Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
У творах сапраўднага мастака не можа не адлюстравацца яго час, лёс пакалення, гісторыя, усё, чым жыве народ. У гэтым дыялектыка творчасці. І тое, што паэтэса адразу вырашыла — як яна сама дакляравала — быць сама сабой і што гэта ёй шмат у чым удалося, — добра. Грамадзянская шчырасць без натугі і прымусу паядноўвалася з асабістым, прыватным, чужое са сваім, агульнае з інтымным. Гэта стала добрым грунтам развіцця, разгортвання таленту.
Яна з самага пачатку праявіла значную грамадскую, творчую, эстэтычную актыўнасць. Гэта былі гады казахстанскай цаліны, шматлікіх новабудоўляў, асваення космасу, творчасці, росту народнай ініцыятывы, дынамічнага духоўнага жыцця. Е. Лось стала адной з выказніц свайго пакалення.
З натруджаным добра крыллем… Яму не было ля чаго пагрэцца — Бо каміны не дымілі… А ўсё-такі раслі, прыгажэлі на дзіва! Калі не было і хлеба, Вершы пісалі пра дзень шчаслівы… Напэўна, гэтак і трэба… Загартаванае наша натхненне, Яно адгарыць няскора! Кажуць, шчаслівае пакаленне Тое, што зведала гора.У далейшым паэтэса яшчэ не раз будзе звяртацца — у вершах, паэмах — да тэмы лёсу свайго пакалення, аналізаваць яго ўклад у грамадскае жыццё, яго шматгранную стваральную дзейнасць. Літаратура 60-х гадоў жыла вялікім творчым неспакоем. Е. Лось трымала руку на пульсе жыцця. Яна ўсюды хацела пабываць, усюды паспець, да ўсяго дакрануцца.
У кожным імгненні паэзія ёсць, У кожным здзяйсненні — яе прыгажосць. У кожнай істоце — яе хада, У кожнай бядоце — яе бяда.Вось так — мужна, адкрыта і шчыра звярталася яна да жыцця. Адкрыццё хараства чалавека і навакольнай рэчаіснасці ў адзінстве маральнага і эстэтычнага, праўды і прыгажосці стала яе галоўнай творчай патрэбай. Яна ўмела за асобным фактам, падзеяй, справай разгледзець веліч рэчаіснасці, стваральны характар народнага быцця.
Здаралася, не ўтоім, часам і так, што паэтэса абмяжоўвалася адлюстраваннем знешніх прыкмет жыцця сваіх герояў (асабліва ў некаторых так званых партрэтных вершах), не заўсёды выходзіла на значную думку, абагульненні. Вярнуўшыся з дарогі, паэтэса гаворыць:
І клопат мой пасля дарогі ўвесь — Забыла на спружынавым сядзенні Пірог пшанічны, што далі мне дзесь!Пасля гэтага думаеш: ці варта было ехаць? Так, думка выдавалася часам драбнаватай — і не толькі ў яе адной. Але побач з гэтым нельга было не заўважыць другога: крытыка ў артыкулах пра Е. Лось адзначала, што «яе лепшыя творы… народжаны сапраўдным натхненнем і кранаюць сэрца арганічным спалучэннем маляўнічасці, шчырасці і музычнасці» (С. Гаўрусёў). Сапраўды, яе паэзія ўсё больш насычалася сацыяльнымі, маральна-этычнымі праблемамі, грамадзянскай страсцю, што бачна і ў «Палачанцы» (1962), і ў такіх кнігах, як «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1979) і іншых, у тым ліку самай апошняй — «Лірыка ліпеня», адзначанай тым лірычным пачуццём, якое праўду жыцця ўзнімае да ўзроўню сэрца.
Паэтэса ўмела пісаць буйнымі мазкамі, эмацыянальна:
Ах, Беларусь, мая ты доля, Мая сляза і пацалунак, Маё ў бярозках белых поле. Мой песнямі набіты клунак!..Купалаўскае, да болю шчымлівае пачуццё радзімы напаўняла гэту паэзію, у якой, мне здаецца, адлюстраваўся працэс паглыблення адчування сваёй роднасці, каранёў, зямлі.
Хаціна між бульбоўніку, як дача, І дзедава магіла за гарой… Нейкая забытая сваячка З парога кліча радасна «сястрой».Тэма Радзімы — скразная ў яе творчасці. Трывалая повязь злучала яе з роднай зямлёй, продкамі, народным бытам і культурай. Яе паэзія прасякнута пачуццём гістарызму — стыхійнага і глыбока ўсвядомленага. Часта ў вершах згадвала яна сівую даўніну і працавітых продкаў. І не дзеля таго, каб «уміліцца» іх самабытным укладам жыцця. У сваіх продках — крывічах («Продкі») яна цэніць і захапляецца іх майстэрствам, уменнем рабіць «Зрубы залатыя, нарогі, гонкія чаўны і сцены белыя Сафіі над плынню быстрае Дзвіны». Дыханне гісторыі чутно ў яе маштабных лірычных абагульненнях:
Мая радзіма — Жытні колас, Сінь мурагу, язміну цвет. Яна — Пілы гарачай голас, Калёс цяжкіх глыбокі след…«Я тут расту. Мне соладка і горка. Мяне адсюль вятры не адарвуць…», — і гэтаму верылася, як верыцца праўдзе. У вершах Е. Лось была ўласцівая лепшым творам сучаснай беларускай паэзіі глыбіня і даль памяці. Хто толькі не пісаў пра бярозу! А вось яе радкі пра бярозу: «Хто аглядаўся на свой кут здалёк, запамінаў яе нібы ўрок айчыназнаўства…»
Пра першую сустрэчу і знаёмства з Е. Лось я ўжо расказаў. Потым сустрэч было шмат. Сустракаліся ў Саюзе пісьменнікаў, у выдавецтвах, у паездках па рэспубліцы і проста выпадкова — на вуліцы.
Уражваў яе непакой, шчодрасць душы, пастаяннае жаданне выправіць нешта ў лепшы бок. Радавалі кнігі, якія сведчылі пра ўзбагачэнне мастацкай думкі паэтэсы, шырыню даляглядаў.
У 1965 годзе выйшаў чарговы зборнік лірыкі «Хараство», і захацелася напісаць пра яго. «ЛІМ» надрукаваў маю рэцэнзію пад назвай «Радасцю свет надзяліць». Мне здавалася, што ўдалося схапіць эстэтычную сутнасць яе паэзіі — непасрэднасць адчування свету, уласцівую ёй народнасць, высокую культуру мастацкага мыслення.