Вход/Регистрация
Заходнікі
вернуться

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Выбачайце…

— Ваша прозвішча, імя і імя па бацьку? — запытаў ён, ведаючы, што такое простае пытанне вельмі дысцыплінуе чалавека. Разгарнуў свой блакнот, падрыхтаваўся ўсё ў яго запісваць. — Год нараджэння? Месца жы-харства? Занятак? Дзе былі ў акупацыі? Просьба?

— Як ведаеце, мы едзем у Польшчу, — з ранейшым хваляваннем пачала тлумачыць жанчына. — Дык трэба ў раён даведка, што мы нічога тут не вінныя…

— Рашылі ўсё ж ехаць?

— Ага.

Што ж, трэба даваць адпаведную даведку. Ёсць урада-вае пагадненне, па якім той, хто лічыць сябе палякам ці хоча злучыцца са сваёй сям'ёй, мае права выехаць адгэ-туль, з заходніх зямель.

— З лесанарыхтоўкамі справіліся?

— Справіліся.

— Пастаўкі аддалі?

— Аддалі. Усе.

— Праверым.

Ведаў: гэта — праўда. Яе сын, Сцяпан, адзін з нямно-гіх, хто ўхітраецца ўсё аддаць у свой час. Можа, і таму, што не быў у Германіі, ажаніўся з дзяўчынай з не спале-най у блакаду вёскі. За вайну тое-сёе сабраў, адразу пасля нямецкага адыходу пачаў адбудоўвацца, першы стаў на ногі. З іншымі, хто яшчэ жыве ў зямлянках, цяжэй. Калі ўсе за зіму нарэзалі і вывезлі да чыгункі свае «кубы», дык патрэбныя нормы мяса, малака, яек здалі толь-кі крыху болей за палавіну насельнікаў. У таго-сяго ня-доімкі яшчэ за леташні год.

— Несвядомыя вы, грамадзянка Грыгарцэвіч, — папікнуў. — Як вы можаце так лёгка пакідаць СССР ды сваю БССР? Вы ж — не палякі. Вы — рускія. Ну, беларусы. — Паціснуў плячыма. — Не разумею вашу дыялектыку, логіку!

— Мае меншыя дзеці там, — гатовая была заплакаць Грыгарцэвічыха. — Два сынэ, дачка.

— Баяцца сюды вяртацца?

— Не тое што баяцца… — заасцярожнічала тая. — Так ужо выйшла, пане… таварыш… старшыня.

— Ідзіце да сакратара, няхай піша вам патрэбныя даведкі, — адаслаў. — А я падпішу і пячатку пастаўлю. Едзьце, калі вам не дарагая Радзіма.

— Дзякую, — старая паднялася і паклала перад ім клуначак.

— Што гэта? — абурыўся ён.

— Яйкі.

— Забярыце! Хто я вам? Хабарнік? — закрычаў. — Што — і Калініну так неслі? Не! Не неслі! А я ж ваш Калінін! Народны, гэта значыць ваш, слуга!

«Знайшла што прынесці! — злаваўся ў думках. — Хапае яек і ад сваіх нясушак. Няма, каб даць адрэз добрага сукна, што прывезлі з Германіі!..»

Жанчына зусім разгубілася.

Ён злосна бухнуў у сцяну: наступны.

Грыгарцэвічыха, падабраўшы клуначак, згараючы ад сораму, падалася з кабінета. Мужчына, што паказаўся неўзабаве і які, канечне, чуў яго крык ды бачыў, што не ўзялі падарунка, утаптаўся сюды зусім нясмела. Можа, сапраўды баяўся, можа, хітраваў. Хіба як след зразумееш іх, гэтых хутаранцаў і аднаасобнікаў: асцярожныя, нібы ўгодлівыя, а на самай справе найперш намагаюцца падмануць, абвесці вакол пальца. Зазірае вось корч у вочы, здаецца, лезе аж у душу са сваёй просьбай і пакорай. Але пазней, дабіўшыся ўсяго, бадай, будзе пасміхоўвацца, цешыцца: маўляў, крычы-крычы сабе, хай цябе пранцы, але зрабі ўсё, што трэба. Маўляў, калі пан з крыку пачынае ды моцна лае, дык дабром кончыць, а калі надта прыемна сустракае, дык ліха замышляе. Цэлую сваю філасофію прыдумалі гэтыя заходнікі.

— Ваша прозвішча, імя і імя па бацьку? — ён зноў пачаў са сваіх звыклых запытанняў.

— Мне, таварышок, трэба лесу, — адказаўшы, хто ён і адкуль, закамячыў сваю вушанку барадач, хоць на справе быў не такі ўжо стары. — На столь у другой палавіне хаты, на дылі і вокны.

«Калі што і вартае прынёс, то ўжо не дасць, — паду-маў ён. — Значыць, трэба змяніць тактыку».

— Чаму па-польску заява? — мякка падакараў. — Я па-польску не разумею.

— Дачка напісала. А яна да вайны канчала польскую школу.

— А чаму не напісала па-свойму?

— А хіба можна пісаць па-свойму?

— Можна.

— Добра, таварышок.

— Не «таварышок» і не «панок» я, а — «таварыш старшыня», — паўшчуваў Кураглядаў. — Я табе — та-варыш, ты — мне. Ясна?

— Але, але, — згадзіўся абачлівы, ліслівы, а на справе, мусіць, хітрушчы аброслы мужчына. — Ведаеце, не так і лёгка прывыкнуць да новага…

— Што тут прывыкаць?! Да сваёй, роднай, улады! Якая тут цяжкая дыялектыка?!

Стары змаўчаў, адмыслова зірнуў яму ў вочы. Кураглядаў зразумеў гэты запытальны позірк, наўмысна нагнуўся і пачаў нібы па вялікай патрэбе корпацца ў ніж-няй шуфлядзе стала. Адчуў: наведвальнік вышмаргнуў штосьці з кішэні і паклаў на стол. Па тым, як яно пакацілася, здагадаўся: пляшка. Як толькі падняў галаву, нібы не задаволіўся:

— Нашто гэта?

— Проша, вазьмеця, — папрасіў той. — Чысценькая і моцная.

— Не трэба гэтага, — міралюбна прамовіў, але паўтарачку, заткнутую чорным гумовым коркам, не адсунуў.

— На здароўечка.

Кураглядаў адчыніў сейф — спачатку паклаў туды бутэльку, а пасля дастаў «дасье», тоўсты сшытак, куды сакратарка перапісала для яго ўсе сельсавецкія сем'і і куды ён на кожнага дарослага запісваў свае «даныя».

— За вамі яшчэ няздадзенае мяса, кіло масла, — сказаў мужчыне-барадачу.

— Сям'я вялікая… — Закалаціліся ў таго вялікія дужыя рукі. — Толькі летась цялушачку набыў, сёлета парасят купіў…

— Для мяне гэта не мае вялікага значэння. Для мяне вы — даўжнік перад дзяржавай.

— Ага, даўжнік…

— Вось якія вы! — падакараў Кураглядаў. — Хочаце дзяржаве не даваць, а толькі ад яе ўсё атрымоўваць!

— Каб раней, дык са свайго лесу нарэзаў бы тых хваін, — адмыслова апраўдаўся той. — Але цяпер ад мяне страявы лес адабралі, выразалі ўжо…

— Заўтра, а можа, паслязаўтра, калі выдасца вольная хвіліна, — нібы не чуючы апошніх слоў, строга абарваў ён, — сам пад'еду, на месцы пагляджу вашыя патрэбы. Чакайце.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: