Вход/Регистрация
Райскія яблычкі
вернуться

Астравец Сяргей

Шрифт:

“Мой ліст лепшы за газету…” Хвалько! Але хвалько, трэба сказаць, вымушаны, гэта разумеў Станіслаў Аўгуст, усе гэта разумелі: аўстрыякам хацелася прыменшыць ролю Яна ІІІ, перамогу зброі Рэчы Паспалітай, зрэшты, часткі хаўруснага антытурэцкага войска. Яну ІІІ проста давялося абвясціць на ўвесь хрысціянскі свет, распаўсюдзіць па еўрапейскіх абшарах асабістую рэляцыю пра грандыёзную вікторыю над асманскай навалай: хай Еўропа ўздыхне свабодна! Хай хрысціянскае людства падзякуе яму і Богу нашаму аб трох абліччах: небяспека мінула пакуль, яна рашуча спынена, хоць і не знішчана зусім назаўжды.

Не Яну ІІІ належыць “эўрыка”, да яго каралі Рэчы Паспалітай рабілі яшчэ такое, а слаўны ваяўнік Стэфан Баторы, які места Гарадзенскае першым зрабіў сабе за рэзідэнцыю, меў нават друкарню перасоўную, якая за войскам рухалася, у якой пра ўсе кампаніі, аблогі, бітвы памнажаліся паведамленні, каб прачытаць тэрмінова магла і даведацца з першых рук аб важных падзеях, аб удалых і няўдалых мілітарных чынах, аб усіх здарэннях аружных адукаваная публіка ў айчынных і ў іншых еўрапейскіх местах.

Аднак жа ніхто да караля Яна ІІІ не зрабіў гэта такім спосабам, не азагаловіў сваю рэляцыю пра вікторыю зваротам да “Марысенькі”, да “адзінай душы й сэрца пацехі” сваёй. Гэта быў эпатаж пераможцы, ён звяртаўся да Найяснейшай Рэчы Паспалітай, да ўсяе Еўропы, як да сужэніцы сваёй законнай, каралевы Марыі Казіміры. Пішу, маўляў, у ноч пасля знішчэння і ўцёкаў рэштак янычарскіх жаўнераў і пішу не абы-дзе, у намёце візірскім, а покатам навокал турэцкае войска ляжыць. Справіліся з ім як мае быць, пра подзвігі кароль-пераможца лішне не красамоўствуе, затое спыняецца падрабязна на трафеях. І тут Яго каралеўская мосць кажа моцна, каб уразіць, што намёты візірскія гэткія па плошчы, нібы сама Варшава ці той Ільвоў, аточаны мурамі. Засталася пасля ўцекача ў чалме і залатым халаце — найперш харугва яго магаметанская, яе Ян ІІІ хуткай поштай пераслаў Айцу Святому проста ў Рым, каб пацешыўся таксама з ухілення пагрозы ятаганскай. З прыемнасцю паведаміў і пра каня візірскага з усёй аброццю і пра залатыя шаблі турэцкія крывыя, але ўперад — пра сагайдакі, каштоўным каменнем аздобленыя, па некалькі тысяч чырвоных залатых за паасобны. А дарэчы: кароль-пераможца паведамляе пра ўсходнюю звычку да раскошы — нават у вайсковым табары меў візір турэцкі лазню, сад з фантанамі, трусоў, катоў улюбёных і таксама папугая. Пры гэтым кароль Ян ІІІ піша без ніякай сціпласці, што ў касцёле жыхары Вены цалавалі яму, пераможцу, рукі, ногі і вопратку і што проста ў храме перад алтарамі прагнулі крычэць яму “Віват!” З’еўшы абед у каменданта горада, кароль вырашыў вярнуцца ў свой табар, і месцічы яго, Найяснейшага і непераможнага манарха польскага, на руках пранеслі да самай брамы. Ведай, Марысенька-каханне маё, ведай, астатняя Еўропа! Я табе бліскучую сваю перамогу над басурманам да ног кладу ў якасці прэзента каралеўскага шчодрага…

Пра паходны гарэм візіра хрысціянскі кароль-пераможца сціпла прамаўчаў, гэта я ад сябе дадаю, зразумела. Калі візір нават лазню, фантаны, нават трусоў, катоў і папугая меў, ваюючы, душачы аблогай Венскі горад, без часткі гарэма яму не абысціся было дакладна, бо іншыя задавальненні без самых прыемных, што кава турэцкая без драбочкаў солі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ведаў, што рэляцыю з поля бітвы выдрукавалі на ўсіх еўрапейскіх мовах, хоць і не адразу, не маланкава, але навіны ў тыя часы падоўгу не псаваліся, асабліва моцныя і гучныя. Дый у нашыя дні таксама, падумалася мне між іншым, выбралі адную перамогу з усіх і раздзімаюць штодня, пражужжалі вушы наскрозь. Перамога Яна ІІІ Сабескага ўсімі ўспрымалася вельмі значнай, як дасягнутая ў вайне, што не мела канца, цягнулася з перапынкамі, гэта было змаганне з чужароднай пагрозай, якая не знікала і выклікала жах, але нарэшце хрысціянская зброя грунтоўна перамагла зброю магаметанскую. І вось зроблены пераклады, каб не напружвалі галовы пры еўрапейскіх дварах: “Letter from the King of Poland to his Queen”, напрыклад, дагэтуль у музейнай вітрыне. Так-так, ліст адбілі вузкім гатычным, шырокім тлустым, дробным — для спрактыкаванага чытача, з аздобай гравюр, тысячы паасобнікаў, яны прадаваліся ў кнігарнях ад Кёнігсберга, Стакгольма да Лондана, Мадрыда і Балоньі, і ў Горадні, само сабой, таксама, а як жа інакш! Я міжволі спыняю сябе на думцы: ліст-газета звычайна не меў выхадных дадзеных… Якая спакуса для сённяшняй улады арыштаваць за іх адсутнасць — пратакол, суд, для ўлады, якая ведае пра каралёў, пра іхнія перамогі, але не зважае на іх, яна задаволеная сабой, яна спачывае на лаўрах даўняй перамогі над каралямі, у асаблівасці над апошнім з іх, які быў адхілены, каб не было больш каралёў, а былі цары.

Перамога Венская, перамога Хоцімская — яны, гэтыя гістарычныя батальныя палотны-панарамы нібы вечны дакор для яго, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. А што ты, Ваша мосць дзяржаўца Рэчы Паспалітай, заваяваў, каго перамог, чаго дамогся? Дзе твае пераможныя літаўры, чаму маўчаць трубы, дзе прапахлыя порахам сцягі з валечнага поля бітвы, дзе твае вянкі лаўравыя, твае трыумфальныя аркі? Ці хоць адзін-адзіны мілітарны чын ты выйграў, ці хоць аднойчы сеў на каня, каб выехаць наперад кавалерыі, ці ўзмахнуў карабэляй, ці панюхаў сапраўднага парахавога дыму, што тхне смяротнай небяспекай, а не толькі на паляванні ад ручніцы, калі табе насустрач егеры і выжлы выганяюць пад кулі бездапаможную лясную жывёліну? Ці маеш ты, Ваша мосць кароль, ордэны палкаводца за мілітарныя подзвігі, за смелую стратэгію і тактыку ў аружных справах, дзе твае ўзнагароды за скоранага ворага, за адваяваныя землі, за кроўныя інтарэсы Найяснейшай Рэчы Паспалітай?

Не, не было гарматных залпаў, не было крылатых гусараў, не было вялізных могілак на валечных абшарах, кароль ціха-мірна будаваў камяніцы, брукаваў вуліцы, узводзіў мануфактуры, паляпшаў дарогі, ставіў млыны, разбудоўваў гарады, а ў іх — школы, тэатры, абсерваторыі, пра палацы таксама не забываўся, хоць, па шчырасці, калі быць да яго непрадузятымі зусім, то трэба ўзгадаць, што ў сталічнай летняй рэзідэнцыі, у Лазенках, яму не наканавана было па-сапраўднаму раскашаваць, палацык канчаткова гатовы быў толькі калі кароль наш у Горадні мусіў, падпісаўшы акт адрачэння ад пасаду, трываць пад хатнім арыштам, чакаючы наступнага вырашэння свайго лёсу. А Лазенкі, Лазенкі засталіся ў Варшаве.

Што датычыць слаўных валечных чынаў караля Яна ІІІ Сабескага, яго першай значнай — Хоцімскай перамогі, то Яго мосць кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, прыхільнік і мецэнат мастацтваў і паэзіі, не абмежаваўся адно помнікам конным сармацкаму манарху-ваяру, не, ва ўгодкі слаўнай вікторыі замоўлена была эпапея, паэтычная “Хоцімская вайна”. І пазней у Станіслава Аўгуста заставаўся не так асадак непрыемны, як прысмак лёгкай расчараванасці. Собіла замовіць паэму творцу ў сутане, вядомаму паэту-біскупу, зусім не ваяўнічаму ў сэнсе мілітарным, бо працаўніку на ніве Божай. Так-так, майстру слова, спрытнай рыфмы, творцу выдатнаму, але іншага жанру, не гераічна-эпічнага, а зусім іншага — героекамічнага. Не-не, аўтар сумленна-дбайна прасякнуўся атрыманай ад Яго каралеўскай мосці замовай і выканаў яе нібы паводле падручніка — правільна, у рэчышчы паэтычнай нормы і канону, але зусім не бліскуча, хутчэй аднастайна, нудна, нейк безжыццёва, без іскры. Быццам выканаў халодную статую з цудоўнага карарскага мармуру, але якая не смяецца і не трыумфуе па-сапраўднаму, з жыццёвай моцай. Чытач не бачыў ззяння трубаў, не адчуваў радасці “віватаў”, не мог ацаніць пераможнага прысмаку парахавых залпаў, сцягі не луналі, барабаншчыкі лупцавалі як па бавоўне, порах быццам зрабіўся вохкім, а войска апанавала фатальная стома, яно бадзёрылася толькі на паперы.

Што яшчэ дадаць? Паэма толькі формай нагадвае жыццё, але не зместам. Дбайная рамесніцкая праца, без натхнення, рэч без патрэбнага бляску, не твор мастацтва, якія застаюцца на вякі. Дрэнна. Усё разам стала выглядаць менавіта на нядобрую паслугу самому Яну ІІІ Сабескаму. Зразумела, зробленую з найлепшых перакананняў і памкненняў.

Вось несур’ёзная вайна, камічная, у аўтара атрымалася як мае быць, можа яна ў ім сядзела, задума яе, сцэны, персанажы, калі кароль замаўляў яму сваю паэму, якую паэт-біскуп пачаў пісаць насуперак той, што была ў яго ў галаве, змагаючыся з супрацьлегласцямі. Зусім не выключана. Перад вачыма адно, а ў кроплі чарніла на вастрые пяра — іншае. Так-так, зусім не выключана, што казаў сабе: трэба пастарацца, трэба намагчыся, каб выканаць замову і хутчэй узяцца за яе, сваю “Вайну мніхаў”, якая парушыла іхні “салодкі рай” і ў якой замест гарматных куляў ужываліся пыльныя фаліянты, каторых не чыталі болей, ленаваліся насельнікі кляштараў, бо іх даўно болей вабіла ежа фізічная, рэчаісная, вінцо, моцныя трункі і лайдацтва таксама. Асабліва гарэлка кменная ды ліквор празрысты, як сцвердзіў паэт у сутане. Так-так, яны часцей кленчылі перад шэрагам гарнцовых куфляў, чымсьці ля ног распятага. Карацей, таленавіты і папулярны паэт бліскуча апісаў хатнюю вайну паміж двума кляштарамі, у якіх зіму-лета хадзілі ў сандалях з драўлянымі падэшвамі, на жабрацкі капыл, “вайну жорсткую без зброі і мяча”, “рыцараў босых і голых”, “вайну манаскую”.

І прыкрым момантам здалося адназначна тое, што напісаў яе, тую зласлівую паэму біскуп-творца, бавячы свой час у палацы Фрыдрыха Другога ў Берліне прускім. Пры двары Варшаўскім, само сабой, раўніва паставіліся да першых жа радкоў, з якіх празрыста вынікала, што дзея магла адбыцца у кожным месце Рэчы Паспалітай, хаця б і ў гарадзенскім, крыху раўніва падумалася Станіславу Аўгусту пры ўзгадцы пра радкі:

“Старое замчышча, журботная пустэча — Існуюць тры карчмы, разваленыя брамы, Дзевяць кляштораў і лічба пэўная дамоў”.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: