Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

На ягоным прыгожым санлівым абліччы проста напісана было: адчапіцеся… Я жыву ў свеце Музаў… Такога цяжкавата ўявіць каралём.

У пакоі пад лесвіцай на Вырвіча, нарэшце, навалілася ўсведамленне таго, што ён за гэты дзень натварыў. І як ставіў Лёдніка на калені, і як красаваўся перад Багінскім і ягонымі сёстрамі ў ролі ўладальніка каштоўнага слугі, як спрабаваў слугу прадаць…

Дзвесце дукатаў, плюс раней атрыманыя сто… За гэтыя грошы можна было набыць і каня, і адзенне, і купіць слуг, і нават дом…

А Лёднік быў нябедны, калі пачаў здабываць філасофскі камень, раз такіх даўгоў нарабіў.

Лёднік… Пан Лёднік. Вядома, да новаспечанай шляхты адносіны былі іранічныя, і ніхто з імі, як з «панамі-братамі», не лічыўся. Пляваліся ды абураліся гэтымі «патэнтамі» — раней толькі на полі бітвы вялікі гетман мог рыцарскае званне выбітному вою надаць, альбо сойм такую пастанову прыняць… А тут каралеўскія фаварыты ўказамі, саксонцам падпісанымі, гандлююць! Ганьба! Над фальшывымі шляхціцамі смяяліся, але гэта не былі ўжо мешчукі, і ўсе прывілеі ім належалі.

Што ж, Лёднік цалкам справіцца з захаваннем сваёй шляхецкай годнасці… Раз яму ўдалося захаваць гэтую годнасць, нават стаўшы рабом.

Вырвіч цяпер можа вярнуцца дадому на ўласным кані… Хоць у карэце. Але больш ніколі нізкі строгі голас яму не раскажа пра шляхі планэтаў і ўласцівасці раслінаў, пра Мантэня і Дыдро… Не будзе перад кім даказваць сваю мужнасць і спрыт, і здольнасць разумець самыя высокія матэрыі… Саламея Рэніч больш не назаве яго мілым хлопчыкам і не падорыць усмешку, ад якой хочацца жыць і рабіцца лепшым. І ў полацкія сутарэнні з сабой Пранціша яны дакладна не паклічуць, а ён спадзяваўся там праявіцца героем, самому вынесці на свет Божы рэліквію… Праявіўся. Цяпер — усё…

Пранцысь упершыню падумаў, а што б ён рабіў, каб Лёднік сапраўды зламаўся, стаў яго нахвальваць, цалаваць у ручку, прыніжана цярпець пабоі і радавацца падачкам? Яму патрэбны быў такі Лёднік, прыручаны, на ланцугу? Ці яму патрэбны чалавек, якога ён паважае і чыё адабрэнне так важнае? Настаўнік, якога Бог паслаў яму за шэлег на дарозе да Валожына, якога ён абразіў і ўрэшце прадаў за дзвесце дукатаў?

Пранціш кінуў вацок з манетамі на падлогу, быццам ён апякаў рукі. Якая пустэча… Сам усё загубіў… Адзінае вартае, што ў яго было… Як тады, з Вараняцем! Ён жа так ніколі адкрыта і не прызнаў яго сябрам — каб не прынізіцца. І прамаўчаў, калі таго цягнулі ў карцэр за чужую правіну.

Вырвіч упаў тварам уніз на сяннік. Прасіць прабачэння дарэмна, такое не прабачаюць. Гнаявік… Ён жа атрымліваў задавальненне, прыніжаючы доктара, гэтак жа, як лібертэн Прашковіч у сутарэннях слуцкага замка з дапамогай бронзавага стрыжня. Вось табе праўда, хлопец, пра шляхецкую зухаватасць.

Прайшлі гадзіны, а можа, дні, а можа, стагоддзі… Юнак не зважаў, што там праплывае побач — ён хацеў застацца на дне свайго адчаю назаўсёды.

На лесвіцы пачуліся крокі — Лёднік выходзіў ад сваёй Саламеі… Вось гэта каханне — не пабаялася прызнацца прылюдна ў граху, каб каханага не пакінулі закладнікам.

Пранціш не зварухнуўся. Ляжаў ніцма, і марыў толькі, каб былы слуга нічога не сказаў… Не дабіў атрутным справядлівым словам. Няхай пагардліва маўчыць і абыходзіць былога гаспадара, як кучу гною… А можа, выкліча яго на двубой за абразу — ён жа цяпер мае права! І няхай, няхай заб’е…

Але доктар падыйшоў да Пранціша і прысеў на край ягонага сенніка.

— Ну што, адыграў спектакль? Задавальненне атрымаў?

Як ні дзіўна, у голасе Лёдніка не гучэла пагарды альбо нянавісці, толькі стома і дакор.

— Будзеш выяўляць з сябе паміраючага Цэзара, альбо ўсё-ткі зробіш літасць устаць і павячэраць?

Пранціш не верыў сваім вушам. Пасля ўсяго доктар клапоціцца, каб ён павячэраў?

— Хочаш, каб цябе з лыжачкі кармілі?

Вырвіч адчуў, што з вачэй упершыню за столькі часу пацяклі слёзы. Вось жа ганьба… Нават у слуцкім сутарэнні не плакаў. Яго аж затрэсла ад невымоўнага жалю. А Лёднік раптам крануў яго за плячо:

— Заканчвай істэрыку, у мяне з сабой лекаў няма. Не ведаю, што ты там сабе напрыдумваў, але я цябе не пакіну. І не збіраўся. Хаця часам ты паводзішся проста як свіння.

Пранцысь замёр, потым сеў і неўразумела зазірнуў у звыкла незадаволены твар Баўтрамея. Той цярпліва, як малому, паўтарыў:

— Не пакіну я цябе… І не ўцяку. Хаця часам вельмі хацелася. Дакладней, мы з Саламеяй цябе не пакінем, калі сам таго не захочаш. Ты ж без нагляду ды на прыкладзе тытулаваных самадураў ператворышся ў чарговага буяша ды пустадомка з дыяментавым гузам на шапцы. А ўсё-ткі пробліскі інтэлекту ў цябе апошнім часам назіраліся.

Вырвіча затрэсла яшчэ больш, ён прыхінуўся галавой да пляча доктара і скрозь слёзы пачаў нешта прагаворваць:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: