Шрифт:
— Калі гаварыць дыялектычна, то ты, гаспадар, разважаеш цвяроза, — памякчэў Кураглядаў. — Але, на жаль, паверыць на слова не магу. — I далей. Адкрыта, у лоб: — Я вам не давяраю. Можаце падмануць, падвесці пад манастыр.
— А вы паверце. Вось паглядзіце: усё будзе так, як я кажу.
— Не!
— Але ж рана-позна трэба давяраць і верыць. Бо як жа жыць нібы са змеямі? З недаверам вы будзеце асцерагацца не толькі нас, але і нашага ценю…
— А вы, заходнікі? — перапыніў яго Кураглядаў. — Давяраеце мне?
— Мы — другое… — уздыхнуў Грыгарцэвіч. — Вы для нас новы чалавек. Нам трэба да вас болей прыгледзецца. Як раней мы прыглядаліся да войта…
— Параўнаў! — хмыкнуў Кураглядаў. — Што войт, а што старшыня сельсавета! Войт — чужак, калі не пан, дык панскі служака, а я… Я — свой. Толькі вы… Вы не толькі ў партызаны не пайшлі, але… — Махнуў рукой. — Ат, што гаварыць! Супраць Савецкай улады вы! Некалі, калі пераменіцеся, можа, і паверым. Цяпер — не.
— У чым ці за што мы такія грэшныя?
— Вы сапсаваныя даўняй польскай нянавісцю да Расіі! Вас пранізаў класавы, сацыяльны страх перад рэвалюцыяй! Вы не хочаце сацыялістычнага ладу жыцця, калгасаў! Вы — прыватнікі, аднаасобнікі з ног да галавы! Вы… Адным словам, вас трэба доўга яшчэ перавыхоўваць, каб вы сталі нармальныя савецкія людзі.
— Я не хацеў бы гаварыць, але вы змушаеце… — Напружыўся, пачырванеў стары.
— Давай-давай! — натхніў Кураглядаў. — Мне нават цікава пагаварыць, як кажуць, па душы. Хоць бы ў такой, кажучы дыялектычна, экстрэмальнай сітуацыі!
— Можа, таварыш Кураглядаў, не нам, а найперш вам трэба паказаць: якраз вы — нармальныя людзі…
— Што ты маеш на ўвазе? — насупіўся Кураглядаў.
— Калі настойваеце, дык скажу, — з адчаю ўзгарэўся стары Грыгарцэвіч. — За палякамі гаварылі і пісалі ў газэтах, што вы, бальшавікі, гаворыце адно, а робіце зусім другое: адабралі ў людзей зямлю, садзіце, б'яце самых працавітых, разумных і талковых… Я сваімі вачыма чытаў адну кніжку, дзе чалавек расказваў, як на вашых Салаўках сядзеў… Гэта ж пекла там для невінаватых людзей было…
— Хлусня! Буржуазная прапаганда! — ускіпеў Кураглядаў. — Зламысны намер класавага ворага ашальмаваць Краіну Саветаў, уладу рабочых і сялян!
— Нашы каторыя хлопцы пайшлі праз мяжу да вас, каб паглядзець усё на свае вочы, а то і каб застацца, але… Ніхто не вярнуўся, нікога цяпер няма жывога…
— Гэтыя вашы малойчыкі былі шпіёны буржуазнай Польшчы!
— Якія, даруйце, «шпіёны»! Простыя вясковыя людзі. Дапытныя, разумныя.
— Тым больш шпіёны! — сказаў, як адрэзаў, Кураглядаў. — У нас, каб вы ведалі, нікога дарэмна не садзілі і не расстрэльвалі. Калі прыбіралі каго, дык злачынцаў, ворагаў народа! Тых, хто хацеў падарваць моц нашай дзяржавы і аддаць яе капіталістычнаму свету!
— Ды бачылі. На свае вочы…
— ІПто — бачылі?
— Як і каго ў трыццаць дзевятым хапалі і вывозілі…
— Ну, каго?
— Ляснічых, настаўнікаў, багацейшых гаспадароў.
— Ворагі і кулакі!
— Наадварот. Яны — тая моц, на якой трымаецца ўсё…
— Не, дзед, — працадзіў скрозь зубы Кураглядаў. — Яны, ты — мала сказаць «не внушаюіцне доверня», як мякка кажа пра вас таварыш Сталін. Вы ў прынцыпе нашыя непрыяцелі. Мы цяпер навідавоку пачулі АСА… Стары ўскінуў бровы: што гэта такое?
— АСА — антысавецкая агітацыя, — патлумачыў Кураглядаў.
Гаспадар змаўчаў. Зразумеў: што і як ні скажы, Кураглядава не пераканаеш. Нават больш — ён усё па-верне супраць цябе. Кожнае слова перакруціць, гатовы ўтапіць у лыжцы вады за яго.
У гэты час за шырмай пачуўся рып ложка, пасля ту-пат. Кураглядаў рэзка павярнуўся і па прывычцы выха-піў з кішэні наган: можа, старэйшы гаспадароў сын крадзецца з сякераю? Не. З-за шырмы высунуўся нічым не ўзброены, босы, у споднім, высокі і плячысты, вельмі падобны на Адама малады мужчына, з-за яго мірна, але насцярожана выглядала таксама босая маладзіца ў доў-гай кашулі.
— Не стойце за спіной, — зморшчыўся Кураглядаў, махнуў рукой са зброяй на гэты, засланы ўжо ложак. — Сядзьце там.
Тыя паслухмяна адно за адным закрочылі да бацькоў-скай пасцелі.
— Нам ясныя вашыя ідэйныя погляды, — сказаў Кураглядаў гаспадару. — Спыняем перапалку. Збярыце харчу на два-тры дні, дайце лыжку і міску, запрагайце каня — і во з таварышам Навуменкавым гайда ў раён.
— А божачка! — загаласіла гаспадыня. — Дзіцятка маё родненькае!
— Збірай, — скупа і цвёрда абарваў яе енк стары Грыгарцэвіч, нібы зажаваў, аж захадзілі жаўлакі. — Дасць бог — усё будзе добра.