Квяткоўскі Севярын
Шрифт:
“Дзякуй, Вася!”
Шампанскае ў шафе
Новая сьвежая ялінка сьціпла бліскала маленькімі агеньчыкамі за сьпінай Галоўнага. Тонкая капэрта лягла на стол перад няголеным чалавекам з чырвонымі вінаватымі вачыма на пакамечаным твары. Да Калядаў заставалася колькі дзён.
– Гэта твой апошні заробак у нашай рэдакцыі, спадар А., – сказаў Галоўны й пасунуў капэрту ад сябе ў бок візытора.
Няголены А. сутаргава схапіўся за грошы, але затрымаў руку на стале:
– У мяне ёсьць новы праэкт...
Галоўны стомлена матлянуў галавою:
– Зьвяртайся ў “МіЛ”. Там з рукамі адарвуць. Заплацяць – і на чарку хопіць.
– Я не магу ў “МіЛ”. Я ж з вамі... ад пачатку.
– Паслухай, – Галоўны ледзьве стрымліваўся, каб не сарвацца на крык. – За апошні год ты не нарадзіў ніводнае талковае тэмы. Усе твае матар’ялы я перапісваў ад пачатку да канца. Мы трымалі цябе да апошняга, бо паважаем твае колішнія заслугі. Але рэдакцыя ня можа бясконца займацца дабрачыннасьцю. Ты ж ня Помнік, які яшчэ пры жыцьці атрымаў права на пажыцьцёвую пэнсію. Ты звольнены, але можаш прыносіць свае тэксты. Забірай капэрту, на сьвяты мусіць хапіць. Будзем глядзець. Але я ня веру ў цуды.
***
– Ну што?! Даў? – Помнік з Кастылём выскачылі з-за рогу будынку, дзе месьцілася рэдакцыя.
Мянушка падобнага да тхара празаіка Кастыля паходзіла ад прозьвішча Кастэнка. Зь мянушкай Помніка было складаней. Мянушка ўзьнікла такім чынам. Калісьці яго звалі Шурык, і быў Шурык простым і чыстым, як экзарцыст, вясковым хлопцам, які прыехаў у Горад з глухое памежнае вёскі. І патрапіў хлопец Шурык у асяродак авангардна-элітарнага творчага падпольля. За кумпанію пачаў пісаць вершы. А калі авангард выйшаў з падпольля, зрабіўся Шурык кумірам прасунутай моладзі. На некаторыя Шурыкавы вершы нават пісалі гітовыя песьні. Зьяўленьне Шурыка на публіцы выклікала бурлівую рэакцыю. Мужчыны мелі за гонар выпіць з такім чалавечышчам, а жанчыны – ня толькі выпіць.
Адзін з колішніх творчых падпольшчыкаў ператварыўся ў пасьпяховага бізнэсоўца і ў парыве захапленьня заснаваў Шурыку пажыцьцёвую прэмію-пэнсію. Грамада верыла, што Шурык – той самы, новы Пясьняр, што праславіць Айчыну, якая адраджалася. Во тады Шурык і зажыў! Цэлая грамада жанчынак даглядала ягоную хату: гатавала, прала, прыбірала. Працоўны стол Шурыка быў аздоблены ягонымі асабістымі рэчамі, нераўнуючы як у доме-музэі клясыка нацыянальнае літаратуры – толькі пыл зьдзьмухвай. А Шурык хадзіў па Горадзе з пляшкай у кішэні даражэзнага палітона й пужаў людзей учарнелым ад гарэлкі тварам. Бывае, зловіць якога народнага мастака, ці паэта, ці старшыню якога Саюзу, ці проста добрага чалавека і прымушае выпіць зь ім – з Шурыкам! З самым-самым... Так Шурык ператварыўся ў Помнік. У прыжыцьцёвы. Самому сабе.
