Квяткоўскі Севярын
Шрифт:
Ёй заўжды было хораша чуць гэты надзвычайны голас. Яна забывалася на нявыкiнутае сьмецьце, на зламаны ўнiтаз, на нявыбiтыя дываны i на цела мужа, якое ляжала ў вiтальнi ў клубох сьпiрытусовае пары. Голас абуджаў у ёй даўно забытыя жаданьнi, выклiкаў салодкую млосьць, яна засынала ў мроях...
Станцыя, дзе працавала Кантралёрка, месьцiлася побач з Унiвэрсытэтам. А студэнты – гэткае племя, якое не абыходзiць сваёй увагай касту вахтораў, лiфтораў, дыспэчараў i, пагатоў, кантралёраў. Кожны, хто быў студэнтам, можа прыгадаць мянушкi, больш падобныя да званьняў, якiмі ўганароўвалі ўлюбёных «пэрсанажаў» гэтай адмысловай касты, кшталту «Гiтлераўна», «Аднаногі Сiльвэр», «Грамазека» цi проста «Гарыныч». Таму ня дзiва, што праз пэўны час сярод студэнтаў, і ня толькі сярод іх, распаўсюдзiлася зьвестка, што на станцыi працуе Сяброўка Прэзыдэнта.
Калi ў першы раз пачула ад незнаёмай старой жанчыны просьбу да Прэзыдэнта, Кантралёрка абсалютна не зьдзiвiлася, «Добра, – адказала яна, – я абавязкова перадам. Ня ведаю дакладны тэрмiн, але неўзабаве ў нас будзе прэзыдэнцкая праверка, i мы аб усiм перамовiмся. Толькi трэба пiсаць просьбы на паперцы, каб я не забылася». Гэтак Кантралёрка завяла невялiкую скрынку, здаецца, з-пад кiвi, куды стала зьбiраць просьбы людзей.
Цяпер праца стамляла нават больш, чым пасьля адкрыцьця мэтро, калi плынь людзей была шчыльная, як ледавiк. Якая гэта была стома! Людзей пабольшала, але амаль усе яны ўсьмiхалiся, вiталiся, прамаўлялi цёплыя словы i, натуральна ж, паказвалi дакумэнты. Яна ўглядалася ў твары людзей i штохвiлiны чакала ЯГО (чаму яна яго чакала, з апавяданьня не высноўваецца). «Праверка – сустрэча – салодкая млосьць. Плынь людзей – пошук – жаданьне». Тым часам стос паперак-прашэньняў рос гэтаксама, як колькасьць экскурсiяў на станцыю, якiя ладзiлi прадпрымальныя студэнты. Здавалася, увесь горад жыў чаканьнем СУСТРЭЧЫ.
Так здарылася, што кабета зьмянiла месца жыхарства. Перад тым Кантралёрка жыла непасрэдна побач са станцыяй, на якой працавала. Яна ня памятала, калi апошнi раз карысталася грамадзкiм транспартам. Пэўна, гэта было перад пабудовай мэтро. Вакзал, рынак, ГУМ, ЦУМ, дзiцячы парк i нават шпiталь, карацей, усё, што патрэбна для нармальнага жыцьця, месьцiлася ўздоўж запаветнай лiнii. А за ўваход на працу супрацоўнiкi, вядома, ня плацяць. Але цяпер кабета мусiла клапацацца пра аплату ўласнага праезду. Калi Кантралёрку штрафавалi першы раз, яна ледзь ня страцiла прытомнасьць. З таго часу штосьцi зьмянiлася ў ейных вачох. Не, яна не перастала радавацца жыцьцю. Ёй па-ранейшаму ўсьмiхалiся пасажыры, яна па-ранейшаму складала паперкi ў скрынку, i ўсе разам працягвалi чакаць СУСТРЭЧУ. Проста яна адчула, што губляе моц на сваiм штодзённым пасту. Але ж у цяперашнi час моц сталася патрэбнаю, як нiколi. ЁН, ейны Сябра, сказаў нядаўна, што безьлiч нябачных ворагаў улiлася ў шэрагi пасажыраў, каб падбухторваць iх не плацiць за праезд i не паказваць Кантралёрцы дакумэнты. Жанчына пачала больш пiльна ўзiрацца ў твары мiнакоў, што iмкнулiся зашыцца пад зямлю. Жанчына падрыхтавалася да ЗМАГАНЬНЯ.
Калi ня маеш звычкi купляць квiткi – лепш набыць праязны. Але Кантралёрка ня мела звычкi набываць праязны. Таму ня дзiўна, што адным сьцюдзёным восеньскiм днём, калi пачалася Праверка, Кантралёрка ехала ў тралейбусе безь бiлету. Дакладней, квiточак на праезд ляжаў у ейнай валізцы, але яна забылася скарыстацца кампостарам.
Жанчына сядзела на адзінарным сядзеньнi адразу за сярэднiмi дзьвярыма, блiжэй да задняй пляцоўкi. Яна думала пра тое, як прыйдзе на працу, пераапранецца i заступiць на сваю пачэсную вахту. А яшчэ жанчына ўзгадвала дзяцiнства, i ў гэтых згадках чамусьцi прысутнiчаў ЁН, ягоныя вялiкiя рукi, мужныя вочы й прарэзлівы, прыцягальны голас, якi выклiкае салодкую млосьць ва ўсiм целе...
Тралейбус рэзка затармазiў i спынiўся пасярод праспэкту. Чыясьцi рука проста на хаду адчапiла «рожкi» ад дроту. Людзi пасыпалiся ўперад салёну. Хтосьцi застагнаў, пачуўся дзiцячы енк... Кiроўца, перапэцканы крывёю з расьсечанага брыва, схапiўся за манцiроўку, каб пакараць невядомага лiхача. Ён расчынiў дзьверы i адразу абмяк, нiбы садзьмуты балёнiк. У салён тралейбуса ўвайшоў ЁН.
– Прэзыдэнцкая праверка! Усе застаюцца на месцах. Прад’явiць білецiкi!
– Ваш бiлецiк? Добра. Ваш? Вельмi добра. А ў вас, жанчына?
– Зараз, зараз, – рукi Кантралёркi дрыжэлi, гэтак як вусны, як сэрца, – вы ведаеце, я Кантралёрка, памятаеце, вы мяне прасiлi?.. Я ўсё зрабiла. Там, на станцыi... Я ўсё падрыхтавала...
– У цябе што, няма бiлецiка?! А можа, ты ня чула мой учорашнi ўказ?!!
– Зараз, зараз, любы мой сябра...
– Гэтую вывесьцi, – загад быў кiнуты iншым членам праверкi. – Далей, ваш бiлецiк?..
Кантралёрку ахайна ўзялi пад локцi, вывелi на тратуар, блiжэй да сьцяны Галоўнай Гарадзкой Крамы, i расстралялi.
Сьветка
Учора я налякаў Сьветку – параiў ёй не выходзiць замуж за таго адстаўнiка. Сьветка вельмi спужалася маiх словаў, хоць я й сказаў толькi, што яна дажыве да пэнсii, i ня тое што мілосных уцехаў, нават плескача па азадку не атрымае. Ну сапраўды, куды ёй чацьвертым разам вэлюм пачапляць?!
Гледзячы, як Сьветка нацягвае на свае абрузглыя сьцёгны вузенькiя джынсы, я сказаў, што лепей паглядзець у газэце аб’яву, у якой «малады хлапец шукае забясьпечаную даму...» Дзiўна, яна не расьсьмяялася i не раззлавалася, а менавiта спужалася.
Я рэдка зь ёй размаўляю. Ды й яна ня вельмi ўважлiвая. Можа, гэта ўзрост? Сьветцы неўзабаве стукне пяцьдзясят...
Ды халера са Сьветкай – мне сумна. Апошнiм часам я адчуў, што вонкавы сьвет мяне ня ўражвае. Часам ён зьдзіўляе i нават узрушвае, але ўсё, што можа сапраўды ўразіць, я знаходжу адно ў сабе. Праўда, гэта здараецца ўсё радзей i радзей. Асаблiва цяжка даводзiцца ўначы, калi вострае адчуваньне рэальнасьцi. Наплываюць успамiны пра нейкiя нерэалiзаваныя жаданьнi, i немаведама адкуль узьнiкаюць узгадкі пра даўно неістотныя перажываньні. Што можа быць больш недарэчным, чым успамiн пра нязьдзейсьненыя жаданьнi, калi штодня пладзяцца новыя?