Шрифт:
— Я не мог іначай.
Паланэя памаўчала.
— Ведаеш, за што мяне ў кляштар саслалі?
— Не…
— За двубой.
Вырвіч пастараўся не выдаць здзіўлення.
— Двубой, па ўсіх правілах. А што? У Вільні дамы б’юцца, у Кракаве, у Парыжы, у Санкт-Пецярбурзе. Жонка спадчынніка расейскага трону Кацярына па некалькі разоў на год бывае секунданткай у сваіх прыдворных дам. Я выклікала Агнешку Чартарыйскую, сястру свайго жаніха. Адбіла ў мяне першую фігуру ў кадрылі. Кавалера звяла і пасмейваецца яшчэ, лахудра. Кавалер той мне і на прыкуску не варты, але гонар пацярпеў! А галоўнае… Галоўная прычына — яна лічыць, што Багінскія не могуць быць каралеўскай сям’ёй! Мы — толькі прыдворнымі ў Чартарыйскіх, разумееш, можам быць! А брат мой — «мокрая курыца»!
Багінская ўсхадзілася не на жарт. Цікава, астатнія сёстры пана Міхала такія ж амазонкі?
— А на чым вы біліся? — асцярожна папытаўся Пранціш, які чуў, што ў якасці зброі баявітыя дамы часам ужываюць зубы і кіпці.
— А на шпагах! — спакойна адказала Паланэйка. — Я гэтую чапялу адразу ў правую руку параніла, дык яна давай раўсці, як дзіцятка, у якога цацку адабралі. Карацей, шуму… Жаніх у абражаную позу становіцца. Цётухны палацавыя сыкаюць пра заняпад нораваў. І брат сказаў, што з яго хопіць, што шалёныя сястрычкі больш не ўцягнуць яго ні ў якія авантуры, адмовіўся зносіцца з панам Сапегам, сказаў, што ніякай рамфеі не існуе, адны выдумкі… І адправіў да цёткі Альжбэты грахі замольваць.
Багінская ўздыхнула.
— Добра, удалося ўсё зрабіць, як планавалі. Старэйшыя сёстры пастараліся таксама, як маглі, брата настроілі.
Вырвіч, вядома, змаўчаў, што без яго, Пранціша, нічога б у жаночай паловы Багінскіх не атрымалася б.
Калі пераляканыя бернардзінкі, што папрачыналіся ад шуму на вуліцы, памаліўшыся святому Бернару, заснулі, Паланэя праводзіла Пранціша ў скарбніцу.
А на развітанне сказала дзіўным ціхім голасам:
— Слухай… Не хадзі з гэтымі мяшчукамі ў сутарэнне. Не трэба табе.
І нават не адразу адхілілася, калі шарачок Вырвіч пацалаваў яе ў шчочку.
А ў скарбніцы Лёднік і Саламея не спалі. Саламея дарэмна спрабавала супакоіць былога алхіміка і ледзь утрымлівала ад таго, каб выскачыць праз вакно альбо палезці ў сутарэнні ў пошуках зніклага шкаляра. Пранцысю нават падалося, што зараз ён атрымае розгамі па тым самым месцы, для якога яны прадназначаныя. На шчасце, розгаў пад рукой не было, а Лёднік займеў такую палёгку, што ягоны былы гаспадар вярнуўся, жывы і здаровы, што гнеў ягоны прайшоўся толькі па вершалінах, як лёгкі вецер.
Затое пры Пранцішы быў ягоны Гіпацэнтаўр! Бутрым, вядома, пабуркатаў пра неразумнага хлапчыску, але Вырвіч так свяціўся гонарам, што доктар не стаў нават спрабаваць ягоны імпэт прыгасіць. Сам зведаў вострае шчасце, калі здабываў невядомыя рэчывы, дыхаючы смяротнымі выпарэннямі.
Затое расповед Вырвіча пра сустрэчу з Юдыцкім доктара ўстрывожыў па-сапраўднаму… Але лаяцца, што Пранціш не павінен быў папярэджваць ворагаў аб небяспецы, Бутрыму і ў галаву не прыйшло. Непакоіла і тое, што пра рамфею даведаліся езуіты — хаця гэта якраз было не дзіўна, з іх усемагутнай шпегаўскай павутой і апантаным збіраннем усіх стражытных таямніцаў.
Пранціш ляжаў побач са сваёй радавой шабляй і думаў пра Паланэйку. Адважную, як антычная багіня. Яна ж таксама не палічыла дарэмным ягоны ўчынак з Валадковічам і паабяцала захаваць у таямніцы. Больш за тое — шкаляру падалося, што ягоны паход да Юдыцкага выклікаў у яе павагу больш, чым выкраданне Гіпацэнтаўра. Пацалаваць дазволіла… Але ж пры гэтым і не згадвала, што дзесьці ля дзвярэй манастыра, у цёмным калідоры палахлівая Ганулька, а яна ж, падобна, не простая дзеўка, усё чакае вяртання пана Вырвіча, каб упусціць яго ў кляштар.
І Вырвіч, на жаль, ужо не мог не разумець, што калі яны з чароўнай адважнай Паланэйкай сустрэнуцца пасля, на людзях, яна, хутчэй за ўсё, яго проста не пазнае, або за найвялікшую літасць холадна і ледзь заўважна кіўне галавой з мудрагелістай прычоскай… І нябачны меч зноў пратне сэрца загоннага шляхцюка з блакітнымі вачыма.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
МІНАТАЎРЫ ПОЛАЦКІХ СУТАРЭННЯЎ
Па дарозе з Менску на Полацак не так шмат заставалася праваслаўных храмаў… А трэба было яшчэ знайсці той, дзе святар правядзе таемны абрад вянчання ўначы, і ніхто з навакольных вёсак не адсочыць.
Але пан Лёднік, уладальнік свежага патэнту на шляхецтва, падпісанага каралём Аўгустам Сасам і прададзенага за тысячу дукатаў ягоным канфідэнтам графам Брулем немаведама каму, упёрся, каб перад небяспечным падарожжам у чарговыя сутарэнні абавязкова асвяціць адносіны з пекнай сяброўкай дзяцінства.
А калі доктар упарціўся, яго можна было забіць, але не адгаварыць.
Свечкі мігцелі, як быццам нейкія мізэрныя істоты, развітваючыся, махалі маленечкімі вогненнымі хусткамі. Цемра па кутах храма ад гэтага здавалася яшчэ цямнейшай, а словы святара пагрознымі… Хаця ён казаў аб вечнай любасці і еднасці душаў. Што Бог з’яднаў, таго чалавек не раз’яднае.