Пасьля знаёмцы (а было іх вельмі шмат) пачалі пераходзіць на другі бок вуліцы, як забачаць здалёк Шурыка. Пачалі класьці слухаўку, як пачуюць голас у тэлефоне. Карацей, хавацца ў бульбу пры набліжэньні цяжкіх крокаў Помніка. “А куды ж вы схаваецеся, дзетачкі мае!”
Помнік ведаў дні нараджэньня ўсіх больш-менш заўважных у горадзе творчых пэрсонаў: і вялікіх акул, і драбнейшых рыбак. Помнік уважліва праглядаў анонсы імпрэзаў. І каб не забываліся на яго, велічнага, нагадваў пра сваё існаваньне гучна ды эфэктна. То аблае як мае якога куміра публікі проста ў часе выступу. А то чэлес выцягне ў фае тэатру ў антракце якой прэм’еры. Ці што яшчэ вясёлае падобнае выкіне. І заўжды зь вераю ва ўласную веліч.
Шурыка пачалі паціху біць. Спачатку мянты, якія ня ведалі пра ягоную значнасьць і ўнёсак у сусьветную літаратуру. Сьледам – найменш сьвядомая інтэлігенцыя. Найбольш сьвядомая і далікатная інтэлігенцыя навучылася хавацца.
У самога Шурыка проста прапарцыянальна абструкцыі ўзрастала адчуваньне ўласнае велічнасьці. Праўда, спонсарская “пэнсія” ператварылася ў нерэгулярныя падачкі – на пахмелку. Але от вялікая бяда! Падпільнуе Помнік знаёмца: “Давай паэму прачытаю”. – “Не, Шурычак, сьпяшаюся”. – “Тады налі сто грамаў...”
***
– Ну што – даў? – прасіпеў Помнік.
– Даў, – абыякава адказаў А.
– Я ж казаў, я ж гаварыў, што дасьць! – Помнік карцінна ўкленчыў на засьнежаным тратуары і ўзьняў рукі да нябёсаў, нібы той Распуцін у хвілі містычнага экстазу.
Мусіла выглядаць, што каб не “малітвы” Помніка, дык Галоўны не заплаціў бы заробку А. Сам жа Помнік баяўся Галоўнага, бо той быў адным зь першых, хто заплюшчыў вочы на велічнасьць “прарока-песьняра”, выставіўшы яго за дзьверы.
Помнік скіраваў позірк у бок зорачкі над шпілем дому, дзе месьціўся славуты ў Горадзе гастраном. А тады падскокнуў і зрабіўся мітусьліва-клапатлівым:
– На вуліцы піць ня будзем. Халодна, ды мянты тут злыя. Тыдзень таму далі дубца – дагэтуль баліць. Зараз скокну пад шпіль, вазьму дзьве пляшачкі... не – тры. Гэта, сёньня ў мастака С. народзіны. Майстэрня тут побач. Пасядзім культурна. Давай грошы.
– Дык нас жа да С. ніхто не запрашаў, – ашчэрыўся Кастыль.
– А, не пязь…і, – адмахнуўся Помнік. – А, чуеш? Давай грошы. А то магазін закрыюць, сёньня ж скарочаны дзень.
***
Ніхто не прымушаў А. даваць грошы, але ж ён даў. А. не спыняўся зьдзіўляцца фэномэну Помніка. Іншы ўжо даўно б капыты адкінуў. А гэты – аж пішчом лезе. Да таго ж, Помнік “трымаў марку”: калі й вадзіўся з “булдосамі”, дык адно з “элітнымі”: з запойнымі паэтамі, мастакамі, бардамі. Чым мацней звужалася кола ягоных ахвяраў, чым больш грамада мацавала абарону, тым болей Помнік кшталтаваў свае хітрыкі. Як той прусак-мутант. Ты яму ядахімікат, а ён сьпярша зморшчыцца, пасьля раскаштуе, а наастатак ячшэ і скажа “Дзякуй, вельмі смачна”. Сапраўды, трэба мець талент ці нават быць геніем. А. спужаўся раптоўнай блюзьнерскай думкі: “А можа, сакрэт Помніка – у веры? У сябе ці ва ўзвышсілы?”.