Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Мефістофель

Няхай сабе ідзе вясна — Больш даспадобы мне зіма з вятрыскам. Я сцюжу і глыбокі снег люблю! Глядзі, чырвоны месяц бляклым дыскам Падсвечвае, самотнік, нам зямлю,— Аднак усё ж на кожным кроку Расквасіць лоб тут можна ў цемнаце. Пастой, каб нам не заблудзіцца ў змроку, Хай светлячок нас правядзе!{84} Эй, прыяцель, свяці ў дарозе нам!

Блакітны светлячок

З ахвотаю! Сваім панам Гатоў служыць, змяню сваю прыроду: У траўцы поўзаць — звычай наш.

Мефістофель

Ты пераняў сабе людскую моду? Хай людзі поўзаюць, а ты — наперад марш! Бо ўраз жыцця агеньчык патушу.

Блакітны светлячок

Вы гаспадар, і вам я паслужу, Што загадалі, давяду да ладу. Але тут сёння шабас, аж зямля гудзе, Дык і святляк, магчыма, дрэнна правядзе, І вы ўжо майце да яго спагаду.

Фаўст, Мефістофель, Блакітны светлячок (спяваюць па чарзе)

Вось у сферу сноў і чараў Мы ўвайшлі, як мне здаецца: Дык праводзь нас між абшараў. Кожны з нас даўно імкнецца Зведаць край пусты і дзікі. Глянь, як гэты лес вялікі Міма нас назад сплывае, І гара свой горб схіляе, Скал грувасткія насы Чмышуць сонна на лясы.{85} І гарамі і лясамі Ручаіна ўслед віецца. Ці то спеў, ці хто смяецца, Можа, радасць, можа, скруха Ці ўспаміны душаць глуха, Можа, цьмяны вобраз духа Мчыцца ўдалеч лёгкім ценем За каханнем-летуценнем? Шалясціць трывожна хвойка… Сыч, і кнігаўка, і сойка Правяць у начы маленні: У карчах сядзяць рапухі — Даўгалыгі-таўстабрухі — Лезе змеямі карэнне Праз пясок і праз каменне Пад калені і пад локаць, Каб сурочыць, каб спалохаць, Смокчуць сокі з дрэваў чагі, На дарогу пруць карчагі, Ад стагноты пухнуць нетры, Гул праносіцца ў паветры. Баль спраўляюць пацукі. Замільгалі светлякі Прад вачмі хімерным роем, Заступаюць шлях героям. Ці мы збіліся з дарогі, Ці сумеліся з трывогі? Стогне ўсё, шалее, вые: Дрэвы, горы, кручы, скалы. Як пачвары-зубаскалы, Здані, прывіды начныя.

Мефістофель

Дык ідзі ж за мной пакорна. Мы ў гарах, дзе бляск і звон, Дзе навокал змрочна, чорна, Дзе пануе цар Мамон.

Фаўст

Як дзіўна льсніцца праз даліны Унізе цьмяная зара, Зганяе морак у цясніны, Як прывід кожная гара. Тут вецер чадны хмары пеніць, Там промень вырваўся з імглы, То тоненькім цурком струменіць, То б’е крыніцай са скалы, То мноствам жылачак барвяных Лагчыну краскамі затчэ, То зноў у прорве гор крамяных Ракой магутнаю цячэ, Тут пырскі іскраў пад нябёсы Пясочкам сыпле залатым, А там узносяцца уцёсы, Румяняцца рабром крутым.

Мефістофель

Напэўна, к святу ягамосьці Раззалаціў Мамон палац? Шчаслівы той, хто зведаў Гарц! Але я чую — блізка госці.

Фаўст

А вецер, вецер так і б’е, Лупцуе ў плечы бізунамі.

Мефістофель

За рэбры скал дзвюма рукамі Трымайся, бо змяце цябе. Вакол клубіцца ўжо туман, Дубровы трушчыць ураган, Лапоча сыч, як утрапёны. Ты чуеш? — Крышацца калоны Палацаў, гай гудзе зялёны, Скрыгоча сучча і галлё. І стогны волатаў-камлёў, І енкі дзікія карэння. І лямант-гвалт жывых стварэнняў, І векавечныя кражы Трашчаць, бы ссохлыя лаўжы; І валіцца каменне ўпокат, Пад сковыт дзікі і пад ёкат, І ў прорвах заягліў, завіскаў Шалёны продзімень вятрыскаў. Чуеш крык — далей, бліжэй? Чуеш енк — вышэй, ніжэй? Там на схілах дзікіх гор Заспяваў вядзьмарскі хор.

Хор ведзьмаў

На Брокен, ведзьмы, на папас! Там рунь ужо чакае нас! Там Урыян{86} у карагод Сабраў увесь нячысты зброд. Хутчэй туды на мётлах едзьма! — Казёл смярдзіць, смярдзіць і ведзьма!

Голас

Старая Баўба з храпай грознай{87} Імчыцца на свінні пароснай.

Хор

Хвала таму, каму хвала! Няхай бы Баўба нас вяла! Вядзі, старая Баўба, рэй — На Брокен заляцім хутчэй!

Голас

А ты адкуль?

Голас

Праз Ільзенштэйн{88}, жыве там Саве знаёмая з прыветам — Сядзіць лупатая…

Голас

Каб ты згарэла; Бяжыш, ад спешкі ашалела?

Голас

Сава мне здуру Злупіла скуру.

Хор ведзьмаў

Шырокі шлях, усім праход, А мы стаўкліся на скале! Хто з віламі, хто на мятле — Цяжарнай раздушылі плод.

Чарадзеі (палавіна хору)

Паўзуць мужчыны, як смаўжы, За бабамі брыдуць мужы. Як што да чорта ці да зла, Жанчына б ракам дапаўзла.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: