Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Пакуль іх замаўляюць і купляюць, буду трымаць. А чаму не? Шкоды ад такіх рэчываў няма, а карысць у выглядзе жывых грошай ёсць. Да таго ж, хлопец, ты так і не засвоіў, што хвораму дапамагае толькі тое, у што ён верыць, няхай гэта будзе чыстая вада.

Лёднік няўхвальна нахмурыўся, але ўчыняць дыкусію не стаў.

Пакой быў маленечкі, асвятляўся не свечкай, а алейнай лямпай, і дыхаць тут было цяжка ад папяровага пылу: усе сцены завешаныя паліцамі з кнігамі, ад таўсценных фаліянтаў да папірусных звіткаў. Вырвіч падазрона агледзеўся вакол: яму не даводзілася быць у гасцях у габрэяў, увогуле было дзіўна, як Лёднік і Саламея вольна і паважліва абыходзяцца з аптэкарам, і ён да іх са шчырай прыязнасцю… Лейба заўважыў ягоны позірк:

— Няхай прабачыць ваша мосць сціпласць майго жытла. Але тут вам нішто не пагражае. Паверце, часам на мяне гэтак жа скоса паглядалі мае адзінаверцы за сяброўства Іванам, як і на яго — ягоныя… Проста ў кожным народзе ёсць свае дурні і свае мудрацы, здраднікі і героі, правадыры і дзівакі… Ліхвяры [18] браты Іцкавічы, з-за якіх Крычаў паўстаў, абіралі ўсіх, не глядзелі на веру. Гэтак жа, як і другія арандатары — ліцвіны, браты Ваўкавыцкія, што тых жа крычаўцаў мардавалі. А мы з Іванам Рэнічам былі менавіта дзівакамі. Ён — сярод сваго народу, я — сярод свайго… А дзівакі, якія прагнуць ведаць куды больш, чым дазваляюць звычаі, нікому не падабаюцца, над імі смяюцца, іх баяцца… Затое яны могуць пазнаваць адно аднаго па ўсім свеце, і сыходзяцца на шляху да спазнання, на якім няма розніцы нават між шляхціцам і мяшчуком, няхай прабачыць мяне вашая мосць, але розніца толькі ў глыбіні і смеласці думкі.

18

Ліхвяр— пазычаў грошы і жыў з атрыманых працэнтаў.

— Не кожныя веды ўхваляе Гасподзь, — цвёрда прамовіў Лёднік. — Не ўсё, што мы спазнаем, ідзе на выратаванне душы.

— Табе лепей ведаць, «бедны Фаўст», — нечакана жорстка сказаў аптэкар і адкінуўся на высокую драўляную спінку крэсла. — Чуў пра тое, што Іван так цябе называў? Пісалі мне з Прагі, у якія кампаніі ты хадзіў… Добра, што спыніўся. Але сюды вы прыйшлі менавіта за небяспечнымі ведамі, ці не так?

— Так, дзядзька Лейба, — Саламея кінула пагляд на Баўтрамея, нібы хацела набрацца ад яго смеласці.—Мы павінны пайсці туды, куды… хадзіў бацька. Я знайшла ў ягоных рэчах вось гэты ключ.

Цяжкі, пацямнелы, грубай работы ключ лёг на стол. Усмешка знікла са светлых вачэй аптэкара, ён строга падціснуў вусны, памаўчаў.

— А твой бацька хацеў бы, каб ты зрабіла тое, што збіраешся?

Пані Лёднік апусціла галаву ў кароне цёмных кос, якія па-добраму павінны былі б, як у замужняй жанчыны, хавацца пад наміткай — але ў маладых не ставала ні часу, ні сіл пільнавацца звычаяў…

— Ён не хацеў бы гэтага, дзядзька Лейба. Але ў мяне няма выбару. Я прысягнула, што гэта зраблю… Імем свайго Госпада. У абмен на жыцці дарагіх мне людзей…

— І на сваё жыццё, ці не так? — запытаўся-сцвердзіў аптэкар. — Вось чаму цябе адпусцілі…

— Мы не дамо, каб з паннай Саламеяй нешта кепскае здарылася! — горача запэўніў Пранціш. — І нічога ганебнага не ўчынім.

— А што лічыць ганебным, а? І як сувымяраць ахвяру і карысць ад яе? — нявесела ўсміхнуўся Лейба. — Калі цар Давід паслаў свайго ваеначальніка Урыю на пагібель, ён кіраваўся самым высакародным пачуццём — каханнем. А ганьба якая атрымалася — ледзь адмаліўся. Але ад шлюбу Давіда з удавою Урыі, дзеля якой і ўчыніў цар злачынства, нарадзіўся мудрэц Саламон… Значыць, Урыя загінуў не дарэмна, а? І грэх Давіда пайшоў на карысць?

Вырвіча ажно дрыжыкі працялі: ён зразумеў, што стары аптэкар блюзнерыць па канонах усіх рэлігіяў… Ці не блісне тут зараз маланка Божага гневу?

— Мы пакладземся на волю Божую, — цвёрда прамовіла Саламея.

— Усё роўна нас у спакоі не пакінуць, дзядзька Лейба, — ціха прагаварыў Бутрым. — Не дадуць ні ўцячы, ні схавацца. А так ёсць шанец, што хоць хтосьці з нас выжыве.

Лейба моўчкі павярнуўся і выйшаў у суседні пакой, шчыльна прычыніўшы за сабой дзверы. У слоіку, які стаяў на ніжняй паліцы між фаліянтамі, у каламутнай вадкасці, раптам заварушылася нешта, і зноў замёрла, толькі ў пыльным паветры растаў такі гук, як бы хто кінуў у глыбокую студню камень.

— Твой бацька пакінуў разгадку шляху да хрысціянскай святыні тут? — не вытрымаў Пранціш, звярнуўшыся да Саламеі. Тая паціснула плячыма, прашаптала:

— Бацька давяраў дзядзьку Лейбу. Да таго ж тут ніхто б не надумаўся шукаць, нават езуіты.

Аптэкар вярнуўся, трымаючы ў руках куфэрак цёмнага дрэва. Пранціш чакаў пабачыць там што заўгодна — але не тое, што дастала Саламея: клубок тонкай вяроўкі, завязанай вузельчыкамі.

— Што ж, адгаворваць вас — марнаваць свой час, а яго ў мяне не так шмат засталося да сустрэчы з прабацькам Абрамам… Мала я нацярпеўся за апошнія тры гады, дзякуючы Івану… І зноў праклятае сутарэнне мяне дастае. Каб ім Левіяфан скарыстаўся ды абрушыў добра. І калі думаеце ісці? — змрочна прагаварыў Лейба.

— Зараз жа! — выкрыкнуў Вырвіч, паклаўшы руку на Гіпацэнтаўра.

— Вашая праўда, высакародны пан, адцягваць імгненне, калі ўпаде на цябе падвешаны на валасіне меч — працягваць свае пакуты… — паківаў галавой аптэкар. — Усё, што я магу — праводзіць вас да ўваходу, як Харон.

Вырвіч чакаў, што ўваход у полацкія сутарэнні акажацца дзесьці ў рамантычным, святым месцы… Але выявілася, што ён… у пограбе полацкага аптэкара Лейбы.

Той проста аднойчы зайшоў туды пасля вясновае паводкі, калі падземныя воды прабівалі ў вільготнай зямлі свае капрызлівыя шляхі, і… праваліўся. Ледзь выкараскаўся наверх. Аказалася, дзед Лейбы, які скарыстаўся з літасцівага дазволу вялікага князя сяліцца юдэям у местах і займацца рамяством, выкапаў пограб рыхтык над падземным шляхам. Сам Лейба больш туды не спускаўся, і хутчэй за ўсё заваліў бы страшны прагал і дзверы ў пограб забіў цвікамі… Ясная справа, сутарэнні звязаныя з храмамі, а калі хтось вырашыць, што габрэй тайна спрабаваў пранікнуць у хрысціянскую святыню!.. Не, лепей далей ад граху… І так жывеш між гострымі лязамі…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: