Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.

— Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…

— Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! — узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. — Я — лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам — я казаў — мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!

— Лекар — мая маёмасць! — не здаваўся Пранцысь. — Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар — толькі ў маёй уладзе!

— Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, — Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. — Але будзем шчырымі — пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?

— Колькі меў пры сабе! — цалкам праўдзіва адказаў Пранціш. Суддзя расцягнуў бледныя вусны ва ўсмешцы.

— Вялікая, пэўне, сума… Дык вось, зробім усё паводле закону. Я заплачу пану за ягонага слугу дваццаць дукатаў, і ён пазбавіцца гэткага небяспечнага суседства і можа сам быць абсалютна вольны.

Прапанова, аб якой Пранціш учора толькі марыў. Але цяпер выкрыкнуў з усяе моцы:

— Мой слуга не прадаецца!

Твар суддзі пайшоў плямамі.

— Тады пан Вырвіч адправіцца разам з намі і будзе адказваць за ўдзел у ведзьмакоўскіх рытуалах!

Лёднік ірвануўся з рук жаўнераў, спальваючы вачыма свайго гаспадара.

— Табе езуіты хоць трохі клёку пакінулі, хлопча, ці ўсё розгамі выкалацілі? Згаджайся на прапанову суддзі!

— Не! — зацяўся Пранціш, у чарговы раз пашкадаваўшы, што не мае шаблі. — Доктара не прадам! Ён нічога кепскага не зрабіў!

Юдыцкі расцягнуў вусны ў брыдкай усмешцы.

— Тады паехалі ў Слуцак!

Раптам Лёднік затросся ад нейкага дзіўнага смеху, жаўнеры, што трымалі яго, ажно перазірнулся — ці не звар’яцеў? А той прагаварыў:

— Падобна, я не толькі сабе няшчасці прыношу, але і ўсім, хто са мной звяжацца… Прапаную скарыстаць мяне ў якасці бясхібнай зброі! Перадайце мяне, пан Юдыцкі, свайму найгоршаму ворагу.

Пранціш таксама хіхікнуў, а Юдыцкі пачырванеў ад злосці, што адразу заўважылі ягоныя жаўнеры, і паспяшаліся ўзнагародзіць нахабнага чарнакніжніка за гнеў начальніка кухталямі.

Вырвіч ганарліва ўскінуў галаву, паправіў шапку з аблезлым, але гарнастаевым, футрам… Усё роўна ва ўласную хуткую пагібель ён не верыў, як не можа паверыць маладая плотка ў тое, што недзе на свеце ёсць месца, дзе няма вады. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў. Пранцысь павярнуўся і пабачыў здаровага, як мядзведзь, чалавека з дзіўна белымі валасамі, брывамі і вейкамі, ад чаго ягоны ружовы твар, спаласаваны шнарамі, з перабітым носам, здаваўся ненатуральна вялізным, як надзьмутым. Вочы пана былі таксама светлыя, бялёса-блакітныя, але час ад часу выяўляліся цёмнымі, пачварна барвовымі і бяздоннымі. На незнаёмцу красаваліся дарагі камзол са срэбнымі галунамі, чорны капялюш з высокім верхам і батфорты, похвы ягонай шаблі-серпанціны пры левым боку блішчэлі каштоўнымі камянямі… Такія асабліва выгінастыя шаблі турэцкай работы выбіраліся толькі для смяротных двубояў. І хацелася быць як мага далей ад гэтага воя, які, падобна, можа раздушыць, як казюрку, нават за недастаткова пакорлівы пагляд. Уяўляліся навокал стрэлы гарматаў, уланы, што лятуць у атаку, ды ашклянелыя вочы забітых жаўнераў, якія ўглядаюцца ў неба з запозненым пытаннем: «Ці варта яно таго было?»… Пранцысь адразу скеміў, што звераватага аблічча пан ніхто іншы, як Герман Ватман, спадарожнік ваевадзянкі.

Юдыцкага перасмыкнула, як паляўнічага пры ўсведамленні, што набоі ў ружжы скончыліся, а мядзьведзь дакладна ведае, каго валіць.

— Пан Герман Ватман! Верны хорт Багінскіх!

— Пан Юдыцкі! Верны хорт Радзівілаў!

Паны ашчэрыліся, удаючы прывітальныя ўсмешкі. Ясна было, што біцца яны не будуць, не маючы адмысловага загаду гаспадароў. У магнатаў, вядома, свае рахубы: то згаворваюцца, то варагуюць, то зноў разам дамагаюцца нейкае справы, а потым нацкоўваюць адно на аднаго сваіх кляўрэтаў. Ватман акінуў цёмным позіркам двух злачынцаў, узятых пад варту.

— Багаты ўлоў, Юдыцкі!

— Справа тычыцца вядзьмарства, Ватман. Не лезь.

— Была ахвота.

— А твой гаспадар усё каралю не наважваецца дулю паказаць?

— Мой гаспадар пра сваю прысягу памятае. А твой усё з русалкамі селядцоў нараджае? — адрэзаў Ватман, нагадваючы пра адну з вядомых баек, што любіў расказваць пра сябе ўладальнік Нясвіжу Караль Радзівіл Пане Каханку.

— Затое нікому азадак не ліжа. Ні расейцам, ні саксонцам, — не паступіўся суддзя.

Судовы «кручок» Юдыцкі і ландскнехт Ватман з’ядалі адзін аднаго вачмі, запанавала такая ціша, што чуваць было, як дзумкае апошняя восеньская муха. Нарэшце Ватман скрывіў рот.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: