Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Ніколі не бывае запозна, павер, — упэўнена прагучэў глыбокі нізкаваты голас Саламеі Рэніч.

Каля брамы адбывалася нейкая мітусня і чуліся незразумелыя жаласныя выкрыкі, не падобныя да чалавечых. Лёднік ішоў наперадзе, выпрастаўшыся, як палкаводзец, Пранцысь нёс за ім валізу з лекарскім інструментарыем, мурынка, угнуўшыся, спяшалася за імі дробным крокам. На падыходзе да брамы Лёднік пачаў выкрыкваць на нямецкай:

— Загад яго княскае мосці!

Усе спалохана рассыпаліся ў бакі. Лёднік падыйшоў да начальніка варты і незадаволена папытаўся:

— Гэта выпадкам не цюленяў і слана прывезлі?

— Дакладна так! — з палёгкай адказаў начальнік варты, немалады рудаваты прусак, на твары якога чыталася такая разгубленасць, якой не магла выклікаць самая жорсткая і безнадзейная баталія. — Ніхто нічога зразумець не можа. Прыезжыя крычаць, каб зараз жа далі ім падводы, бо слон здохне, цюлені разбягуцца, мурыны таксама… Кажуць — яго княская мосць замаўляў гэты звярынец ажно ў Гамбургу, вось яны прыехалі, слон захварэў, затрымаліся ў Трайчанах, да раніцы чакаць не могуць, бо цюленям патрэбныя новыя бочкі з вадою, старыя разбіліся… Правадыр, нахабны малады чалавек, патрабуе, каб зараз жа даклалі пра іх прыезд князю, іначай той угневаецца. Але калі яго міласць князя пабудзім, што, не ўгневаецца? Майн гот, што такое цюлені, гер Лотман? Гэта драпежнікі?

— Марскія жывёлы, і калі блізка да іх не падыходзіць, не з’ядуць. Князь як раз даў мне распараджэнні наконт гэтага звяр’я, — уладным голасам тлумачыў Лёднік. — Бяссоннем пакутваў яго мосць, і ўспомніў, што павінны цюленяў прывезці, крыкі якіх супакойваюць бурленне крыві. Але даў указанне, якіх тварын пускаць у замак, а якіх не. Дайце мне перагаварыць з гасцямі.

— А мурынка вам нашто? — падазрона папытаўся начальнік варты.

— Ну, калі вы, гер афіцэр, ведаеце мурынскую мову, гэтая кабета нам сапраўды не спатрэбіцца. Вы замест яе дапаможаце нам паразумецца з мурынамі ды афрыканскім сланом, якіх князю прывезлі, — у голасе Лёдніка было столькі атруты, што афіцэр махнуў рукой, і доктар са сваімі спадарожнікамі прайшлі наперад, да выхаду з брамы. Па той бок мосту бачылася некалькі вершнікаў і падвода, на якой нешта варочалася і жаласна па-нялюдску крычала.

— Апусціце мост, я павінен перагаварыць з тым чалавекам, — загадаў Лёднік. Афіцэр пераклаў загад, жаўнеры кінуліся выконваць. Маладзён, размахваючы паперай, перабег мост, і Пранцысь са здзіўленнем пазнаў Ігната Мянчынскага ў адзежы купца і з барадою.

— Панове, вось ліст князя Радзівіла! Няўжо вы асмеліцеся не пусціць у замак купленых ім жывёлаў?

Лёднік холадна папытаўся, ці гаворыць пан па-нямецку, і купец паўтарыў усё на ламанай мове бюргераў.

— Спакойна, пан, не спяшайцеся! — ільдзяным голасам прагаварыў Лёднік. — Па-першае, князь у вас яшчэ нічога не купіў, нават канарэйкі. Па-другое, з таго, што вы прывезлі, князь загадаў адабраць жывёлаў і мурынаў пэўнага гатунку. Яго мосць даведаўся, напрыклад, што цюлені з асаблівай формы белай плямай і мурыны з асаблівым кляйном могуць быць звязаныя з дэманамі. Карацей, пойдзем, я сам усё прывезенае агледжу, а гэтая мурынка разбярэцца са сваймі адзінапляменнікамі.

Мянчынскі развёў рукамі, нібыта з прыкрасцю, і моўчкі пакланіўся.

— Гэта непадалёк, ваша мосць. Можаце скарыстацца нашай падводай — на ёй толькі маленькі цюлень, мы яго навязалі, ён бясшкодны. А гэтую дзікунку я пасажу на свайго каня.

Мянчынскі схапіў Саламею за руку і павёў да коней. Пранцысь рушыў следам. Лёднік павярнуўся да варты:

— Я прышлю сказаць, колькі патрэбна падводаў і бочак з вадой.

— А пякельнай карэты за табой не прыслаць? — раптам пачуўся здзеклівы голас. Аднавокі жаўнер асвяціў ліхтаром твар Лёдніка. — А я думаю, што за голас знаёмы? Вось пан Юдыцкі ўзрадуецца!

— Не разумею, пра што спадар гаворыць, — па нямецку адказаў Лёднік, не мяняючы голасу, і павярнуўся, каб сысці…

— Хапай шпега! Гэта не немец, гэта Баўтрамей Лёднік, чарнакніжнік, што ад Юдыцкага збег! — загарлаў жаўнер. — І памочнік яго шпег! Трымайце!

Жаўнеры выхапілі шаблі, начальнік варты цвёрда прамовіў:

— Застаньцеся, пан доктар. Гэты чалавек сцвярждае, што вы — не той, за каго сябе выдаяце. Мы лёгка выявім, ці ён ілжэ.

— Толькі пасля таго, як я выканаю загад князя, — запярэчыў Лёднік. Афіцэр вагаўся, у той час, як жаўнер крычаў:

— Ды гэта ж ён мяне вока пазбавіў! Навалач паганая! Паглядзіце на ягоны лоб — пан Юдыцкі прыклаў!

Прусак крануў рукой шаблю, што ўсе палічылі знакам да трывогі.

— Эй, вы, таксама стойце! — крыкнуў адзін з афіцэраў тым, хто ўжо апынуўся па той бок мосту, і нехта з жаўнераў рушыў, каб іх затрымаць.

— Рабіце, што павінны! — крыкнуў з усяе сілы Лёднік і выхапіў шаблю. Мянчынскі яго зразумеў, ускочыў на каня, і, моцна трымаючы ў абдоймах мурынку, пусціўся намётам. Трое, што былі з ім, таксама прышпорылі коней і выпусцілі пару куль у бок пераследнікаў, каб суцішыць іхні імпэт. А ў жаўнераў Радзівіла на выхадзе з брамы аказалася перашкода ў выглядзе аднаго, але баявітага доктара, шабля якога мільгала, як крылы шалёнага ветрака.

Лёднік разумеў, што пры ўсёй упартасці і добрай стратэгічнай пазіцыі хопіць яго ненадоўга, але кожная выйграная секунда дадавала пясчынку на шалі, што ўзважвалі верагоднасць выратавання Саламеі Рэніч. Шлях на той бок маста быў не для яго. Раптам побач пачуўся зухаваты крык, і жаўнеры сустрэліся з яшчэ адной шабляй. Лёднік прастагнаў скрозь зубы:

— Вырвіч! Якога ражна ты вярнуўся!

— Я сваю маёмасць не кідаю! У мяне не так яе многа! — з вясёлым цынізмам пракрычаў Пранцысь, радуючыся, што нарэшце развітаўся са сваім «нямецкім маўчаннем», і што можа заняцца праўдзівай шляхецкай справай і выпрабаваць сваю фехтавальную навуку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: