Квяткоўскі Севярын
Шрифт:
Трапіўшы акурат паміж шчыткоў, страла параніла Андрэевага каня. І конь панёс яго проста да мэты ягонай выправы — да Андрэя Полацкага, князя Пскоўскага, сына Яромы, цесьляра зь Віцебску, і Марыі Яраслаўны, княгіні Віцебскай. У той самы момант, калі яны спляліся, другая маскоўская страла патрапіла ў руку Андрэя Альгердавіча. Тады Андрэй Яроміч занёс свой меч у спадзеве на апошні ўдар, але ўдар прыйшоўся па чыёйсьці іншай галаве. Далей вір бітвы разьнёс іх у розныя бакі.
Гэта, чыя галава ўратавала Андрэя Альгердавіча, памёр не адразу. Перад сьмерцю ён змачыў Андрэеву рану крывёю са сваёй галавы і прамовіў СЛОВА. Гэта сканаў, ведаючы, што й пасьля яго ў сьвеце застаўся Лавец сноў. Той, хто можа зьмяняць рэчаіснасьць.
* * *
Мы адзначаем даты, мы складаем лічбы, мы шукаем Знакі. 1200 гадоў таму нарадзілася прынцэса Атэг, якая й запачаткавала Лаўцоў сноў і стварыла свайму народу Неўміручасьць. Дзякуючы ёй у ХІV стагодзьдзі зьявіўся беларускі Лавец сноў. Сучаснай мовай яго можна назваць “прагрэсарам”. Тым, хто бачыць будучыню. У адрозьненьне ад хазараў, чужых сноў ён не лавіў, а ствараў і потым зьдзяйсьняў уласныя. Менавіта таму наш Слоўнік — Lexicon Lithuanian — жывая кніга, якая пішацца намі самімі для саміх сябе. Гэта значыць, што мы жывем ва ўласнай Неўміручасьці.
Сiняе вакно
Зь першым боем гадзiньнiка чалавек паставiў кропку. Ён залез нагамі на стол, за якiм перад гэтым пiсаў. Калi гадзiньнiк прабiў дванаццаты раз, дык расчынiлiся дзьверы ў пакой. Але чалавек не пачуў рыпеньня старых іржавых завесаў. У гэты момант для яго ўсё скончылася...
Зiмовым надвячоркам, калi запальваецца нежывое шчымліва-белае сьвятло Прадпрыемства, Пляц робiцца падобным да вялiкага сьцюдзёнага моргу пад адкрытым небам.
Велiчэзныя закратаваныя вокны Прадпрыемства нiбыта зваблiваюць рэдкiх мiнакоў у свой таямнiчы сьвет. Туды, дзе безупынна працуюць гiганцкiя мэханiзмы, падобныя да мясарэзак. Здаецца, адно краты ўсьцерагаюць выпадковага мiнака ад iхніх ненажэрных сьпiраляў.
Мiнакі імкнуцца хутчэй перасекчы гэты Пляц, каб рушыць далей па Праспэкце, што ня мае нi пачатку, нi канца... Вонкавая цеплыня жоўтых лiхтароў Праспэкту падманлiвая. Але гэтага падману дастаткова, каб пачувацца больш-менш спакойна на Праспэкце, па якiм, здаецца, кожнага разу iдзе апошнi тралейбус...
Вокны Рэдакцыi, дзе працаваў А., выходзiлi акурат на стык жоўтага й белага сьвятла, на сумежжа двух падманаў. Раней А. штовечар прысьвячаў колькi часу, каб з кубачкам кавы ў руцэ парадавацца таму, што ён знаходзiцца ў сапраўдным цяпле, сярод жывых людзей, якiя нi ад чаго не ўцякаюць. Аднак цяпер А. перастаў зважаць на Пляц, Праспэкт i Прадпрыемства.
Падчас традыцыйных вячорак за кiлiшкам-другiм кальвадосу А. амаль не размаўляў з супрацоўнiкамi. У Рэдакцыi апошнім часам меркавалi, што ў жыцьцi А. здарылася штосьцi драматычнае, таму не задавалi анiякiх пытаньняў наконт перамены ў ягоных паводзiнах. Яны не заўважалi!.. Ужо якi вечар запар у доме насупраць, на тым баку Праспэкта, запальвалася Сiняе Вакно.
Ненатуральны, надта рэзкi сiнi колер, якiм знутры патыхала Вакно, уводзiў А. у стан гiпнозу. Вакно клiкала да сябе. Пляц, Праспэкт, Прадпрыемства... Кава, кальвадос, гамонка калегаў... Жонка, Джэймс Джойс на кнiжнай палiчцы, сочыва, што з прывiтаньнямi перадала цешча... Прэфэранс у блiжэйшую пятнiцу... Вакно не пакiдала месца для жаданьняў і думак. Яно прагнула А. усяго.
Чаму? Хiба такое дзіва магчыма вытлумачыць? Гэта ўсё роўна як тлумачыць прагу да стварэньня тэкстаў, якая панавала ў А. амаль зь дзяцiнства. Усё жыцьцё А. пiсаў i пiсаў, i наважваўся паказваць тэксты адно блiзкiм сябрам, дый тое вельмi рэдка. Пэўна, А. нельга было назваць графаманам, бо ён усё ж адчуваў рэакцыю на свае літаратурныя высiлкі.
Уласна, кшталт ня быў для яго найважнейшым. А. шалёна любiў тую слодыч, той невытлумачальны стан, якi правакаваў жаданьне пiсаць. Ён iмкнуўся й адначасова баяўся гэтага стану, што ўзьнiкаў сьледам за першымi лiтарамi на паперы: слодыч жаданьня й боль ад уласнай немагчымасьцi выказацца, знайсьцi патрэбныя словы й канструкцыi, вобразы... асэнсаваць адчуваньнi... авалодаць бурленьнем уласнай крывi.
Нiхто не назаве колькасьць бяссонных начэй, якiя ў сваю чаргу спарадзiлi безьлiч аркушаў, сьпiсаных няроўным почыркам А. Не ведаў гэтага і сам А.
Калi А. прыйшоў працаваць у Рэдакцыю, ён пастараўся забыцца на сваю апантанасьць. А. менавiта таму й памкнуўся на новую працу – для таго, каб пачаць НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ.
Зрэшты, А. хiтраваў, калi пераконваў сябе ў жаданьнi забыцца на тыя балюча-салодкiя пакуты сэрца й сьвядомасьцi. Бо ягонае новае жыцьцё – шматлiкiя заданьні ад Рэдакцыi – вельмi шчыльна наблiзiла яго да працэсаў... як бы гэта сказаць... Калi ўсе вакол пiшуць, і пасьля гэта выходзiць у сьвет, і пасьля абмяркоўваецца... За кiлiшкам-другiм кальвадосу... Ва ўтульнай гасьцёўнi, дзе няма справы да мярцьвячага зманлiвага сьвячэньня Праспэкту, Пляца й Прадпрыемства.
Паступова А. пачаў зьнiкаць. Зьнiкаць фiзычна. Дзень, другi, трэцi... Нiхто ва ўсiм горадзе ня мог сказаць, дзе ён i што зь iм. А. шукалi, за яго хвалявалiся, абзвоньвалi й абпытвалi ўсiх, каго магчыма. Кожны раз людзi напіналі жылы, каб прыгадаць, калi і дзе бачылi яго апошнi раз. Высоўвалiся самыя фантастычныя меркаваньнi. Аднаго разу камусьцi нават падалося, што ён бачыў А. у кратаваных вокнах-вачніцах Прадпрыемства...
А. вяртаўся без тлумачэньняў. Проста вяртаўся i прыступаў да сваiх заданьняў.