Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Ламіі (вабячы Мефістофеля)

Бяжым, дзяўчаткі! Не без аглядкі Спяшайма прэч! Бо нам пацешна, Нам вельмі смешна Дурыць старэч! Такі рухавы, Хоць і кульгавы,— Прастуе ўслед! Ах, сэрцаед! — То спатыкнецца, То падвядзецца, І наўздагон Шыбуе ён!

Мефістофель (апамятаўшыся)

Мужчын з часоў, як жыў Адам, Ачмурыць кожная мадам. Бо розуму як кот наплакаў — У закаханых небаракаў. І ведаю ж: інтэрас у кабет — Памада, пудра ды гарсэт, Аж часам не відаць з-пад тынку, Ці файную ўхапіў жанчынку. Ох, і набраўся з імі я марокі… А файная міргне, — пацягне ў скокі.

Ламіі (спыніўшыся)

Спыніўся, думае, не рады. Дамо яму яшчэ прынады.

Мефістофель (прастуючы да іх)

Смялей ідзі на абардаж, За кудлы дзеўку — і на борт. Які ж я, зрэшты, буду чорт: Без ведзьмы — траціць чорт кураж!

Ламіі (завабліва)

Не цурайцеся, дзяўчаты, Наш герой — нішто сабе, І напісана на лбе, Што яшчэ ён не пачаты.

Мефістофель

У прыцемках спакусніцы — што трэба, Нібыта дочкі бога Феба.

Эмпуза{189} (уварваўшыся)

А вось і я! Вясёлыя галузы, Ці ёсць у вас тут месца для Эмпузы?

Ламіі

Сыдзі з дарогі, брыдкае страшыдла, Не прыставай, ты нам абрыдла.

Эмпуза (Мефістофелю)

Табе сваячкаю карга: Ў мяне ж асліная нага, Ты з капытом — а ўжо ж такі З табой, кумок, мы сваякі.

Мефістофель

Бадзяюся ў чужых краях, А ўсюды ўсё ж радня мая. Адно і ў Гарцы, і ў Эладзе — Усюды з чортам чорт у ладзе.

Эмпуза

Ад вас, пляменнічак, не ўтою, Што я люблю пераўтварацца: Вось каб да вас падтасавацца, Прыйшла з аслінай галавою.

Мефістофель

Гляджу, прыкінуўшы на вока, Сваяцтва цэняць тут высока,— Аднак, асліха, чорта з два Твая мне трэба галава.

Ламіі

Ты плюнь! Ад гэтакай брыды Чакай адно — чакай бяды! Заўсёды ад Эмпузы мы Бяжым, як людзі ад чумы.

Мефістофель

Якія твары ў вас і галасы — Не бачыў я такой красы! Вы дзевы сноў маіх і кроз,— Але баюся я метамарфоз.

Ламіі

Ты паспрабуй! Лаві хвілінку! Нас многа тут; бяры ў палон Найпрыгажэйшую дзяўчынку! Хоць сам — зусім не Апалон, А ходзіш з форсам, сэрцаед, Як знаўца дзевак і кабет… Вось увайшоў у наша кола ён. Цяпер мы скінем маскі, каб наш госць Убачыў сам, хто з нас што ёсць.

Мефістофель

Вось гэту ясачку люблю я палка!

(Абдымае адну.)

О чорт! Худая, нібы палка.

(Хапае другую.)

А гэтая? — Старая кляча!

Ламіі

Які жаніх — такая ўдача!

Мефістофель

Маленькая — то ўжо мая! Ды, бач, вільнулася змяя! А мо да гэтых весялух Пад’еду, як чапурны зух? Ды гэта, быццам кій, худая, Як венік, высахлая тая. Тут сухарэбрыцы… і дошкі!.. Хай лепш пухнаценькая котка Мяне прыгрэе ў лапках трошкі — Гарэму гэткая — знаходка, Такія цэняцца на ўсходзе… Ат, спрахні! Порхаўка, дый годзе!

Ламіі

Бяжым, дзяўчаты! Шумным роем Лунайма, як нетапыры, Над прыгаломшаным героем! Што, пекла выпладак паганы,— Паквапіўся на марцыпаны, Дык на вось, клыгай сухары!

Мефістофель (апамятаўшыся)

Цяпер я сам — асёл адпеты. І Грэцыя, і Гарц — адзін абсурд! І там, і тут — вядзьмацкі гурт, І там, і тут — псеўдапаэты, І там, і тут — блазнуе люд І танным асалодам рад! — Паўсюль суцэльны маскарад! Схапіў, здавалася, дзяўчыну, Аж — абдымаю, бач, дубіну; Чаго ж я гэта, баламут, Без дай прычыны б’ю ў хамут?
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: