта значыць? Што ён збіраецца рабіць?» — здзіўлена пытаў я сам сябе, шчыльней прыціскаючыся да сцяны. Неўзабаве на вуліцы з’явіўся, спяваючы, насвістваючы і пазвоньваючы шпорамі, мужчына з яркім плюмажам на капелюшы. Як тыгр на здабычу, кінуўся Кардыльяк са сваёй схованкі на мужчыну, які амаль адразу з хрыпам апусціўся на зямлю. З крыкам жаху я выскачыў да Кардыльяка, які схіліўся над забітым:

— Майстар Кардыльяк, што вы робіце?!

— Пракляцце! — зароў Кардыльяк, вокамгненна праляцеў паўз мяне і знік. Агаломшаны, ледзь перастаўляючы ногі, я наблізіўся да цела, укленчыў перад ім, думаючы, што яго яшчэ можна ўратаваць, але марна. Ахоплены смяротным жахам, я не пачуў, што мяне атачылі жандармы.

— Яшчэ аднаго завалілі, чэрці! Хо-хо, юнача, а ты што тут робіш? Ці ты адзін з гэтай хеўры? Узяць яго! — і яны накінуліся на мяне.

Я ледзь здолеў прамармытаць, што ніяк не мог бы здзейсніць такое жахлівае злачынства, і папрасіў пакінуць мяне ў спакоі. Тады адзін з іх пасвяціў мне ў твар і, смеючыся, закрычаў:

— Дык гэта ж Аліўе Брусон, вучань ювеліра, які робіць у нашага слаўнага майстра Рэнэ Кардыльяка!

— Ага, не падобны ён да таго, хто забівае людзей пасярод вуліцы!

— Так, да таго ж гэтыя забойцы не лямантуюць над трупам, каб лягчэй было арыштаваць.

— Ну давай, расказвай, як гэта адбылося.

— Проста перада мной, — сказаў я, — нейкі чалавек раптоўна кінуўся на гэтага мужчыну, закалоў яго і вокамгненна збег пасля майго воклічу. А я толькі хацеў паглядзець, ці можна яшчэ дапамагчы ахвяры.

— Не, сынок, — гукнуў адзін з тых, што падымалі труп, — яму канец, клінок, як заўжды, прайшоў праз сэрца.

— Д’ябал! — сказаў другі жандарм, — мы ізноў спазніліся, як і заўчора.

З гэтымі словамі яны сышлі, несучы труп.

Я не магу перадаць сваіх адчуванняў… мне здавалася, што я бачу кепскі сон, што зараз я прачнуся і буду дзівіцца, якая лухта мне прымроілася. Кардыльяк — бацька маёй Мадлон — бязлітасны забойца! Я знясілена прысеў на каменныя прыступкі нейкага дому. Паціху віднела, капялюш, багата ўпрыгожаны пер’ямі, ляжаў перада мной на бруку. Раптам перад маім унутраным зрокам яскрава паўстаў крывавы ўчынак Кардыльяка, здзейснены акурат на месцы, дзе я цяпер сядзеў. У жаху я паспяшаўся прэч.

Агаломшаны, амаль непрытомны, сядзеў я ў сваёй каморцы на паддашку, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Рэнэ Кардыльяк.

— Святая Марыя! Што вам трэба? — спалохана закрычаў я. Ён жа, не зважаючы на гэта, наблізіўся да мяне і ўсміхнуўся спакойна і прыветна, што толькі ўзмацніла маю агіду. Ён пасунуў стары лядашчы зэдлік і сеў побач, а я быў не ў стане адарвацца ад свайго саламянага ложка, на які паваліўся перад тым.

— Ну, Аліўе, як маешся, бедны хлопча? Я страшэнна пагарачыўся, калі прагнаў цябе з дому, мне вельмі цябе не хапае. Якраз цяпер я заняты адной аздобаю, якую ніяк не магу давесці да ладу без тваёй дапамогі. Як бы ты паглядзеў на прапанову ізноў працаваць у маёй майстэрні? Маўчыш? Я ведаю, што пакрыўдзіў цябе. Не буду хаваць, я раззлаваўся праз твае заляцанні да маёй Мадлон, але потым добра разважыў і вырашыў, што пры тваім умельстве, руплівасці і сумленнасці я не мог бы пажадаць сабе лепшага зяця. Карацей, хадзем са мной, паглядзім, як ажаніць цябе з дачкою.

Яго словы распалавінілі мне сэрца. Усё ўва мне віравала ад усведамлення ягонай заганнасці, але я не мог выціснуць ані слова.

— Ты вагаешся? — прамовіў ён ужо больш рэзка, свідруючы мяне бліскучымі вачыма. — Вагаешся? Відаць, ты не можаш сёння пайсці са мной, у цябе іншыя пільныя справы… Ты хацеў бы, мажліва, наведаць Дэгрэ альбо ўвогуле папрасіцца на размову да Аржансона ці ля Рэньі? Але сцеражыся, дружа, каб кіпцюры, якія ты хочаш скіраваць на згубу іншых, не ўхапілі і не разадралі цябе самога.

І тут я даў волю свайму глыбокаму абурэнню.

— Лепей вам самому — крыкнуў я, — вінаватаму ў страшным злачынстве, пайсці да тых, каго вы толькі што згадалі. Мне з імі няма пра што гаварыць.

— Па сутнасці, — казаў далей Кардыльяк, — для цябе будзе лепей зноў пачаць працаваць у мяне — найслыннейшага майстра свайго часу, шанаванага паўсюль за сумленнасць і прыстойнасць, так што кожны злы паклёп цяжка ўдарыць па галаве самога паклёпніка. Што да Мадлон, то мушу табе прызнацца, што за маю спагадлівасць ты мусіш дзякаваць ёй адной. Яна кахае цябе з такой сілаю, якое я зусім не чакаў ад пяшчотнага дзіцяці. Адразу ж па тваім сыходзе яна кінулася да маіх ног, ахапіла мне калені і са слязьмі на вачах прызналася, што не можа без цябе жыць. Я падумаў, што яна проста ўбіла сабе нешта ў галаву, як гэта звычайна здараецца з юнымі закаханымі паненкамі, гатовымі зараз жа памерці, варта ім толькі злавіць прыязны позірк нейкага маладзёна. Але мая Мадлон напраўду захварэла і пачала чэзнуць. А калі я паспрабаваў высветліць прычыну гэтага вар’яцтва, сто разоў паўтарыла тваё імя. Што мне было рабіць? Ці ж мог я пакінуць яе ў роспачы? Учора ўвечары я сказаў ёй, што згодны на ўсё і сёння ж прывяду цябе. За ноч яна расцвіла нібы тая ружа і цяпер не можа дачакацца, сама не свая ад жарсці.

Хай даруюць мне сілы нябесныя, але я сам не ведаю, як апынуўся ў доме Кардыльяка, а Мадлон, усклікнуўшы: «Аліўе! Мой Аліўе! Мой каханы! Мой нарачоны!» — кінулася да мяне, абхапіла абедзвюма рукамі і прыціснула да грудзей. І ў найвышэйшым захапленні я пакляўся Панне Марыі і ўсім святым ніколі, ніколі больш з ёю не разлучацца!

Узрушаны ўспамінам, Аліўе мусіў перапыніць аповед. Скюдэры, поўная жуды ад бясчынстваў чалавека, якога лічыла ўвасабленнем цноты і сумленнасці, усклікнула:

— Які жах! Рэнэ Кардыльяк належаў да хеўры забойцаў, што столькі часу рабілі з нашага добрага горада зладзейскі прытон?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: