Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Фаўст (сядаючы)

Мне ўсё адно. Удзячны я навек Табе, вялікі чалавек, Высакародны педагог, Што ўзгадаваў для перамог Герояў мужныя кагорты,— Апеты ўжо твой подзвіг горды!

Хірон

Які настаўнік? Нават у Палады Ужо ніхто не просіць больш парады, Цяпер і вучань стаў другі, Ён сам управіць Ментару мазгі.{181}

Фаўст

Тады ўрачу, які адзін Спазнаў сакрэты ўсіх раслін І немач лечыць, моц дае,— Вітанні выкажу свае!

Хірон

О, колісь быў я моцны духам, Умеў залечваць раны сам, Цяпер свой дар аддаў шаптухам, Знахаркам розным і папам.

Фаўст

Як муж вялікі, муж бывалы, Не любіш слухаць ты пахвалы І ўсім даруеш без аддачы Свае заслугі, славу, ўдачы.

Хірон

І ўладару, і жабраку ты кум — Такі падлізнік і шаркун.

Фаўст

Згадзіся сам: багі, героі, дзікуны — З тваёй эпохі ўсе яны; Ты поруч з імі як паўбог Жыў доўга і, вядома, ўведаць мог, Хто з іх, герояў, носьбітаў адвагі, Найболей варты быў тваёй павагі.

Хірон

Усе славутыя яны, Элады мужныя сыны: У сіле рук, красе натуры — На першым месцы Дыяскуры; Дзе памагчы, дзе трэба даць парады — Там першынство трымалі Барэяды; Разважнасць, мудрасць, справядлівы чын Увасабляў Язон, пястун жанчын; Арфей сардэчны быў, лагодны, шчыры, Спяваў чароўна, звонка граў на ліры; Ну, а ў Лінкея карабель Не сеў на рыф ні разу і на мель — І ў перамозе, і ў бядзе Было ім добра ў дружнай грамадзе.

Фаўст

А Геркулес, чым ён быў адмысловы?

Хірон

Не крой мне сэрца. Што тут словы! На жаль, не бачыў я Гермеса, Не бачыў Феба і Арэса, Затое ён, зямны, перада мной — І бог, і волат, і герой! Юнак прыгожы, царскі сын, Заўжды аддана і заўзята Старэйшага ён слухаў брата І найлюбімейшых жанчын. Такога больш не родзіць Гея, І не ўзнясе на неба Гера. Не ўславяць міф і эпапея: Не хопіць фарбаў у Гамера!

Фаўст

Такую ты падаў карціну,— Што і мастак не папракне ні ў чым. Намаляваў найлепшага мужчыну, Цяпер чарга найлепшае з жанчын.

Хірон

Чаго расхвальваць прыгажосць, Калі ў ёй толькі холад ёсць. Я жыццярадасных жанчын цаню, Люблю за палкасць іх агню. Краса — чаруе толькі вока, Прывабнасць — пранікае ў нас глыбока. Вось так запаланіла і Алена, Калі я вёз яе.

Фаўст

Ты вёз?

Хірон

Так, вёз!

Фаўст

Хіроне! О божа, як спрыяе лёс — Сяджу на тым жа самым троне!

Хірон

Як ты цяпер, трымалася за грыву.

Фаўст

Паспачувай майму парыву, Намеры ж — чыстыя мае! Хутчэй расказвай, не цягні — Куды і як ты вёз яе?

Хірон

Прыгода дзіўная. У тыя дні Яе з палону вырвалі браткі. Хто ж так аддасць ім скарб такі. Разбойнікі за імі наўздагон! Вось тут і дапамог якраз Хірон. Была б мо іншая карціна, Калі б не багны Элеўсіна — Уброд браты, а я з дачкою бостваў Наўпрост балотам ушалёстваў. Уратаваўшыся, яна з пяшчотай Па грыве гладзіла мяне сярдэчна, міла: І я, стары, сабе прызнаўся ўпотай,— Яна маё юнацтва абудзіла.

Фаўст

І гэта ў дзесяць год!

Хірон

З цябе пісакі Паспелі вытруціць разлік усякі: Міфічныя жанчыны і паўбогі — Не догмы вашых філалогій, Тым больш Алена; ўплывы часу Ёй не пашкодзілі ні разу. Паэт ёй сам дае красу, узрост, Прывабу і каханкаў доўгі хвост, Раздоры ў вечнай каруселі, То выкраданні, то вяселлі — Усё, што так здзіўляе вас. Тварцоў не звязвае ніякі час.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: