Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Ён бязбожнік! Гэта дакладна! Проста ў зале суда выкрыкваў страшэнныя блюзнерствы… А тое, што ён святое распяцце рассек! — крычаў з нянавісцю Марыконі.—Гэта страшней, чым рассечаная рука пана Длускага…

— І гэта праўда, панове… — зазначыў Вайніловіч. — Але мы нічога не можам зрабіць, як не змаглі асудзіць ягонага брата Юзафа за здратаванне шляхціца Яцыны. Пан Міхал выбраны скарбнікам Трыбуналу… Паводле закону за рассечаную руку ён можа адліць для пана Длускага срэбную руку, а за блюзнерства — хіба што тры месяцы вежы. І тое сумняюся, што ён іх адседзіць.

— Менская шляхта — за нас! — Длускі ледзь не дыхаў агнём, як слуцкі цмок. — У Быхаве, Варшаве, Вільні, Гародні — паўсюль ёсць людзі, якім радзівілаўскія бясчынствы ў горле пераселі. Полк Масальскага нас падтрымае! Галоўнае — не адступаць! Асудзіць паскудніка на горла! І адразу ж — расстраляць.

— Дык ён на суд не з’явіцца… — засумняваўся Вайніловіч. — У горад прыехаў радзівілаўскі найміт, суддзя Юдыцкі, жыве ў праклятым доме на Падгорнай, а шпегаў рассылае ад Татарскага канца да Залатой горкі. Вынюхаюць, папярэдзяць разбойніка, каб не прыязджаў.

— З’явіцца! — запэўніў Длускі. —Валадковіч даводзіць, што нікога і нічога не баіцца. Ягоны гаспадар расказаў чарговую байку, як з чортам біўся і перамог, дык гэты блюзнер цяпер, напіўшыся, бегае па могілках і выклікае нячыстую сілу на двубой. Вось бы Госпад папусціў, каб яна яму з’явілася ды скруціла паганую шыю! Не, панове, Валадковіч прыйдзе ў суд, нават калі дакладна будзе ведаць, што яго збіраюцца страціць. Нават яшчэ вярней з’явіцца — каб даказаць сваё бясстрашша і ўсемагутнасць. Тады — ніякай літасці! Законы не для такіх, як ён. Пасля каляднага карнавалу і абвесцім суд!

— А што зробіць з намі пасля ягамосць Караль Радзівіл? — асцярожна папытаўся Вайніловіч. Марыконі раззлавана фыркнуў:

— Радзівілы таксама не ўсемагутныя. Прыйдзе сіла і на іх!

— Вось як… — працягнуў Вайніловіч. — Чуў я, што хутка на Беларусі з’явіцца адна святыня… дужа магутная… І аб’явіцца яна ў руках наступнага караля, якога ніхто не пераможа. І гэта, магчыма, будзе не Радзівіл. Вы нічога не чулі пра гэтую святыню?

Голас рэктара гучаў мякка, як быццам ён асцярожна раскладаў сіло са слоў.

— Нічога, — коратка адказаў Марыконі.

— А што за святыня? — зацікавіўся Длускі.

— Тая, якую варта вярнуць у Рым, святому прастолу, — гэтак жа мякка, але з затоенай пагрозай, прамовіў рэктар. — Запэўніваю вас, што той, хто гэта зробіць, займее магутную падтрымку ад касцёлу… Калі ж не — накліча на сябе вечны праклён.

— Я б на месцы вашай правялебнасці не надта верыў чуткам, — суха прамовіў Марыконі.

— Наш айцец Ігнаці Лаёла вучыў быць пільнымі да ўсяго… — мякка запярэчыў Вайніловіч. — Пад кожным недарэчным забабонам можа выявіцца рэальная таямніца альбо пракуды д’ябальскія. У Полацку нашыя браты з ласкі караля-нябожчыка Стафана Баторыя збудавалі касцёл Святога Стафана. Падчас будоўлі сустрэліся з дзіўнымі з’явамі… І чуткамі.

Езуіт памаўчаў, відаць, чакаючы каментароў, не дачакаўся і працягнуў:

— Магчыма, пан Марыконі, вы нешта даведаецеся пра пэўную святую рэч, і падкажаце тым, хто на яе палюе, як трэба ўчыніць.

— Калі раптам даведаюся, васпан, падкажу, — холадна запэўніў Марыконі.

— І галоўнае — ні слова пра нашыя намеры нават на споведзі! Лепей да мяне на споведзь прыходзьце! — напаўжартоўна папярэдзіў Вайніловіч.

Калі свечка былі затушаная, дзверы кабінету зачыніліся і крокі на калідоры змоўклі, шкаляры наважыліся пакінуць куфар. Пранцысь з палёгкай расцёр знямелы бок…

— Яны ж на ключ кабінет зачынілі! — з роспаччу прашаптаў Міхась. Але Пранціш толькі паблажліва паляпаў малодшага сябрука па плячы… Пасля навукі Лёдніка Вырвіч мог узначаліць банду злодзеяў і шарыцца па дамах, нягледзячы ні на якія засовы — праўда, доктар ашалеў бы, каб такое пачуў.

На вуліцы быў холад сабачы… Раптам паваліў мокры снег. Шкаляры подбегам рушылі да інтэрнату… Сталі пад дрэвам.

— Ну, слава святому Францыску, абыйшлося! — радаваўся Міхась. — Шабля твая ў цябе, ніхто нас не ўбачыў! Чаго ты кіслы, як капуста?

— Мне не падабаецца справа з Валадковічам… — прыгнечана прызнаўся Вырвіч. — Гэта не высакародна — без суда і закону расстраляць шляхціца.

Дзесьці на Верхнім рынку забрахаў сабака, і яму адазваліся супляменнікі па ўсім горадзе.

— А што табе да Валадковіча? — паціснуў плячыма Гулец. — Каб перастрэў яго дзесь, думаеш, ён бы цябе дукатамі асыпаў? Лупцаваць бедных шляхціцаў бізунамі, як ён — гэта, па-твойму, высакародна?

Вырвіч уздыхнуў, адчуваючы сябе апошнім дурнем. Але ўжо ведаў, што не можа ўчыніць іначай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: