Астравец Сяргей
Шрифт:
У сапраўднасці, калі ноч цёмная, ты раптоўна прачнуўся і спрабуеш рацыянальна разважыць хімеры сноў, каб, калі не адхінуцца, дык зрабіць карлікамі, каб здолець заснуць зноўку, так, і ў спакойнай дзённай свядомасці бачыш шыбеніцу ў нявызначаным падворку ці то замка, ці то кляштара або нават зусім у лесе, па-за вачыма, памост, нібы-брама і — пятля. Для цябе. Кароль не проста панікаваў, не проста даваўся страху апанаваць, жаданне гэтае скразіла, ён ведаў, з памфлетаў і карыкатур, з закулісных чынаў. Ён дапускаў, што можа апынуцца на шыбеніцы, калі канфедэраты выкрадуць яго альбо калі яны раптам перамогуць, чаго, зрэшты, здарыцца не магло. Здань вісельні ўзнікла яшчэ раз, калі яго трымалі ў сталічным замку пад аховай, як пачалася інсурэкцыя. Казалі, што баяцца за яго жыццё, але яму здавалася, што ён — козыр, важная карта ў гульні, якую трымаюць, яшчэ не ведаючы як удасца выкарыстаць, проста чакаючы, як пачнуць разгортвацца падзеі, не ведаючы наперад, але бадай не маючы занадта каляровых ілюзій. Расейскі амбасадар зацята лічыў: нішто не адбываецца без Яго каралеўскай згоды, што да ўсіх падзеяў мае дачыненне кароль, нават калі ён у ценю, ці нябачны зусім, што за ўсімі спробамі ўзняць голаў суфлёр-кароль. Але ці гэта напраўду? Хто зараз дазнаецца? Напачатку інсурэкцыі гетмана Касакоўскага павесілі на віленскім пляцы Ратушным, прылюдна, на такое не забудзешся.
Праўда тая, што хатні арышт падчас інсурэкцыі ўзмацніў страхі і здані, але звыклая шыбеніца ў іх саступіла месца новамоднай французскай машыне проста з Парыжа, так-так, гільяціне. Ці быў хоць адзін манарх тады, які б міжволі не прымерваў у думках да сябе яе “каўнер”, у які кладуць галаву як ў велькія абцугі? Наўрад. Яна абурала, выклікала рэзкі пратэст, але й жах, абавязкова жах. Бо перш яе выпрабавалі на манаршых галовах. Ганебны памост, натоўп, галёканне, пачварная гаргара, вялізнае лязо, кош для галавы, ужо без кароны. Гільяціна Станіславу Аўгусту не пагражала, але страх існаваў. Нерэальна, каб яе даставілі ў сталіцу над Віслай цераз усе нямецкія дзяржаўкі і таксама нерэальна — морам, хутчэй яна трапіць можа ў заакіянскія Амерыканскія Штаты, якія падтрымлівалі французы. Такі дарунак, Божа мой! Салідарная пастава ўсіх манархаў у асуджэнні рэвалюцыі, у асуджэнні гільяціны… Гільяціна, аднак, рэч такая, што не можа стаяць-іржавець, яна працуе бездакорна-відовішчна, яна выклікае жах-захапленне ў гледачоў, ад яе сэрца на хвільку спыняецца, калі зрынаецца са свістам лязо згары, гільяціна дзейнічае паслухмяна кату — досыць націснуць падвагу, гільяціна выглядае злавесна-грандыёзна, але зусім простая ў карыстанні, даступная кожнаму, хто не зломак, якую неадольна хочацца падвастрыць, спраўдзіць яе працаздольнасць, яна гіпнатызуе. Гільяціна — сымболь новых дзеяў, рухомая аздоба пляцаў, якія вякамі паўтараліся вадалівамі, калонамі, трыумфальнымі брамамі, коннымі статуямі. Таўталогію плошчаў нечакана парушыў сучасны механізм, машына, не мармур.
Непрыяцеляў сваіх Станіслаў Аўгуст нездарма за якабінства ўшчуваў, яны ўпарта намякалі яму друкавана на лёс абезгалоўленага Людовіка. У іх прыклад быў у галовах, у свядомасці, у патаемных марах. Гільяціна на варшаўскім пляцы! Неабавязкова з Парыжа, на месцы зрабіць — невялікая праблема, абы чарцяжы. Як рэвалюцыйны чын, як сатысфакцыю, як гвалтоўны помнік завяршэння ганебнай эпохі караля-злачынцы, думалася ім. Стрыманасць, памяркоўнасць і разважнасць, за гэта яго люта не любілі. Бадай гэта ж вылучае сёння й нас, мы такія ж. На жаль, з моўніцы, як і тады, — нецярплівасць, непрыхільнасць, абвінавачанні. Як я разумею караля! Як нам яго сёння не хапае! Так-так, такі не мае шанцаў, але як хочацца бачыць інтэлігентны твар, разумныя вочы, шляхетнасць, вытрымку, дыпламатычнасць, павагу да іншых. Няўжо ў нашых слоўніках усё гэта канчаткова і безнадзейна мае пазнаку “архаічнае”?! Калі мова пра вяртанне высакародных людзей, то я манархіст самы шчыры! Вярніце нам нашага караля, Новы замак чакае, партыйнага кіраўніцтва даўно духу няма!
Але караля няма й больш не будзе, ёсць адно чалавек, які пэўна адчувае не толькі сімпатыю да яго, але і нейкім чынам падабенства, які нават напісаў кніжку пра Станіслава Аўгуста, што зусім не выпадкова, але якога не дапусцяць да стырна, дзе шляхетнасць лічыцца недарэчнай, несучаснай, шкоднай. Няма караля, адно згадкі ў траўні, пачынаючы з дня ўгодкаў той, колішняй канстытуцыі. Я сяджу на вялікім балконе гледачоў на дзвесце ў адрамантаваным тэатры, польскі консул запрасіў спевакоў Варшаўскай оперы ўспомніць канстытуцыю, якая рэальна ніколі не дзейнічала, надаць ёй правамоцнасць ніхто больш не думае, яна безнадзейна састарэла, дата, аднак, засталася. Святкаваць канстытуцыі гадавіну, якой ніхто не карыстаецца! Побач з Новым каралеўскім палацам, у якім, што праўда пад ціскам, прынялі потым яе эрзац — так званую Гарадзенскую, папярэдняя бо здалася суседзям празмерна смелай. Яна таксама, што не сакрэт, зусім не дзейнічала, стаўшы толькі сведчаннем працягу агоніі, адной з апошніх сутаргаў. Тэатр, так-так, насупраць дакладна славэтнай залы Сенатарскай, дзе адбываліся соймы.
Падмацаваць спевам тых, хто трымае ў памяці, хто не забываецца, прыехалі дзве салісткі, сапрана і меца-сапрана, адна бялявая, але не пекная, другая, маладзейшая, чарнявая як крывічы, з выразна нашым прозвішчам, яна табе з адлегласці і вышыні нагадвае агульна аблічча вядомай замежнай акторкі, трэба сказаць прыгожай. З імі бас і бас-барытон, яны супольна выконваюць патрыятычныя песні двухсотгадовай вытрымкі: пра канстытуцыю, пра інсурэкцыю, Станіслаў Аўгуст нечакана таксама ўзгадваецца, не толькі Касцюшка, прычым нейтральна. Свята! Не да абвінавачанняў. Варшаўскі канферансье запаўняе паўзы не ў патэтычным стылі, але ў жартоўным. Маўляў, любіў жаночы пол кароль апошні, яго й згубіла гэта, што зробіш, се ля ві… У падборы назваў адчуваецца асцярожная рука: ніхто не заклікае ваяўніча Дамброўскага крочыць неадкладна “до Польскі!” Напруга паміж Горадняй і Варшавай — рэч вядомая, яны разбегліся ў розныя бакі пасля скасавання Варшаўскага палітычнага хаўруса... Пад заслону адно “Не згіне ожэл бялы, не згіне польскі дух!” натхнёна спявае стоячы зала, я таксама стаю, але моўчкі, не маючы польскага духу, адкуль?! Бас з басам-барытонам вядуць рэй як мае быць у старашляхецкіх строях, якіх не любіў Станіслаў Аўгуст, толькі шабельку прывешай.
Так, любіў жанчын, менавіта, варта было, інакш яны давялі б да магілы, польскія патрыёты. Паслабляючы яго, яны паслаблялі нашу агульную тады краіну, бо ўмовы адметныя існавалі: то алей скончыўся, то патэльні не вымытыя, то чэрці лыка не вяжуць. Але жанчыны любілі не толькі караля, многім падабаліся смелыя, маладзейшыя і прыгажэйшыя за яго прамоўцы, якія з крытычнай зброяй рашуча рыхтаваліся да соймавых дэбатаў, вострачы языкі. Што ён мог парадзіць?! На галерэі зверху, калі збіраліся паслы, звычайна здаралася нямала жанчын, іх цікавілі гарачыя спрэчкі, і прамоўцы, так-так, кароль з прыкрасцю гэта бачыў, выступалі часта, каб абавязкова спадабацца жанчынам, яны ў актораў амаль ператвараліся, каб выглядаць адважнымі героямі-патрыётамі, спаборнічалі — хто самы рашучы прамоўца. Так было ў Варшаве, так было ў Горадні, кабеты сваёй цікаўнасцю, самой прысутнасцю і жывой рэакцыяй даволі нашкодзілі палітыцы караля, хай толькі ўскосна, што зробіш, жанчынамі кіруюць эмоцыі. Як напісаў паэт: “Мы кіруем светам, а намі кабеты, “нестэты”.
Горш, што эмоцыі кіравалі ягонымі праціўнікамі, а прысутнасць прыгожага полу прымушала фарсіць. Атрымаць захоплены позірк, паветраны пацалунак, ад цалавання ручак да ночы кахання… Адны і другія паводзіліся нібы ў тэатры. Дэпутаты натхніліся у французаў, начыталіся парыжскіх газет, брашурак — “свабода, роўнасць, братэрства”, “грамадзянскія вольнасці”, “правы асобы”, у іх існавалі два бзікі — любы ўрад будзе дрэнны, што ні рабі, і трэба абавязкова абмежаваць уладу караля. Ваеннае будаўніцтва ператварылася ў асабліва зацягненую гаварыльню з прысмакам фарсу. Стотысячнае лічбай войска выглядала адразу фата-марганай. Ніхто не верыў па-сапраўднаму, але ўсе спрачаліся, дбаючы перш пра асабістыя справы: якія наплечнікі сабе, якія — сваякам і прыяцелям, не прысутным на сойме, атрымаць пры галасаванні.
Войска заставалася на паперы, бедаваў пазней экс-кароль, а генеральскія шэрагі ўсё павялічваліся. Пасол С. тыдзень перашкаджаў пасяджэнням, пакуль не дамогся генеральскага звання для свайго заступніка, другі тры дні палкі ў колы ўторкваў, “лібераветстваваў”, пакуль не вырваў зубамі генеральскую вакансію. Плоцкі дэпутат, атрымаўшы маёра, пакрыўдзіўся з помстай — гамаваў пасяджэнні, пакуль не быў падвышаны. Як знайсці грошы, не ведалі, але бясконца спрачаліся, ці даваць белыя нагавіцы кавалерыйскія пяхоце таксама? Якія рабіць пасы са спражкай — аднолькавыя для шаблі, шпагі, цесака, ці адрозныя? Абгаворвалі падрабязна ледэрверкі, колер прыборнага металу, “маладзікі”-рынграфы для афіцэраў, флінтпасы, цемлякі, колер эпалетаў, каўнераў, лацканаў і нават аблямоўкі мундзіраў. Кожны прагнуў сказаць сваё слова. Відавочна дэпутатам вайсковая справа падабалася, злашча ў жаночай прысутнасці, запальнае абмеркаванне дазваляла часова забыцца, не зважаць прынамсі на патрэбу так наладзіць збор падаткаў, каб хапіла на ўсё, на гарматы з порахам таксама. Прасцей было зацвярджаць на паперы уяўныя харугвы, швадроны і рэгіменты па спісах — да прозвішча апошняга унтэр-афіцэра, нават калі іх яшчэ няма. Што ж, наш парламент таксама спрачаўся: чым замяніць агульныя варшаўскія, хаўрусніцкія зорачкі на пагонах памежнікам нашым, ды Нёманскай флатыліі, ды слаўным парашутыстам, але што зробіш — ва ўсіх арміях зорачкі аднолькава любяць — хто з сярпом-молатам, хто з арламі, львамі або з зорна-паласатым у спалучэнні.