Шрифт:
— Трэба яго папярэдзіць.
Гулец ажно падскочыў.
— Ну ты вар’ят! Яго ж і ў Менску няма.
— Можа, праз суддзю… Юдыцкага таго… — неахвотна прагаварыў Вырвіч, успамінаючы непрыемныя хвілі свайго і Лёдніка зняволення, і як Юдыцкі разбіў доктару лоб, і пагражаў праверыць Пранцысева шляхецтва… Але нават дзеля помсты ворагу сармацкія ідэалы прадаваць нельга. Двубой — так… Перайграць ворага, перамудрыць — пачэсна. Схапіць гуртам аднаго ды расстраляць — ганьба! Няхай ён тройчы заслугоўвае. Цяпер Пранціш разумеў, чаму Лёднік збіраўся лекаваць у лесе параненага канваіра, што не перашкодзіла б яму раней ці пазней засячы свайго пацыента шабляй у бойцы. Высакародны чалавек — гэта той, у каго ёсць прынцыпы, якія ён не пераступіць нават дзеля ўласнага выратавання.
Міхась Міцкевіч відавочна не разумеў, чаму атаман раптоўна стаў на бок Радзівілаў, і Вырвіч не стаў яго цягнуць з сабой. Папрасіў толькі скінуць з вакна свечку, крэсіва і крэйду.
У Вырвіча намаляваўся цікавы план, які спалучаў салодкую помсту і выкананне сармацкага доўгу. Дом на Падгорнай нездарма быў названы праклятым. Пару гадоў таму жыла там прыгожая паненка, было ў яе два заляцаннікі, адзін, як водзіцца, стары і багаты, другі — малады і бедны. Паненка ахвотна памяняла б іхнія якасці, што дазволіла б ёй нарэшце вызначыцца, а пакуль тлуміла галаву абодвум. А калі бедны шляхціц пачаў афектавацца, пастанавіла: няхай прынясе ёй асаблівыя лілеі, што растуць толькі ў Нясвіжы, у аранжарэі палаца вялікага гетмана Казіміра Радзівіла Рыбанькі, і аддасць яна ўзамен сваё сэрца.
Добра яшчэ, зорачку з неба не папрасіла.
Шляхціц, аднак, не вагаўся, даскакаў да Нясвіжу і сярод ночы палез у княскі сад. Кветак наламаў, але быў пакусаны сабакамі, злоўлены і прыведзены да самога князя. Нягеглы злодзей шчыра распавёў Казіміру Рыбаньку сваю гісторыю і чакаў пакарання. Але князь расчуліўся, прызнаўся, што й сам зведаў падобныя палкія пачуцці, і загадаў рамантычнага злодзея адпусціць, аддаўшы яму кветкі са срэбнай вазай у дадатак. І зрабілася б яно ўсё як у казцы, калі б гэта была казка, а не жыццё. Бо закаханы малойчык, прыпёршыся са здабытымі цаной пакусаных лытак кветкамі да каханай, убачыў яе ў абдоймах багатага суперніка, і заставалася яму толькі заесці свой афронт радзівілаўскімі кветкамі. Хлопец, аднак, не меў пры сабе доктара з двума дыпломамі, каб нагадаў яму пра кантроль над дыханнем, і ўз’ятрыўся, як забытае на агні малако. Багацея засек, а каханую схапіў і — разам з ёю — у Свіслач… Так што аранжарэйныя лілеі ўсклалі на свежыя магілкі. Куды падзелася падораная гетманам срэбная ваза — ніхто не апавядаў.
Ну і, натуральна, пайшлі чуткі, што дзеўка стала русалкай і ходзіць, мінакоў зводзіць… Што значыць, пужае ды топіць у Свіслачы. І забойца пры ёй ценем блукае. Сваякі тапеліцы з дому з’ехалі, ніхто не захацеў там сяліцца. А суддзя Юдыцкі, вядомы скупінда, відаць, і паквапіўся на нізкую плату. Але, наколькі Пранціш памятаў, адвагай пан суддзя не адрозніваўся. Так што ў з’яўленне прывіда мусіў паверыць.
Дом быў аднапавярховы, на два канцы, з драўлянымі калонамі на ганку… Каб не памыліцца, дзе начуе суддзя, заставалася толькі кінуць у шыбу камень. Знаёмы вісклівы голас за адным з вокнаў зараз жа аблаяў усіх менчукоў да сёмага калена.
Цяпер засталося вычакаць, і…
Суддзя Юдыцкі сапраўды меў хворую пячонку і праблемы ў ложку, што не дадавала прыемнасці ягонаму характару. Але пры ўспамінах пра тую ноч рабіўся ён жоўтым, як шафран, і злючым, як зграя хартоў, з-пад носу якіх выратаваўся цудоўным чынам кульгавы заяц. Вось ускочыў раптам на аблачынку, ляціць сабе над лесам, рагоча, а яны могуць толькі брахаць яму ўслед…
Да канца свайго судзейскага жыцця не забудзе Юдыцкі, як у вакне ягоным мігцеў ненатуральна белы твар, які трохі нагадваў шкаляра-чарнакніжніка, якога расстралялі гарматамі ў Слуцку разам з д’ябальскай машынай.
— Юдыцкі! Юдыцкі! Святы Франтасій мяне паслаў! — завываў прывід. — Скажы Міхалу Валадковічу, хай не ідзе ў суд, бо загіне!
Суддзя, стоячы на каленях у ложку, спрабаваў маліцца, але ў галаву лезлі толькі артыкулы Статуту, датычныя запісаў і продажаў, і круцілася фраза «естлі б якій спадок на кого по змерлой руцэ правом прірожоным пріпал».
Жахлівае аблічча раптам знікла, нібыта растала ў начы. Юдыцкі не адразу наважыўся падысці да вакна. А калі ўсё-ткі падыйшоў, з запаленай дрыготкай рукой свечкай… Ну не дарэмна ж ён дасягнуў вышынь у судовай справе, якая пры каралях Сасах ператварылася не тое што ў лабірынт, а ў непралазныя нетры, дзе няма ні сцежак, ні дарожак, а з-пад кожнага карча можа скочыць драпежны звер. На лапіку мокрага снегу пад вакном, які яшчэ не паспеў растаць, бачыўся ланцуг слядоў, які ніводзін прыстойны прывід па сабе пакідаць не стане.
Крыкі суддзі скаланулі слаўны горад Менск і прыпешылі бег аднаго дзёрзкага і задужа жывога прывіда. Вялікае ягонае шчасце, што замест мокрага снегу зноў лінуў дождж, змываючы сляды. Пранцысь імчаў да кляштара бернардзінак, а галасы пагоні ўжо гучэлі дзесьці на суседняй вуліцы…
— Сюды! — вакно на першым паверсе расчынілася. — Трымай!
Пранціш адчуў дотык чагосьці мяккага, не вяроўка — але скручаная тканіна… А караскацца наверх яму не ўпершыню.
— Вось мой Гіпацэнтаўр!
…На асклізлым беразе халоднай Свіслачы, абняўшыся, горка плакалі два прывіды: маладзенькая какетлівая паненка, з валасамі, упрыгожанымі гнілымі стужкамі водарасцяў, і ейны забойца з выедзенымі рачнымі насельнікамі вачыма… Такая спрыяльная ноч для з’яўлення, для палохання даверлівых месцічаў — а тыя месцічы, як пяты ім падсмажваюць, бегаюць проста скрозь празрыстую парачку, не зважаючы ані, толькі сціраюць са сваіх пераляканых фізіяномій нетутэйшую шэрань, і шукаюць махляра з перамазаным крэйдай абліччам, як сумленнага прывіда! Вось яна, неправядлівасць жыцця: маскарадныя фігуры ўважаюцца за адзіна праўдзівыя, а ад існых жахаў адмахваюцца, як ад павуцінкі бабінага лета! Як жа не заплакаць прывіднымі слязьмі, не зажадаць назаўсёды пакінуць гэты зняверлівы няўдзячны горад, які б мог сваіх прывідаў скарыстаць, напрыклад, дзеля прывабы багатых замежных вандроўнікаў, ахвочых да жудасных цудаў…
І абодва несупакоеныя духі зноў боўтнуліся ў чорныя воды Свіслачы, якая і не такую дрэнь у сябе прымала і яшчэ прыме цягам стагоддзяў.
Пранціш з княжной Паланэяй сядзелі ў цемры, прыхінуўшыся спінамі да цёплага боку грубкі, так блізка адно ад аднаго, што маці Альжбэта асудзіла б абодвух на двухтыднёвае пакаянне. Вырвіч цішком схаваў у кішэню хустачку, ахвяраваную яму княжной, каб сцерці крэйду з твару — файна будзе гэтую хустачку навязаць на шапку, калі давядзецца ісці ў бойку.
— Магчыма, суддзя ўсё-ткі вырашыць, што ты яму прымроіўся, — ціха прамовіла Багінская. — Але рызыкаваць усім дзеля таго, каб выратаваць ворага… Юдыцкі б цябе ў турме згнаіў. Калі ж да майго брата дойдзе, ён палічыць, што ты яму здрадзіў.