Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Пранцысь падрапаўся ў вакно:

— Міхась! Гулец, ты тут? Міцкевіч!

Да шкла прыліпла заспаная фізіяномія, вакно ціха прыадчынілася (разумны шкаляр заўсёды трымае шлях да рэтырацыі і пракудаў напагатове).

— Што за ная тут?

— Міхась, гэта я, Пранцысь! Пранцысь Вырвіч! Толькі ціха…

— Аёй! Матка Боска Чанстахоўска… Перахрысціся! — той, хто шаптаў, пераляканы быў не на жарт.

— На, перахрысціўся… Калі ты ў гэтай цемры забачыў. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Усё, вылазь, Гулец, справа ёсць!

Пранцысь саскочыў на зямлю, і хутка ля яго апынуўся жвавы шчаўлік Міхась Міцкевіч, лепшы гулец у косткі і карты за ўсю гісторыю калегіюма. Дзякуючы чаму, а яшчэ свайму авантурнаму адчайнаму характару Міхась і быў прыняты ў банду Вырвіча. І праславіўся тым, што аднойчы выкраў з кабінету рэктара сканфіскаваныя астрагалы — свае шчаслівыя косткі для гульні. Лепшага кампаньёна па вызваленні Гіпацэнтаўра нельга было і прыдумаць.

— Нам сказалі, ты загінуў! — трохі падазрона паведаміў Міхась, відавочна змагаючыся з жаданнем памацаць старэйшага сябрука і праверыць на прадмет прыналежнасці да нячыстай сілы. Пранціш хмыкнуў, тлумачыць ні сваё знікненне, ні ўваскрашэнне не стаў, аднак прымусіў Гульца паклясціся, што нікому не скажа аб сустрэчы. У іхняй бандзе клятваў ніхто не ламаў, і прыдумалі яны такія заклёны, закавырыстыя ды велягурыстыя, што іх вымаўляць было страшна, не тое што парушыць. Адзін заклён Гулец і прашаптаў Пранцысю на вуха, паабяцаўшы ў выпадку здрады сярод іншага знайсці свае зубы ссыпанымі ва ўласны бот і аддаць пячонку на з’ядзенне гадзюкам.

Калі Пранціш патлумачыў, што прыйшоў па сваю шаблю, Міхась задумаўся.

— Няйначай яна ў рэктара ў кабінеце. Ёсць там такі куфар, куды сканфіскаванае ды ахвяраванае трапляе… Калі ў Шастовіча нож забралі за тое, што парту зрэзаў, ён дакладна бачыў, што айцец Рамановіч паклаў яго туды.

— Ведаю той куфар, — задуменна прамовіў Пранцысь.

— Але на ім замок…

— Гэта не перашкода! — запэўніў Вырвіч, навучаны Лёднікам адчыняць любы замок шпількай усляпую. — Пойдзеш са мной?

— А то! — пасміхнуўся Міцкевіч. — Усё жыццё марыў з нябожчыкам банду стварыць!

Ноччу прыстойным людзям, якія не абцяжараныя вызваленнем радавых шабляў, належыць спаць. Ноччу ніякая навучальная ўстанова працаваць не павінна, калі там не рыхтуюць вупыроў альбо ваўкалакаў.

Але калі Пранцысь і Міхась прабраліся цёмным калідорам да кабінета рэктара, пана Рамуальда Вайніловіча, з-пад дзвярэй прабівалася палоска святла. Пранціш прыслухаўся: ціха. Зазірнуў у адтуліну для ключа: пуста, далібог, пуста! А свечка гарыць, абгарэлы кнот нахіліўся, як п’яны. Нібыта нехта выйшаў на хвілю і зараз вернецца, альбо нябачныя духі ў пакоі балююць. Але айцоў-езуітаў духі павінны баяцца, таму…

— Давай хутчэй, я павартую! — шапнуў Міцкевіч, і Пранціш тузануў дзверы, якія аказаліся адчыненымі. Замок на куфры, вялізным, як човен, ён прыкончыў за пару імгненняў — не тое што на назе Сільфіды ў Слуцкім замку, засталося радавацца, што ў кабінеце светла — бо сярод наваленнага ў куфры дабра сваю шаблю ў цемры ён бы да раніцы шукаў… Там былі складзеныя дылеі і жупаны, срэбныя кубкі і падбітыя футрам кунтушы, кінжалы і куфэрачкі…

Вось ён, Гіпацэнтаўр! Пранціш пацалаваў з дзяцінства знаёмае лязо, надзеў на сябе перавязь з похвамі са скуры вугра…

— Ідуць! — трывожна шапнуў Міцкевіч, і шкаляры замітусіліся, як печкуры ў нераце. На калідоры ўжо чуліся нечыя крокі, таму рэтыравацца не атрымлівалася… Куды схавацца? Міцкевіч першы нырнуў у куфар, за ім сунуўся Пранціш, шчыра спадзеючыся, што ў прыцемку ніхто не зважыць на адчынены замок куфра, і што грымучыя прадметы іх прысутнасці не выдадуць. Нешта цвёрдае адразу ўпілося Пранцішу ў бок…

— Сюды, пан Марыконі!

У кабінет, мяркуючы па галасах, зайшлі трое.

— Дзякую, пан рэктар, што падтрымалі нашыя памкненні дабіцца справядлівасці.

Гэта гаварыў Марыконі.

— Як служка Божы, я не магу пакінуць грэх беспакаранным. Асабліва пасля гісторыі са святым айцом Аблачынскім… — у голасе заўжды вытрыманага рэктара Рамуальда Вайніловіча чуўся гнеў.—Святы айцец дасюль адысці не можа ад ганьбы.

— А вы чулі, што Валадковіч яшчэ і айцоў францысканцаў разагнаў, калі тыя ішлі са святымі сакрамэнтамі і з труною па нябожчыка? А музыкаў прымусіў ісці з ім на гаўптвахту, дзе сядзеў ягоны сябар, такі ж разбойнік, і граць полечкі…

— Чуў, пан Длускі…—змрочна прагаварыў рэктар. — І лічу, што гэтыя злачынствы трэба спыніць.

Длускі быў адным з радцаў магістрату [17] , і Пранцысь зразумеў, што яны прысутнічаюць пры змове супраць Міхала Валадковіча, сябрука Пане Каханку. А паколькі справа гэтая была дужа небяспечнай, не дзіўна, што змоўшчыкі сабраліся ўночы, у такім месцы, дзе ніхто не западозрыць сход.

Нешта яшчэ больш балюча ўпілося ў бок шкаляра, і Пранцысь пачаў успамінаць гісторыю пра спартанскага хлопчыка, які, каб не зварухнуцца ў прысутнасці старэйшых, цярпеў, пакуль схаванае пад кашуляй лісяня выядала яму вантробы. А між тым змоўшчыкі ажно трэсліся ад нянавісці.

17

Магістрат— гарадская рада.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: