Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Як бачым, падзеі пацвердзілі шырокія палітычныя амбіцыі Кейстута, якія былі выяўленнем яго імкненняў заняць вядучае месца ў дзяржаве. Менавіта з гэтага часу, а не з часу Міндоўга, пачынаецца паступовае ўзвышэнне літоўскіх (у сучасным значэнні гэтага слова, а тады — жамойціх) земляў. Кейстут і з’явіўся фактычна першым іх князем, аднак адзіным і нядоўгачасовым.

Як Кейстут выкарыстаў адсутнасць войск Ягайлы ў Вільні (яны былі пад Полацкам) для захопу ўлады, так цяпер зрабіў і Ягайла, выкарыстаўшы для захопу ўлады адсутнасць войск Кейстута. Гэтыя войскі былі накіраваны пад Ноўгарад-Северскі, дзе княжыў Дзмітрый-Карыбут, што аддаўся пад уладу Масквы. Загадана было туды ісці і Ягайлу. Аднак ён, забыўшыся аб сваёй прысязе Кейстуту «николи противу его не стояти и завжды в его воли быти», не пайшоў з Кейстутам, а стаў падбухторваць віленскіх мяшчанаў праз якіхсьці «слуг Гаставых», пад якімі некаторыя даследчыкі разумеюць нямецкіх мяшчанаў у Вільні. Сам жа Ягайла са сваім войскам прымчаўся з Віцебска ў Вільню, а адтуль пайшоў у Трокі, куды на злучэнне з ім ішлі прускія крыжакі. Не спадзеючыся вытрымаць такі націск, Трокі, якія быў рэзідэнцыяй Кейстута (таму туда і накіраваўся Ягайла), адразу здаўся. У сваю чаргу Кейстут, якому аб усім, што адбывалася, паведаміў Вітаўт, накіраваўся з-пад Ноўгарада-Северскага ў Гародню, дзе быў і Вітаўт.

Вітаўт паспадзяваўся на дапамогу свайго зяця Януша Мазавецкага. Аднак усё адбывалася наадварот. Януш Мазавецкі, карыстаючыся дзяржаўным замяшаннем у BKЛ, пайшоў з войскам у Берасцейскую зямлю, якой валодаў Кейстут, захапіў шэраг яе гарадоў (Берасце ўзяць не змог), пасля чаго вярнуўся назад, пакінуўшы ў Драгічыне і Мельніку свае гарнізоны.

Трэба заўважыць, што менаівта гэтыя падзеі добра высветлілі становішча Кейстута найперш як князя Жамойці. I таму зразумела, чаму ён у крытычны момант сабраў вакол сябе «усю Жамойцкую зямлю і войскі» і пайшоў да Вяллі, дзе хутка злучыўся з войскам Вітаўта і разам з ім падышоў да Трокаў і ўзяў замак у аблогу. Сюды ж з войскам прыйшоў і Ягайла, а таксама яго саюзнікі — прускія і лівонскія крыжакі. I вось калі абодва войскі падрыхтаваліся да бітвы, ад Ягайлы з’явіліся паслы, якія прапанавалі не ўступаць у бой і закончыць справу мірам, каб «ён (Кейстут) трымаў сваё, а мы (Ягайла) сваё». Паслы далі прысягу Вітаўту, якую ён прыняў. Прыняў яе і Скіргайла, які выступаў на баку Ягайлы. Далей гэтая прысяга была паўторана Кейстуту — што ні яму, ні яго сыну Вітаўту нічога благога не будзе зроблена, калі яны прыедуць да Ягайлы, каб заключыць мір. Аднак Ягайла парушыў прысягу. Калі Кейстут і Вітаўт з’явіліся да Ягайлы, ён прапанаваў ім паехаць у Вільню і там заключыць дагавор аб міры. Не прадбачачы нічога небяспечнага, Кейстут, гэтаксама як і Ягайла, распусціў сваё войска. Але пасля прыезду ў Вільню Ягайла захапіў Кейстута і Вітаўта, адправіў іх у Крэва і пасадзіў у вежу. На пятую ноч Кейстут быў задушаны. Захаваліся імёны князевых забоўцаў: імі былі каморнікі Ягайлы — Прокша, які даваў яму ваду, а таксама крыжак-манах Мостэр, Кучук і Лісіца Жабянцяй.

Так трагічна закончылася жыццё гэтага даволі даўгавечнага палітыка. Само сабой паўстае пытанне: выпадковым ці заканамерным быў такі канец? Ужо адзначалася тэндэнцыйнасць аўтара «Хронікі Быхаўца» ў паказе ўзаемаадносін Ягайлы і Кейстута, калі першы паўставаў выключна ў чорных фарбах, а другі — у светлых. На жаль, некаторыя гісторыкі (П. Бранцаў, В. Данілевіч) прымалі ўсё гэта за чыстую праўду і адпаведна характарызавалі памянёных асобаў. Але, нягледзячы на старанне ўсю віну за жорсткасці ўскласці на Ягайлу, хроніка не магла схаваць таго факта, што менавіта Кейстут пачаў барацьбу з Ягайлам, а не наадварот. Як ні распісвалася тут дабрыня Кейстута, хроніка тым не менш адзначыла, што ён загадаў узвесці на шыбеніцу Вайдылу.

Яшчэ невядома, ці адпавядае сапраўднасці тое, што Ягайла быў высланы спачатку ў Крэва, а потым у Віцебск, бо маюцца звесткі, што ён быў сасланы Кейстутам у Полацк, дзе прасядзеў у турме болей года. Ужо гэтыя схаваныя ўслужлівымі храністамі факты могуць сказаць аб іншым палітычным і чалавечым абліччы Кейстута. Таму ці такой ужо выключнай падзеяй з’яўляецца жорсткая расправа Ягайлы з Кейстутам. Успомнім, як Віцень у 1293–1294 г. жорстка расправіўся з жамойцкімі старшынамі, што паўсталі супроць яго і хацелі схіліцца на бок крыжакоў. Гэтак жа і Гедзімін бязлітасна абышоўся з тымі ж жамойтамі і іх важаком Пялюзам, якія таксама доўгі час супраціўляліся велікакняскай уладзе. Дык ці варта пасля гэтага здзіўляцца адступнасці і жорсткасці Ягайлы ў абыходжанні з Кейстутам.

Але калі Віцень і Гедзімін распраўляліся з жамойтамі за іх сепаратысцкія намеры, то Ягайла паўстаў супроць Кейстута за яго гегеманісцкія памкненні, а дакладней, за спробу вывесці Жамойць на першае месца ў дзяржаве. 3 гэтым Ягайла, як і ягоны бацька Альгерд, не мог згадзіцца, бо, будучы вялікім князем, найперш выяўляў інтарэсы ўсходніх, г. зн. беларускіх, земляў. Ягайла добра бачыў тую спрыяльную глебу, якая жывіла дзейнасць Кейстута, а менавіта жамойцкую язычніцкую партыю, што групавалася вакол Кейстутавай жонкі Біруты — заўзятай язычніцы і былой вайдэлоткі. Вось чаму Ягайла пакараў не толькі Кейстута, але і многіх жамойцкіх баяраў, а найперш род Біруты: яе дзядзька Відзімонт быў «на колах разбіты», а двум другім дзядзькам адсеклі галовы. Сама Бірута была прысуджана да ўтаплення ў Нёмане, але ёй удалося нейкім чынам вызваліцца ад кары, і яна памерла ў 1416 г. Праўда, тут гаворыцца, што ўсё гэта Ягайла рабіў, помсцячы за Вайдылу. Аднак зразумела, што пад гэтым, як і ва ўсёй гісторыі з Вайдылам, хавалася жорсткая палітычная барацьба за вядучае месца ў дзяржаве.

Усё адзначанае паказвае, што менавіта з Кейстута пачынаецца ўзвышэнне літоўскай (паўтараем: у сучасным значэнні гэтага слова, а тады — жамойцкай) часткі дзяржавы. Аднак яе імкненне выйсці на першае месца закончылася жорсткім паражэннем, што і вызначыла трагічны фінал жыцця Кейстута.

Ягайла i Вітаўт

Такі ж трагічны лёс чакаў і Вітаўта. Ён таксама быў прывезены ў Крэва з жонкаю, змешчаны ў асобным пакоі, дзе яго пільна вартавалі, аднак ім удалося ашукаць вартавых і выйсці з замка, пасля чаго князь уцякае да крыжакоў праз Берасце і Мазовію і прыбывае ў Прусію, дзе яго прыязна сустракае вялікі магістр ордэна Конрад.

Спачатку магістр Конрад Чольнер у адказ на просьбу Вітаўта дапамагчы яму ў барацьбе з Ягайлам зрабіў спробу прымірыць іх. У сваім лісце да Ягайлы ён у ліку іншага прасіў Ягайлу вярнуць хоць частку ўладанняў, што належалі Вітаўту. Аднак Ягайла адмовіўся і, у сваю чаргу, прасіў вялікага магістра не хваляваць жамойтаў, якія з’яўляюцца яго падданымі. Гэта для нас асабліва важна, бо паказвае, што па-ранейшаму для Ягайлы галоўным было захаваць пад сваёй уладай Жамойць (Жмудзь). Хоць ён і згадзіўся на сустрэчу з вялікім магістрам, аднак яна не адбылася, паколькі апошні не прыехаў ва ўмоўленае месца, а Ягайла не захацеў ехаць на новае месца. Пасля зрыву сустрэчы вялікі магістр піша Ягайлу ліст, у якім рашуча абвінавачвае яго ў прысваенні часткі Самагіціі (так па-лацінску называлася Жамойць-Жмудзь). Зноў, як бачым, жамойцкае пытанне выступае ў гэтым канфлікце як галоўнае.

I вось у жніўні 1380 г. вялікае крыжацкае войска, а таксама Вітаўт з жамойцкім атрадам увайшлі на тэрыторыю ВКЛ. Але крыжацкае войска, узяўшы Трокі і парабаваўшы ваколіцы, вярнулася назад. Па ўсім відаць, што для крыжакоў было больш важна парабаваць, чым дапамагчы Вітаўту. Адразу ж пасля адыходу крыжакоў Ягайла зноў займае Трокі, што зразумела, бо яны былі ключом да валодання Жамойцю.

Вядома, такі вынік крыжацкай дапамогі не мог задаволіць Вітаўта, але, каб разлічваць на далейшую падтрымку, ён павінен быў пайсці на чарговыя ўступкі і ахвяраванні. Калі першы раз ён згадзіўся (пры ўмове сваёй перамогі над Ягайлам) стаць васалам Ордэна, то цяпер даў абяцанне аддаць крыжакам Жамойць. Апроч таго, ён павінен быў ахрысціцца ў каталіцкую веру, што і адбылося 21 кастрычніка 1383 г.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: