Вход/Регистрация
Падарожжа ў XIX стагоддзе
вернуться

Мальдзіс Адам

Шрифт:
— Ой, горка і смутна мне ўсюды, браток, Няміла на свеце, няміла! Дай чарку! Скажу, калі вып'ю глыток, Як доля мяне падкасіла. На пошту я трапіў зусім малады, Фурман з мяне ўдаўся зухвалы, А волі не меў — дын ганялі тады: Хоць свята, хоць ноч — усё мала! Ад рання да змроку, ад змроку да дня Вазіў я паноў і пакеты; Заробіш рубля — і пад карчму каня: Гуляй, весяліся да свету! І вось урэшце сумны фінал: Я еду дадому, за трое ганей Вяртаецца страх непазбыты, А сэрца ўсё шэпча крадком, як раней, Бразджыць, як званочак разбіты. Конь чмыхнуў пры слупе, спыніўся наўзбоч: У снезе, пад плахтаю белай, Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч, Як дрэва, уся скасцянела. Я снежную намець абтрос з яе шат І труп падцягнуў да дарогі... Абцёр ёй аблічча... Была гэта, брат... Дай чарку... Не маю больш змогі! (Пераклад М. Лужаніна.)

І тут трывожную ўсхваляванасць перапынілі крокі на ганку. Сусед Сымановіч па дарозе з мястэчка, як заўсёды, не змог абмінуць старэнькі домік свайго прыяцеля і заехаў, каб чым-небудзь пагрэцца. Са здзіўленнем глядзеў госць на счырканы аркуш паперы:

— О, я бачу, што і цябе, дарагі Людвік, апантала вершаманія. І даўно гэта з табой?

— Гады два ўжо. Яшчэ ў Нясвіжы пачаў,— прызнаўся збянтэжаны гаспадар.

— Ану, пачытай!

Яшчэ больш бянтэжачыся і чырванеючы, малады паэт чытаў радок за радком. Узрушанасць гаспадара паступова перадалася і госцю:

— Дык гэта ж цудоўна! Хутчэй пасылай у Вільню, а то і ў Варшаву.

— Куды там,— аднекваўся Кандратовіч.— Каго ўсхвалюе гора нейкага селяніна?! Арыстакратычным чытачам падавай толькі графаў...

З горкай усмешкай гаспадар скамячыў аркуш і шпурнуў яго ў печку, дзе датлявала вуголле. Але Сымановіч тут жа выхапіў рукапіс і пачаў яго старанна разгладжваць.

— Не рабі глупства! Калі цікава мне — будзе цікава і іншым. Пасылай самому Крашэўскаму. Гавораць, у сваім «Атэнэуме» ён ахвотна друкуе маладых. Асабліва, калі яны яго землякі — з Беларусі ці з Украіны.

— Што ты! Засмяюць суседзі. Скажуць, нейкі вецер у галаве ў гэтага залучанскага арандатара. Не пра гаспадарку дбае, а пра марную славу.

— А ты прыдуманым прозвішчам падпішы. Або літары якія падстаў. Гэта цяпер у модзе. Паглядзі вунь, якімі псеўданімамі прыкрываецца жыровіцкі поп Плакід Янкоўскі. То на англійскі лад перакруціць сваё імя: Джон оф Дыкелп, то Фебруарам-Лютым стане, то зусім ананімна друкуецца.

Па натуры нерашучы, Кандратовіч усё ж паслухаў свайго сябра і паслаў рукапіс «Паштальёна» ў Вільню. А праз колькі месяцаў з нядзельнай поштай у Залуча прынеслі свежы нумар «Атэнэума». Разрэзаў гаспадар некалькі старонак — і ахнуў ад нечаканасці: няўжо пад гэтымі сціплымі літарамі NN — сапраўды яго «Паштальён»?! Ад хвалявання нават сляза накруцілася на вока! Паклікаўшы жонку Паўліну, Кандратовіч паказаў ёй свой паэтычны дэбют і папрасіў паставіць самавар. Гучней адзначыць гэту радасную падзею ў беднага арандатара проста не хапала грошай...

У той нядзельны ранак дваццацігадовы паэт нават і не падазраваў, што яго літаратурнаму першынцу суджана доўгае і зайздроснае жыццё. Перакладзены на рускую мову паэтам-дэмакратам Леанідам Трэфалевым і пакладзены на музыку невядомым кампазітарам, «Паштальён» стаў народнай песняй і сёння шырока вядомы пад назвай «Ямшчык». Што ж датычыцца «хроснага бацькі» Кандратовіча, рэдактара «Атэнэума» Юзафа-Ігната Крашэўскага, то ён таксама не падазраваў, што, друкуючы «Паштальёна», адкрывае для польскай літаратуры новы талент, што праз якіх дзесяць год літаратурны псеўданім Кандратовіча — Уладзіслаў Сыракомля — будзе добра вядомы ў самых аддаленых кутках Беларусі і Літвы.

Польска-беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) нарадзіўся 29 верасня 1823 года ў фальварку Смольгава (або Смальгоў ці Смолькава) на мяжы былога Бабруйскага і Слуцкага паветаў. Яго бацька, Аляксандр Кандратовіч, быў па прафесіі землямерам. Аднак знайсці дзяржаўную службу было вельмі цяжка, і таму ён зарабляў на жыццё арэндай панскіх маёнткаў. Чалавек шырокай эрудыцыі, Аляксандр Кандратовіч часта расказваў свайму першынцу пра мінулае роднага краю, даваў чытаць лепшыя творы айчыннай і зарубежнай літаратуры.

Уражлівы Людвік з дзяцінства палюбіў наднёманскія прасторы, беларускія палі і бары. Разам з сялянскімі дзецьмі ён часта ездзіў на начлег і слухаў там купальскія песні ды мясцовыя легенды. У сваёй гутарцы «Кавалак хлеба» Сыракомля потым напіша, што ўжо з самых юных год ён навучыўся распазнаваць па водару беларускія лугі, па шуме — дрэвы з палескіх бароў, па смаку — нёманскую вадзіцу. І нават вецер з наднёманскіх ваколіц грудзі лёгка адрозняць ад ветру з чужых краін. Што ж датычыцца паездак; на начлег, то праз дваццаць год паэт вельмі вобразна апіша іх у гутарцы «Народжаны Ян Дэмбарог», створанай пад яўным уздзеяннем міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша».

Кім жа быў Уладзіслаў Сыракомля па нацыянальнасці? Сёння думкі даследчыкаў расходзяцца: адны лічаць яго палякам, другія — беларусам, трэція — літоўцам. Хто ж мае рацыю? На першы погляд, тыя, хто залічвае Сыракомлю да палякаў: пісаў жа ён у асноўным на польскай мове... Аднак сам паэт называў сябе літвінам, у палеміцы часта падкрэсліваў розніцу паміж тэрыторыяй былога Вялікага княства Літоўскага і польскай «Каронай». Ці вынікае з гэтага, што Сыракомля быў па паходжанню літоўцам? Не, ні ў якім выпадку. Як бачна з дарожных нататак «Экскурсіі па Літве ў наваколлях Вільні», літоўскай мовы пісьменнік не ведаў і не разумеў. Пабываўшы ў вёсцы Ляляны, ён занатаваў: «Па вуліцы бегалі дзяўчаты і дзеці, якія гаварылі на літоўскай мове, на жаль, незразумелай для нас, тых, хто піша гістарычныя літоўскія паэмы». І далей, пра Стоклішкі: «Літоўцы з цяжкасцю разумелі, пра што мы пытаем...; тут упершыню я меў магчымасць убачыць аблічча чыста літоўскай вёскі». І яшчэ: «Літвін, на чыста літоўскай зямлі, я не мог разгаварыцца з літвінам».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: