Мележ Іван
Шрифт:
На ўзлессі пахла апошнімі, пераспелымі суніцамі, вянучай духмянай травою, асіннікам.
Высока ў жнівеньскім небе зіхацела празрыстае воблака, падобнае на бліскучы камяк пены.
— Бусел, — пазіраючы на воблака, зачаравана прагаварыла Лізавета. Алена падняла вочы ў неба.
— Дзе ён?
— Вунь… Каля хмаркі. Справа.
Алена, прыплюшчыўшы вочы, стала ўзірацца, але доўга не магла яго ўбачыць. Воблачка сляпіла яе. Потым убачыла — бусел кружыў вакол воблачка ў бяздоннай глыбіні ясна-блакітнага паднябесся, з зямлі ён здаваўся ледзь прыметнаю, нікчэмнаю кропачкаю. Алена ляжала на траве i з замілаваннем сачыла за ім, захопленая вострым адчуваннем вялізнай вышыні. Цікава, якім здаецца адтуль наша поле, i гэты асіннік, i мы…
Адпачывалі нядоўга. Нельга было ляжаць, — ix чакала яшчэ вялікая паласа нязжатага поля.
У гэты дзень Гардзею Шкробату i Ігнату выпала сыйсціся яшчэ раз.
Каля свірна, на выхадзе ў поле, гаманіла некалькі чалавек, збіраючыся разыходзіцца на працу. Гардзей, пастарэчаму горбячыся, павольна падышоў да Марціна, паздароўкаўся за ручку з ім, з Насцяю, што забегла сюды, вяртаючыся з абеду.
— Ну, што я казаў, Насця? Тады на вуліцы… Не памойму хіба выйшла, а?.. А ты не хацела слухаць!
Насця насмешліва кінула на яго чорнымі непрыязнымі вачыма.
Гардзей па-прыяцельску i разам з тым з павагай узяў Марціна за локаць, папрасіў адысці, пагаварыць па важнай справе.
Марцін адышоў за ім крокаў сто.
— Марцін Пятровіч, — сказаў Гардзей, пазіраючы ў вочы старшыні. Шыя ў Гардзея, нягледзячы на жнівеньскую гарачыню, была абвязана пярэстым шарсцяным шалікам. Гардзей раскруціў яго i сказаў, апраўдваючыся: — У горле нешта душыць. Глынуць нічога не магу. Прастыў недзе, відаць… Адным словам, старасць, старасць — не радасць!.. Марцінка, я, тое самае, наконт маёй заявы. Я хачу спытацца, ці разбірала яе праўленне?
Марцін знарок марудзіў адказваць. Ён маўкліва пазіраў убок, паглыблены ў нейкія свае думы.
— Разглядала, — сказаў ён, нарэшце. Шкробатаў твар выцягнуўся, у вачах бліснула штосьці. — Рашылі пачакаць пакуль. Пажыві сумленна, каб людзі паверылі.
— А-а, — адразу абвяў Шкробат. — Колькі-ж можна правяраць. Ці-ж бацька адказвае за сына. Я-ж не вінен, Марцінка, што дзіця такое непуцяшчае пайшло…
Тут размова перарвалася. Увагу Марціна захапіла дзіўнае відовішча. З калгаснага двара ў акружэнні дзіцячага гуртка выйшлі дзве дарослыя постаці: адна, было відаць, упэўненая, прамая, другая — згорбленая, нясмелая. «Малання з Ігнатам», — пазнаў Марцін i стаў з цікавасцю сачыць за імі. Ігнат панура азіраўся на дураслівае акружэнне ды час-ад-часу пагрозна замахваўся дручком, што трымаў у руцэ.
— Такі спраўдзіла сваё слова, — задаволена прасіпеў Шкробат, падміргваючы Марціну. — Яна, Маланка, а-а? Сіберная баба, не дай бог… A дзеці? Падшыванцы…
Ніякавеючы пад уважлівымі людскімі позіркамі, акружаны неадчэпным дзіцячым гуртам, Ігнат насцярожана наблізіўся да Марціна.
— От я прыйшоў…
Ён азірнуўся навокал — усе, хто быў поблізу, сачылі за ім i Марцінам.
— Я сам прыйшоў, — дадаў ён голасна, з абыякавасцю пазіраючы на гузік на Марцінавай гімнасцёрцы. У голасе Ігната вострая назіральнасць Марціна пачула прыдушаны боль i адчай, схаваны пад выглядам наўмыснай абыякавасці. — Словам, Марцін, назначай на работу.
— Катаржнік! Абібок ты! Колькі я за цябе сараматы прыняла! — не ўтрывала, залемантавала цётка Малання.
— Ціха ты, палямёт! От-жа язык!.. Мне хіба прыемна перад людзьмі?! У мяне-ж таксама жывая душа, а не, к прыкладу, сказаць…
— А бо — жывая душа! — перабіла нецярпліва Малання. — Гарэлка, от што твая душа, п’яніца ты прапашчы!
Нечакана Малання страціла ўсю сваю гнеўнасць i строгасць i расплакалася, як дзіця малое. Людзі ад гэткага павароту спрэчкі сумеліся: мала хто чакаў такую маладушнасць з боку цёткі Маланні.
— Хадзем, — пацягнула Малання свайго чалавека.
— Ідзі… Мне тут пагаварыць трэба з Марцінам…
— Ідзіце, цётка Малання. Ён зараз прыйдзе, — бачачы, што жонка не давярае Ігнату, уступіўся Марцін.
— Што з ім гаварыць! Што ён разумнае скажа! — махнула зняважліва жанчына i падалася адна.
Цяпер яны стаялі ўтрох — Марцін, Ігнат i Гардзей. Шкробат адчуваў, што ён між ix лішні, што Марцін i Ігнат хочуць застацца ўдвух, але ён не адыходзіў. Яго трымала пры Ігнату трывожнае адчуванне блізкай небяспекі.
Марцін кіўнуў галавою Ігнату:
— Хадзем. Пасядзім каля свірна.
Гардзей затрывожыўся: Ігнат хоча пра штосьці расказаць. Пра што? Чаму адзін на адзін? Toe, што Ігнат ні слова пра гэта не сказаў пры ім, навяло Шкробата на думку, што размова будзе мець да яго, Гардзея, блізкае дачыненне. Гардзей падаўся да бліжэйшай будыніны i схаваўся за ёю. Агледзеўся — за ім ніхто не сачыў. Цяпер, калі Марцін азірнецца i не пабачыць яго на ранейшым месцы, падумае, што Гардзей пайшоў дамоў.
Будынкі стаялі ў адзін рад, недалёка адзін ад другога. Абышоўшы будынак, за якім хаваўся, Гардзей пайшоў следам за Ігнатам i Марцінам. Ён баяўся, што яго прыкмецяць, але не мог астанавіцца, неадольная цікаўнасць i трывога вялі яго ўслед за імі.