Вход/Регистрация
Райскія яблычкі
вернуться

Астравец Сяргей

Шрифт:

Караля выкрадаюць, гэта ў стылі Дзюма і “Фан-Фан Цюльпана”, прыгодніцкая гісторыя, словам. Выдатна надаецца да экранізацыі, на сцэне з ёю будзе горш, цяжэй захаваць дынамічнасць дзеі, авантурны дух. Але ці было гэта прыгодай або, калі было, то наколькі адпавядала жанру, ці не была гэта драма манарха, які ад самага пачатку апынуўся паміж двума агнямі: і гэты пячэ, і той паліць? Сам механізм, матывы, закулісныя гульні, яны не былі зразумелыя нават сучаснікам Станіслава Аўгуста, мы пагатоў не маем яснасці, а калі так, лепшага выпадку не прыдумаць, каб узяцца за п’есу, усякая версія можа прагучаць як ісціная. Кароль перашкаджаў канфедэратам, яны прагнулі выратаваць краіну, план быў просты: выкрасці з Варшавы і схаваць яго, стварыць штучна стан бескаралеўя, пачаць дыктаваць свае правілы гульні, выклікаць на перамовы моцныя краіны з левай часткі Еўропы. Так тлумачылі здарэнне, між іншых, ворагі караля, якія, аднак, не ўдзельнічалі, не мелі да яе дачынення. Але адзін амбасадар палічыў, што сваё выкраданне Станіслаў Аўгуст учыніў сам, каб сапхнуць на канфедэратаў і выклікаць абурэнне за мяжой гвалтоўнымі іх дзеяннямі, ледзьве не замахам на жыццё манарха. Нечуваны выпадак сапраўды спарадзіў незадаволенасць пры манаршых дварах. Атрымаўся бяскроўны маральны ўдар па канфедэратах, з якімі каралю не хацелася ваяваць, але супраць якіх ён мусіў высылаць войскі. Своеасаблівай стала рэакцыя Фрыдрыха ІІ, так-так, менавіта тады ён напісаў антыгераічную паэму пра іхнюю “рэвольту”. Існавала трэцяя версія: кароль зымітаваў сваё выкраданне, каб такім чынам далучыцца да саміх канфедэратаў, якія выступалі за незалежнасць. Хуткае вызва-ленне з палону прыхільнікі версіі тлумачылі празаічна, але досыць праўдзіва: пецярбургскі амбасадар прыгразіў Станіславу Аўгусту дэтранізацыяй… Якая, аднак, багатая сыравіна для твора, для сцэнічнай пастаноўкі! І пры гэтым сама дзея, як мне уяўляецца наперад, мусіць адбывацца з партызанскай, як называлі яе мемуарысты, вайной на заднім плане, за кулісамі: гарматныя выбухі, пошчак капытоў, пакеты з васковай пячаткай, газетныя паведамленні, можна таксама, нават пажадана — хмаркі парахавога дыму.

Салодкія загадкі гісторыі, яе таямніцы, схаваныя ў вінных склепах, у сутарэннях, без доступу святла піраміды бутэлек у футрах з пылу. Загадкі, падобныя шакаладу, дзе могуць разынкі трапіцца, але можа й чылі-перац ці нават чорны, гарошкавы, а не пашэнціць, можа і ў пачку кавы неядкія вугельчыкі, негатунковы раздроб, нейкія каменьчыкі, халера! Хаця шакалад з перцам — гэта, хіба, швейцарскі сучасны гатунак дэлікатэсны, так-так, для гурманаў, але ў ім штось турэцкае, янычарскае або, скажам, маўрскае, прысмак нееўропы, экзотыкі, але экзотыкі з дамешкам небяспекі, хаця якая экзотыка сапраўдная без падступнасці, без нябачных пагрозаў? У іншым разе яна — проста каляровая паштоўка. Экзотыка без перцу з імберцам — прэсная. Але таямніцы гісторыі, з імі ўсяляк здараецца, пакуль да іх дакапаюцца, ці натрапяць выпадкова. Віно выпала ў асадак, ператварылася у воцат, страціла не толькі смак і водар, але дазвання — свае ўласцівасці. І нічога не парадзіш. Мяхі з кавай, што спарахнела, збожжа, што абвуглілася. Зусім іншы прыклад — мяса мамантаў, захаванае ў вечнай мерзлаце…

Месяц травень, нечакана месяц узгадак пра караля, месяц квецені і начных прымаразкаў, гвалтоўных вятроў і першых дажджоў з градам, квецень змывае з белых купаў дрэў быццам шумавінне з пляжнага пяску, застаюцца рэшткі, на якія апошняя надзея. Так-так, гэта месяц караля і не толькі для мяне аднаго. Ён, гэты месяц, насычаны падзеямі, дзе так ці інакш закранаецца яго імя, яго чыны, яго час, нібыта закончылася бескаралеўе, замоўчванне, нябыт. Хай на некалькі дзён, у асобным месцы, для некалькіх асобаў, і сярод іх быў я і я паспрабую, хай не Гораду і Свету, але паведаміць, агучыць, звярнуць увагу…

Калі сам пра сябе брашуру ананімную зрабіў, значыцца самотны, значыцца без моцнай падтрымкі, не цалкам упэўнены ў сабе, бо перашкаджаў збег акалічнасцяў, зацятасць ворагаў, ланцуг падзеяў, абставіны, што абярнуліся супраць яго. Фіяска. І сёння ў нас здараюцца крушэнні надзеяў, краіна нашая, яшчэ не прызвычаіўшыся як мае быць да свайго рыцарскага заступніка, яшчэ не адчуўшы па-сапраўднаму волі, не навучыўшыся як след дыхаць напоўніцу, яна, прачнуўшыся аднойчы, убачыла на кані не шляхетнага рыцара, а боўдзіла з гумовым друком, адчула на сваім карку цяжар несвабоды. Ці няможна нам шукаць падабенства свайго становішча, свайго унутранага стану сёння, адчуванняў, спробаў дзеянняў з яго, каралеўскімі? Я не параўноўваю сябе з ім, як з каралеўскай асобай, у мяне няма намеру прыладкоўваць сабе ў думках карону, прымерваць плашч з гарнастаевай мантыяй, шаблю, я толькі магу зрабіць параўнанне як чалавека з чалавекам, як гарадзенца з гарадзенцам. Урэшце ён быў творчай асобай, аўтарам, рэдактарам, выдаўцом.

Кароль наш не здраднік! Кароль наш ахвяра! Не верыце? Не хочыце задумвацца? Адварочваеце твары? Вам больш падабаецца здрадная маска? Давайце, давайце, начапіце сабе, замяніце часова твар маскай здрадніка! Кожны можа уявіць сабе яе па-свойму, але — абсалютна канкрэтная дэталь — гэта маска здрадніка-караля, не абы-якога. Знаю-знаю, вам яе ўявіць значна лягчэй, непараўнаўча! У вас, даруйце, адбітак у мазгу — гэтыя, ясна, няшчырыя вочы, гэтыя скрыўленыя вусны, вусікі, вам нічога прыдумваць не трэба, напружваць лішне галаву. З ахвярай, зрэшты, таксама не зашмат клопату, маска ахвяры вам таксама добра-добра вядомая, не толькі ў чорна-белай кінахроніцы, напрыклад, вы самі ахвяры на кожным кроку, часам дробныя ахвяры і, хай несвядома, вам не хочацца браць у рукі менавіта гэтую маску, бо яна можа прырасці і ўнутранае зробіцца вонкавым натрывала. Па-другое, вельмі зручна: герояў, здраднікаў, ахвяраў лічаць паводле друкаваных, выбітых у чорным граніце літар, прысудаў, паводле клеймаў чорных, ад якіх рэзкі пах гарэлага мяса. Нязручны, непрыемны, прыкры, нясмачны, неядкі, араганцкі пах!

Фэ-фэ, ах, дзе мой веер, а мая ружовая вада, мон шэр? Ніхто не задумваецца з той нагоды, што ахвяры робяцца катамі, а каты — ахвярамі, а героі-каты, героі-ахвяры? Кароль Станіслаў Аўгуст не быў героем, але не быў таксама здраднікам і — пагатоў — катам. А гэта не падабаецца, вой жа як не даспадобы. І я, хай толькі ў думках, апынаюся ў Новым каралеўскім палацы над Нёмнам у атачэнні прыдворнай публікі, навокал што я бачу? Фанабэрыю, пыху, самазадаволенасць. Так-так, манерніцы, крыўлякі, уздыхі, смяшкі, грымасы, твары — тэатральныя маскі. Ах, ім не падабаецца нос Сірано дэ Бержэрака! Іх, фэ, непрыемна здзіўляе, што кароль заўжды без парыка і ніколі не гуляе ў карты, ніколі, панове! Як можна не гуляць у карты, што ж яшчэ рабіць, як бавіць час, чытаць газету, якая выходзіць толькі раз на месяц? Кароль не любіць палявання. Невытлумачальная справа, дый годзе, дзівакаватая прыхамаць. Мне хочацца перарваць шаптанне, незычлівыя погляды, з’едлівыя чуткі. Я выгукаю: спадарыні і спадары, спадарства! Цішэй, далікатная просьба цішэй! Я хачу крыху пафехтаваць з любым з вас, хто зласліва называе Яго мосць караля здраднікам, хто п’е келіхамі яго віно, а яму жадае цыкуты. Мне ўсё роўна, любы хай выходзіць спадар, мы ссунем сталы, мы папросім аркестр памаўчаць. Мы не абавязкова да смерці будзьма дуэляваць, хай да першай крыві… Я пачынаю адчуваць, што не цалкам пераканаўчы, я хапаю ў лёце раптоўна птушку-думку — а ці шчыры я дарэшты, ці нагэтулькі зацяты, каб варушыць гістарычнае апалае лісце, спрабаваць выкрасіць іскру, запаліць свечкі ў кандэлябрах? (Тэатральшчына, ці не лепей устаць і змяшацца з ажыўленым ад уражанняў натоўпам?) Ці не трапіў я ў тэатр ценяў, ці не Балтазарава ноч сёння? Варта толькі задумацца хвілёва, засумнявацца, а навокал — лычы, пысы, яны грымаснічаюць, пачынаюць незадаволена рохкаць у мой бок. Божа мой, Божа мой! Азызлыя, нязграбныя, камічныя. Босх? Пітэр Брэйгель Старэйшы? Натоўпам вакол Хрыста пад цяжарам крыжа. Не чапай, не лезь пад колы, прэч! Мы яшчэ патанчым на ягоных костках!

Ці не адчуваў сябе Станіслаў Аўгуст ў бліскучай зале з аркестрам і танцамі ў атачэнні каварнага і падступнага непрыяцеля, з латамі пад вопраткай, з поўнымі калчанамі атручаных стрэлаў? І нават бяскрыўднае пудэлка на пудру, ці не з дурманным парашком з дамешкам беладоны, дзьмухнуць у твар, ніхто пабочны не заўважыць, не надасць асабліва ўвагі, заняты сабой: сваімі вачыма, вуснамі, іх выразам, сказамі, якімі яны напаўняюць абмежаванае паветра ў памяшканні… Кароль не заўзята кленчыць, не заўзята моліцца, не заўзята цалуе ногі распяцця! Тэатр-тэатр, ніякага сумневу, ён ведаў, што пастаянна навідавоку, што галоўная роля на сцэне — яму аддадзена як мішэнь на грудзях, што закулісная валтузня, каншахты (такога слова ён, зразумела, яшчэ не ведаў), што суфлёр, а яму не дазваляюць дзейнічаць без суфлёра, — здзеклівы, цынічны, ад якога шточас трэба чакаць падэсці. І, калі задумацца, ці шмат было ў моцы хрысціянскага Бога тут, у Горадні, якая з адлегласці выглядае што той Берлін калісьці, ці хай Парыж: чужынскія штандары, гербы, кукарды, ці не вярнуліся сюды богі антычныя — Белона, Зеўс, кульгавы шпэтны Гефест, не ведаю… увогуле, Сцыла і Харыбда, якія зусім не богі нават.

Павесіць караля, павесіць яго, павесіць! У еўрапейскім паветры, здавалася, луналі рашучыя жорсткія настроі. Здань шыбеніцы, — ці як рэчаісная магчымасць, ці як злавесны сымболь, яна прысутнічала ў свядомасці Станіслава Аўгуста. Але каб манархі вешалі манархаў, такога здарыцца бадай не магло, але страх быў, несвядомы, уяўны, хаця хутчэй яго чакалі б у горшым разе краты, каземат, і ніхто б не абараніў, гэта выклікала б толькі хвалю энтузіязму, трыумфавалі б перш тыя, за чыны якіх ён бы пацярпеў гвалтоўна, зазнаў бы прыніжэнне, здзек і пагарду. Яны гатовыя былі страціць краіну дарэшты, чаго пазбегчы не маглі, пагаршаючы сваімі дзеяннямі безразважнымі, абы з яго дэтранізацыі назлацешыцца. Чым горш, тым лепш! Заўсёды знойдуцца такія людзі, у любым часе і ў любым месцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: