Гашак Яраслаў
Шрифт:
— Слухаю, пан паручнік!
Швэйк аддаў чэсьць, павярнуўся па ўсіх правілах на абцасы і пашоў у канец вагона. Там ён сеў у кутку і завёў размову з якімсьці чыгуначнікам:
— Дазвольце, калі ласка, зьвярнуцца да вас з запытаньнем…
Чыгуначнік, ня выказваючы ніякай ахвоты распачынаць размову, апатычна кіўнуў галавою.
— Бываў у мяне часта ў гасьцях адзін знаёмы, — пачаў Швэйк, — слаўны хлопец, прозьвішча яго было Гофман. Гэты самы Гофман запэўняў, што вось гэтыя тармазы, якія знаходзяцца ў кожным вагоне на выпадак небясьпекі, ня дзейнічаюць, карацей кажучы, калі пацягнуць за ручку, нічога ня выйдзе. Я такімі рэчамі, па-праўдзе кажучы, ніколі ня цікавіўся, але раз я ўжо зьвярнуў увагу на гэты тормаз, то цікава было-б ведаць, у чым тут сутнасьць, на выпадак, калі тормаз калі-небудзь спатрэбіцца.
Швэйк устаў і разам з чыгуначнікам падышоў да тормаза, на якім было напісана: «У выпадку небясьпекі пацягнеце за ручку» і г. д.
Чыгуначнік палічыў сваім абавязкам растлумачыць Швэйку на якім прынцыпе ўсталяваны мэханізм тормазу:
— Наконт таго, што трэба пацягнуць за ручку, ваш знаёмы сказаў праўду, але ён салгаў, што дзеяньня ня будзе. Цягнік бяспрэчна спыніцца, бо ў кожным вагоне тормаз элучаны з паравозам і з рэштай вагонаў. Гэтыя тармазы заўсёды дзейнічаюць.
Абодва, гаворачы, трымалі рукі на ручцы тормаза, і сапраўды застаецца загадкаю, як гэта здарылася, што ручка была адцягнена і цягнік спыніўся.
Абодва не маглі прыйсьці да згоды, хто, уласна, гэта зрабіў. Швэйк запэўняў, што ён гэтага ня мог зрабіць, што ён ня вулічны хлапчук.
— Я сам дзіўлюся, — гаварыў ён кандуктару, што падсеў да яго, — чаму гэты цягнік раптам спыніўся. Ехаў, ехаў, і раптам: на табе — стоп! Мне гэта яшчэ больш няпрыемна, як вам.
Якісьці паважнага выгляду пан стаў на абарону чыгуначніка і запэўняў, што сам чуў, як салдат першы пачаў гаворку пра тармазы.
Швэйк, наадварот, увесь час напіраў на сваю сумленнасьць і на тое, што затрымка цягніка не ў яго інтарэсах, бо ён сьпяшаецца на фронт.
— Начальнік станцыі там разьбярэ, — вырашыў кандуктар. — Гэта абыдзецца вам дваццаць крон.
Пасажыры павылаэілі тым часам з вагонаў, зайшоўся, засьвіргатаў обэр-кандуктарскі сьвісток, і нейкая пані з перапуду пабегла з ручным сакваяжам цераз поле.
— I варта, — разважаў Швэйк, захоўваючы поўны спакой, — дваццаць крон — гэта яшчэ мала. Калі гасудар імпэратар праяжджаў па Жыжкаве [3] , нейкі Франта Шнор спыніў яго карэту, кінуўшыся перад гасударом імпэратарам проста пасярод бруку. У паліцыі камісар, плачучы, дакараў Шнора, што той не павінен быў гэтага рабіць у яго раёне, а мог-бы выбраць сабе хоць-бы суседнюю вуліцу, якая ўваходзіць у раён камісара Краўса, і там выказваць свае вернападданьніцкія пачуцьці. Потым Шнора пасадзілі.
3
Раён Прагі.
Швэйк аглянуўся і ўбачыў, што да натоўпу слухачоў, што сабраліся кругом яго, падышоў обэр-кандуктар.
— Ну пара ехаць далей, сказаў Швэйк. — Добрага мала, калі цягнік позьніцца. Калі-б гэта было ў мірны час, тады, калі ласка, але раз вайна, то трэба ведаць, што ў кожным цягніку едуць вайсковыя чыны: генэрал-майоры, паручнікі, дэяншчыкі. Спазьненьне — рэч небясьпечная. Наполеон пры Ватэрлёо спазьніўся на пяць мінут і п… усю сваю славу.
У гэты момант праз натоўп слухачоў прарваўся паручнік Лукаш. Зьбялелы, як сьмерць, ён мог выгаварыць толькі:
— Швэйк!
Швэйк ўзяў пад казырок і далажыў:
— Пан обэр-лейтэнант, асьмелюся далажыць, гэта на мяне злажылі, што я спыніў цягнік. Дзіўныя плёмбы на гэтых тармазох. Чалавеку лепш да іх і не набліжацца, а то здарыцца бяда, і з яго захочуць дваццаць крон, як хочуць садраць з мяне.
Обэр-кандуктар даў сьвісток і цягнік крануўся.
Пасажыры разышліся па сваіх мясцох. Лукаш не сказаў ні слова і пашоў у сваё купэ.
З Швэйкам засталіся толькі чыгуначнік і праваднік. Праваднік выняў запісную кніжку і складаў пратакол пра здарэньне. Чыгуначнік варожа глядзеў на Швэйка. Швэйк запытаўся ў яго — Даўно служыце на чыгунцы?
I таму што чыгуначнік не адказаў, Швэйк расказаў выпадак з адным сваім знаёмым, нейкім Францішкам Млічкам з Угржэнэвэса пад Прагай, які таксама нек раз пацягнуў за ручку тормаза і з перапуду яму заняло мову. Адпусьціла толькі праз два тыдні, калі ён пашоў у госьці да гародніка Вапэка і там пабіўся, а рэшта гасьцей схвасталі аб яго бізун з валовых жыл.
— Гэта здарылася, — дадаў Швэйк, — у 1912 годзе ў маі месяцы.
Чыгуначнік замкнуўся ў клёзэце.
З Швэйкам застаўся праваднік і стаў цягнуць з яго душу, патрабуючы, каб Швэйка заплаціў дваццаць крон штрафу, напіраючы на тое, што ў адваротным выпадку Швэйка прыдзецца зсадзіць у Табары і здаць начальніку станцыі.
— Ну што-ж, вельмі добра, — сказаў Швэйк, — я не ад таго, каб пагутарыць з адукаваным чалавекам. Вельмі рад пазнаёміцца з табарскім начальнікам станцыіі.
Швэйк вынуў з вапазухі люльку, закурыў, і, выпускаючы хмары горкага дыму, казаў далей:
— Некалькі гадоў таму назад начальнікам станцыі Сьвітава быў пан Вагнэр. Вось быў жывадзёр. Прыдзіраўся да падначаленых і прыціскаў іх, дзе толькі мог, але больш за ўсё насядаў на стрэлачніка Юнгвірта, пакуль небарака з адчаю не пабег тапіцца. Але перад тым як скончыць самагубствам, Юнгвірт напісаў начальніку станцыі ліст, што пасьля свае сьмерці будзе прыходзіць да яго па начох. Дальбог ня лгу. Так і зрабіў. Сядзіць, напрыклад, начальнік станцыі ўночы каля тэлеграфнага апарату, як раптам чуецца званок, і начальнік станцыі прымае такую тэлеграму: «Як маешся, сволач? Юнгвірт».