Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Лекар! Цела, можа, ён і вылечыць, а душу загубіць! Чарнакніжнік ён!

— Тут свае дактары маюцца! — віскнуў віж. — З паперамі належнымі, якія тутэйшых кліентаў прымаюць па дамоўленасці з уладамі! Ян Гутнік, Людвіг Высакоўскі… Вы, паважаны пан суддзя Юдыцкі, Высакоўскага павінны памятаць, ён вам яшчэ скулу на сцягне прыпальваў, калі вы з палявання вярталіся… А гэты гіцаль сумленных дактароў заробку пазбаўляе!

Вось яно што… Значыць, Лёднік па намове Пранцыся проста заступіў на чужую тэрыторыю! Гэта ж толькі здаецца, што дастаткова ўмельства мець ды патрэбу ў хлебе штодзённым… А паспрабуй нават на рынку з шапкай жабрацкай прысесці — тут жа «законныя» жабракі налятуць, у каршэнь «захопніка» натаўкуць. А не дай Бог таму яшчэ пару капеек ад літасцівых мінакоў перападзе…

Лёднік, відаць, таксама гэта разумеў, бо нават не зрабіў спробы абараніцца і засведчыць аб сваёй высокай абазнанасці ды еўрапейскай адукацыі, і паныла вывучаў зацярушаную бруднай саломай падлогу, нібыта спіну безнадзейна хворага.

— А можа, мы проста кампенсуем шаноўным дактарам страты, якія міжволі, не хочучы, ім нанеслі? — пранікліва прагаварыў Пранцысь. Насы віжа і жаўнераў адразу павярнуліся да шкаляра, нібыта на пах смажанага вепрука. Ага, грошы ўсе любяць! Пранцысь белазуба ўсміхнуўся, хаця пры думцы, што давядзецца страціць толькі што набытыя дукаты, аж душа пераварочвалася, змінаючы свае пёры.

Але пан у чорным сурдуце, які, як высветлілася, быў сумнавядомым суддзёй Юдыцкім, якому Радзівілы даручалі самыя брудныя справы, быў непахісны, што азначала, што ён спадзяецца атрымаць куды болей у іншым месцы, чым ад недавучанага шкаляра ды бадзяжнага лекара. Пан драпежна ўгледзеўся ў твар Лёдніка.

— Кампенсацыі тут малавата… Такое багамерзкае аблічча не забудзешся. Цябе, даражэнькі, дзесяць год таму я бачыў у Чарнаўчыцах пры двары няшчаснага князя Марціна Радзівіла, сярод іншых чарнакніжнікаў, якія яго з розуму звялі д’ябальскімі штукарствамі. А яго княжаская мосць пан Геранім Радзівіл гэтых ведзьмакоў загадаў лавіць ды ў вязніцу да яго везці.

Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага — усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных — таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.

— Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, — змрочна прагаварыў Лёднік. — У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.

Юдыцкі толькі пакрывіўся.

— Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!

Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма — гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо — адзін з жаўнераў нават мімаволі — спрацаваў інстынкт старога воя — перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.

— А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?

— А табе нашто? — Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. — Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.

— Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! — ўгодліва падказаў віж. — Страшной сілы вядзьмарка!

— Што за блёкат! — на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы — так усхадзіўся. — Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…

— Ты пра сябе думай! — абсёк яго Юдыцкі. — Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! — жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…

Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.

— Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.

Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым — кулём — назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.

— Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў — вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!

Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам — і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: